Агляд прэсы: свята свавольства
Германія ўзмоцніць кантроль на польскай мяжы з-за Беларусі. Дроны атакуюць Маскву. Косава: што адбываецца? Правал турэцкай апазіцыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Германія сутыкнулася з новым усплёскам колькасці нерэгулярных мігрантаў, у асноўным з Сірыі і Афганістана праз нерэгулярную міграцыю на польскай мяжы. «Паліцыя за дзевяць месяцаў да сакавіка зафіксавала больш за 8 тысяч нелегальных перасячэнняў мяжы, звязаных з маршрутам мігрантаў з Беларусі ў Польшчу», – піша нямецкая газета Die Welt.
«Улады падазраюць, што большая частка міграцыі кіруецца беларускімі і расейскімі ўрадамі, каб выклікаць сацыяльныя парушэнні ў еўрапейскіх краінах, якія падтрымліваюць Украіну супраць уварвання Расеі. Адпаведна гучыць крытыка Беларусі за арганізацыю кантраляванага «міграцыйнага ціску». Германія і Польшча павінны сумесна супрацьстаяць гэтаму ўзмоцненымі мерамі тут на мяжы, але таксама з абодвух бакоў па той бок мяжы.
Ужо ў 2021 годзе Лукашэнка адкрыў межы сваёй краіны з Польшчай для мігрантаў у адказ на санкцыі ЕЗ пасля падаўлення ім паслявыбарных пратэстаў. Сітуацыя на польска-беларускай мяжы з тых часоў застаецца напружанай, мігранты часта затрымліваюцца паміж межамі Беларусі і Польшчы, і ні адзін з бакоў не выказвае жадання прыняць бежанцаў», – піша нямецкае выданне.
У аўторак, 30 траўня, у Маскве ў выніку нападу дронамі былі пашкоджаныя жылыя будынкі. Пацярпелых не было. Прэзідэнт Пуцін заявіў, што меў месца тэрарыстычны акт, абвінаваціўшы ва ўсім Украіну. Кіеў абверг абвінавачванні ў прамым дачыненні да інцыдэнту. Аглядальнікі дзеляцца сваімі меркаваннямі наконт наступстваў гэтай акцыі. «Недзе мы ўжо нешта падобнае бачылі», – піша чэшскі партал Reflex.
«Згодна з заявамі расейскіх уладаў, страты, нанесеныя двума дронамі, невялікія. Аднак насамрэч ён велізарны! Настолькі ж, наколькі велізарная была шкода, нанесеная калісьці маленькім самалётам, кіраваным дваццацігадовым пілотам-аматарам, які спакойна даляцеў на ім з Заходняй Нямеччыны да самай Масквы. Маціяс Руст не скідаў ніякіх бомбаў, ён усяго толькі прызямліўся ў сэрцы Расеі, на найсвяцейшай зямлі каля Крамля – на Краснай плошчы. Так дрэнна ішла справа з абаронай Савецкага саюза. У гэтым плане і сёння нічога не змянілася», – гіранізуе чэшскае выданне.
НАТА павялічвае свой кантынгент у Косава. Падраздзяленні СДК (Сілы для Косава) знаходзяцца там з 1999 года. Прычынай гэтага рашэння паслужылі беспарадкі, якія здарыліся ў рэгіёне за апошнія дні. Месяц таму ў Косава адбыліся муніцыпальныя выбары, аднак большасць этнічных сербаў іх праігнаравала. У выніку кіраўнікамі мясцовых адміністрацый былі абраныя прадстаўнікі албанскай абшчыны, толькі з невялікай перавагай і на фоне нізкай яўкі. «Еўропа ранавата вырашыла, што канфлікт вычарпаны», – піша італьянская газета La Stampa.
«Войны, адзначаныя міжнацыянальнай розніцай і прагай помсты, ніколі не спяшаюцца сыходзіць у мінулае. Мы ж, у сваю чаргу, ахвотна забываемся пра «дэталі» ці сама меней пра тое, што мы лічым адпаведна такім. Мы заўсёды спяшаемся перайсці да наступнага пункта парадку дня. Напрыклад, у тым духу, што «а хіба Косава не было паспяховай аперацыяй НАТА? А што, у дадзены момант у альянсу няма важнейшых спраў, чым уладжваць дробныя балканскія сваркі?». Захаванне статус-кво, замарожванне забабонаў, крыўд і прагі помсты: вось лінія, якой мы прытрымліваемся ў гэтай складанай і неспакойнай частцы свету. На жаль, эфектыўнасць такога падыходу з часам слабее», – папярэджвае італьянскае выданне.
Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган пераабраны на сваю пасаду на наступныя пяць гадоў. Наколькі гэтыя выбары былі сумленнымі і што іх вынік азначае для будучыні, сваімі разважаннямі наконт гэтага дзеліцца еўрапейская прэса. Апазіцыйны турэцкі партал T24 крытыкуе лідара апазіцыі за тое, што той не ўзяў на сябе адказнасць за правал на выбарах.
«Прамова Кылычдараглу, агучаная адразу пасля навіны пра ягоную паразу на выбарах, наглядна дэманструе наступнае: для таго каб займацца палітыкай у Турцыі, трэба адмовіцца ад некаторых рэчаў, у першую чаргу – сораму. Ніяк інакш нельга растлумачыць таго, чаму ён да гэтага часу, ужо пасля паразы на выбарах, працягвае паўтараць: «Мы працягнем нашу барацьбу, наш марш не скончаны, і мы – тут». Наогул ён павінен быў бы заявіць пра тое, што ўлетку пройдзе з’езд партыі, на якім ён вызваліць сваю пасаду для пераемніка. Замест гэтага ён нават не згадаў аб сваёй адказнасці за тое, што можа чакаць краіну ў бліжэйшыя пяць год», – канстатуе турэцкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя