Агляд прэсы: “Танк у кустох”
Найбуйнейшы ў Еўропе банк абмяжуе камерцыйныя плацяжы з Расеі і Беларусі. Чаму ў Італіі іржавеюць 96 танкаў Леапард, прызначаных для Украіны? Кітай прэтэндуе на частку Расеі як на сваю. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Найбуйнейшы ў Еўропе банк HSBC абмяжуе камерцыйныя плацяжы з Расеі і Беларусі, паколькі сетка санкцый Захаду пашыраецца на фоне працяглай вайны Масквы ва Украіне. Канфлікт, які працягваецца ва Украіне, прывёў да беспрэцэдэнтнага аб’ёму санкцый і гандлёвых абмежаванняў, уведзеных супраць Расеі і Беларусі», – піша міжнароднае эканамічнае выданне The National News.
«Нягледзячы на тое, што еўрапейскі банк HSBC прыняў шмат мераў для выканання дзеючых нарматыўных абавязацельстваў, увесці ў дзеянне гэтыя складаныя абмежаванні ва ўсім свеце становіцца ўсё больш складана. Расея сутыкнулася з рознымі этапамі заходніх санкцый пасля нападу на Украіну, які пачаўся ў лютым мінулага года. ЕЗ, ЗША і іншыя заходнія партнёры адключылі шэраг расейскіх банкаў ад глабальнай сістэмы міжбанкаўскіх плацяжоў Swift неўзабаве пасля ўварвання ва Украіну. Гэта абмежавала доступ краіны да фінансавых рынкаў па ўсім свеце. Swift апрацоўвае больш за пяць мільярдаў фінансавых даручэнняў у год, падтрымліваючы хуткія і бяспечныя транспамежныя плацяжы і забяспечваючы бесперашкодны міжнародны гандаль. У ліпені ЗША таксама ўнеслі больш за 120 кампаній з Расеі ў свой санкцыйны чорны спіс за меркаваны ўдзел у вайне. Меры накіраваныя на тое, каб абмежаваць доступ Масквы да прадуктаў, якія падтрымліваюць яе ваенныя намаганні, а таксама падарваць яе энергетычны патэнцыял, паменшыць яе доступ да міжнароднай фінансавай сістэмы і пазбавіць Расею тэхналогій. Разам з гэтым пад такі ціск трапляе і Беларусь», – падсумоўвае міжнароднае выданне.
Швейцарскія журналісты знайшлі пад італьянскім Трыестам «могілкі танкаў Leopard-1». Танкі (а іх 96 штук) належаць швейцарскаму канцэрну RUAG і знаходзяцца ў вельмі дрэнным стане. «Выкарыстоўваць іх у баявых дзеяннях у актуальным стане нельга, у лепшым выпадку яны могуць пайсці на запчасткі. І тым не менш нямецкі канцэрн Rheinmetall (вытворца «леапардаў») готаў быў купіць гэтыя танкі, адрамантаваць (у рамках дзяржзамовы) і адправіць ва Ўкраіну. RUAG на ўгоду не пайшоў, каб не парушаць прынцыпы швейцарскага нейтралітэту», – сочыць за сітуацыяй нямецкая газета taz.
«Мясцовыя жыхары даўно ведаюць пра вялізныя могілкі танкаў на ўскрайку муніцыпалітэта Вілесе, а цяпер і швейцарскі тэлеканал RSI распавядае, што гэта за танкі. Фактычна танкі павінны былі пакінуць тэрыторыю да канца 2017 года. Але справа становіцца яшчэ больш заблытанай: Aargauer Zeitung паведамляе, што няўрадавая арганізацыя Opal, якая спецыялізуецца на палітыцы бяспекі, пасля ацэнкі афіцыйных дакументаў урада Італіі прыйшла да высновы, што ўрад Італіі наогул не ўдзельнічаў у здзелцы з танкамі. Расея таксама выкарыстоўвае састарэлыя мадэлі танкаў, таму старыя баявыя машыны могуць дапамагчы Украіне», – заклікае нямецкае выданне.
Міністэрства зямельных і прыродных рэсурсаў КНР выпусціла новую «нацыянальную карту Кітая». Карта выкарыстоўваецца ў школах і ўніверсітэтах Кітая. І Тайвань, і Тыбет пазначаны на ёй як частка Кітая. Аналагічны лёс напаткаў і індыйскі штат Аруначал-Прадэш і спрэчны прыгранічны рэгіён Аксайчын. Да Кітая карта адносіць таксама востраў Вялікі Усурыйскі (цалкам) на рацэ Амур, які фармальна падзелены паміж Расеяй і Кітаем. «Індыя ўжо выказала сваю незадаволенасць з нагоды новай кітайскай карты, а вось Расея загадкава маўчыць. Пуцін, чый Вялікі Усурыйскі?», – задаецца пытаннем нямецкаае выданне Redaktions Netzwerk Deutschland.
«Прэтэнзіі Кітая могуць прывесці да новай эскалацыі памежнага канфлікту паміж дзвюма ядзернымі дзяржавамі: яшчэ ў 2020 годзе ў Гімалаях адбыліся баі паміж індыйскімі і кітайскімі салдатамі, у якіх загінулі не менш за два дзясяткі чалавек. Расейска-кітайскі памежны канфлікт мог скончыцца куды горш дзесяцігодзьдзі таму. На Захадзе малавядомы «Усурыйскі інцыдэнт» 1969 года. Але, як цяпер добра задакументавана гісторыкамі, Кітай і Савецкі Саюз у той час толькі ледзь-ледзь пазбеглі ядзернага канфлікту. Расею, Кітай і Паўночную Карэю аб’ядноўвае непрыманне заходніх дэмакратый. Аб супрацоўніцтве ў Пхеньяне і Маскве можна казаць шмат, але ў Пекіне сітуацыя некалькі больш складаная. Сі Цзіньпін, безумоўна, зацікаўлены ў тым, каб паўночнага суседа трымаць на кароткім павадку як палітычна лаяльную васальную дзяржаву. Але ён таксама будзе сачыць за тым, каб сістэма Пуціна заставалася стабільнай – крах дзеючага ўрада быў бы найгоршым з магчымых сцэнарыяў для Кітая, у рэшце рэшт, яны падзяляюць нацыянальную мяжу працягласцю больш за 4000 кіламетраў», – канстатуе нямецкае выданне.
Спякота, засуха, пажары, паводкі. Еўропа пакутуе ад частых анамальных з’яў надвор’я і стыхійных бедстваў. Прэса піша пра тое, што было прапушчана, і пра тое, што трэба зрабіць для хуткага і эфектыўнага супрацьдзеяння наступствам кліматычных змен. Грэчаскае выданне HuffPost Greece наракае на кліматычныя пагрозы турыстычнаму сектару.
«Стыхійныя бедствы пачашчаюцца і становяцца больш інтэнсіўнымі. Парушэнне кліматычнай раўнавагі, якое склалася, уносіць свой унёсак у тое, што завецца «доўгатэрміновым крызісам». Да тэмы: кліматычная катастрофа моцна стукне па эканоміках такіх краін, як Грэцычя. Яшчэ да пачатку пажараў у Эўросе страхавая кампанія Allianz апублікавала ацэнку, паводле якой перыяды спякоты і наступныя пажары будуць каштаваць Грэцыі 0,9 адсоткі ВУП. Брытанскі часопіс The Economist таксама апублікаваў падрабязны матэрыял аб тым, што турыстычная галіна, гэтак развітая на поўдні Еўропы, знаходзіцца пад пагрозай», – папярэджвае грэчаскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка