Агляд прэсы: „Сябар сябра”



Лукашэнка запрашае Орбана ў Менск. Заходнія партнёры зноў штурхаюць Украіну да мірных перамоваў. Ізраіль просіць Нарвегію спыніць кантакты з ХАМАС. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка запрасіў прэм’ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана наведаць Беларусь у той час, калі краіна паглыбляецца ў ізаляцыю з-за ўдзелу ў вайне Расеі супраць Украіны. «Лукашэнка перадаў пасланне Орбану праз міністра замежных спраў Венгрыі Петэра Сіярта, які на мінулым тыдні здзейсніў другі візіт у Менск з пачатку поўнамаштабнай вайны з Расеяй», – адзначае ўкраінскае выданне The Kyiv Independent.

„Падчас візіту Сіярта Лукашэнка выказаў жаданне «абмеркаваць з Орбанам сур’ёзныя пытанні», дадаўшы, што ён адкрыты «да дыялогу з еўрапейскімі краінамі». Кіраўнік прэсы Орбана сказаў, што прэм’ер-міністр разгледзіць запрашэнне пасля вяртання з саміту Еўразвяза ў Брусэлі. Сіярта прыняў удзел у канферэнцыі «Еўразійская бяспека: рэальнасць і перспектывы ў свеце, які трансфармуецца». У беларускім МЗС адзначылі, што на мерапрыемстве закраналіся пытанні эканамічнай інтэграцыі і «адзінай архітэктуры еўразійскай бяспекі», «пагрозы і магчымасці», звязаныя з ядзернай зброяй, і «стратэгічная стабільнасць». Лідарка беларускай дэмакратычнай апазіцыі Святлана Ціханоўская раскрытыкавала візіт Сіярта, заявіўшы, што «не можа быць ніякай здзелкі з дыктатарам, які мае дачыненне да ваенных злачынстваў, выкраданняў дзяцей і тэрору супраць уласнага народа». Сіярта наведаў Менск яшчэ ў лютым, стаўшы першым высокапастаўленым чыноўнікам краіны-члена ЕЗ, які наведаў Беларусь пасля жорсткіх рэпрэсій рэжыму супраць грамадзянскай супольнасці ў 2020 годзе. Яго візіт выклікаў спрэчкі: крытыкі заявілі, што гэты крок супярэчыць падыходу ЕЗ да вайны Беларусі і Расеі. Вугорскі ўрад пад кіраўніцтвам Орбана крытыкавалі за падыход да Расеі і Беларусі на фоне вайны супраць Украіны. Орбан выступіў з некалькімі заявамі, у якіх крытыкуе дапамогу Захаду Украіне, санкцыі супраць Расеі і траекторыю краін у Еўропе і НАТА», – піша ўкраінскае выданне.

Прагрэс у контрнаступленні Украіны быў вельмі павольным, і надзея на тое, што Украіна дасягне значных поспехаў, у тым ліку дасягне ўзбярэжжа побач з лініяй фронту Расеі, знікае. Адсутнасць значнага прагрэсу на полі бою ва Украіне не дапамагае змяніць тэндэнцыю да зніжэння грамадскай падтрымкі адпраўкі дадатковай дапамогі. «Сілы Украіны сканчаюцца, а ў Расеі яны здаюцца бясконцымі, кажуць амерыканскія чыноўнікі. Прадстаўнікі ЗША і Еўразвязу пачалі абмяркоўваць з Украінай магчымыя мірныя перамовы з Расеяй з мэтай спыненьня вайны», – піша амерыканскае выданне Nbcnews.

„Ва ўрадзе ЗША ёсць занепакоенасць тым, наколькі менш грамадскай увагі прыцягнула вайна ва Украіне пасля таго, як амаль месяц таму пачалася вайна паміж Ізраілем і ХАМАС. Чыноўнікі асцерагаюцца, што гэты зрух можа ўскладніць атрыманне дадатковай дапамогі для Кіева. NATO гатовы прапанаваць Украіне некаторыя гарантыі бяспекі, калі яна пачне перамовы з Расеяй. Такія абмеркаванні пачаліся, згодна з крыніцамі, на фоне занепакоенасці ЗША і Францыі, што вайна зайшла ў тупік. Па словах чыноўнікаў, ва Украіны ёсць час да канца гэтага года альбо крыху больш, пасля чаго распачнуцца «тэрміновыя дыскусіі пра мірныя перамовы». Публічна прадстаўнікі ЗША аспрэчваюць, што падштурхоўваюць Украіну да перамоваў і што такія абмеркаванні ўвогуле вядуцца», – падкрэслівае амерыканскае выданне.

У ліпені 1973 года агенты Масада ліквідавалі ў рамках аперацыі «Гнеў Божы» ў нарвежскім Лілехамеры мараканца Ахмеда Бушыкі. Гэта быў адзін з найбуйных правалаў у гісторыі ізраільскіх спецслужбаў: Бушыкі быў забіты па памылцы, яго прынялі за Алі Хасана Саламе, арганізатара захопу ізраільскіх спартоўцаў падчас Алімпіяды ў Мюнхене ў 1972 году. «З таго часу адносіны Ізраіля і Нарвегіі складаюцца даволі складана, а ў самой скандынаўскай дзяржаве вельмі распаўсюджаны прапалестынскія настроі», – піша мясцовая газета Dagbladet.

„Нарвегія – гэта, мабыць, адзіная еўрапейская краіна (акрамя Расеі, зразумела), якая адкрыта падтрымлівае кантакты з ХАМАСам і не збіраецца разрываць іх нават у сённяшняй сітуацыі. Амбасада Ізраіля просіць Міністэрства замежных спраў спыніць усе кантакты з ХАМАС. Міністэрства замежных справаў, са свайго боку, заяўляе, што будзе працягваць кантакты. Прынамсі Міністр замежных спраў Нарвегіі нагадаў, што ў сілу шматгадовага ўдзелу Нарвегіі ў ізраільска-палестынскім канфлікце і прысутнасці ў рэгіёне, у краіны ёсць шмат кантактаў з суб’ектамі на Блізкім Усходзе, у тым ліку з ХАМАС. «Нарвегія можа самым рашучым чынам асудзіць тэрарыстычныя акты такіх груповак, нават калі яны маюць з імі кантакт. У нашым дыялогу з ХАМАС мы выразна перадалі сваё рашучае асуджэнне іх агідных тэрарыстычных актаў супраць мірнага насельніцтва ў Ізраілі. Мы выразна заявілі, што акты гвалту павінны быць неадкладна спынены, што закладнікі павінны быць вызваленыя, што грамадзянскія асобы будуць абаронены і што гуманітарны доступ будзе прадастаўлены», – цытуе міністра нарвежскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя