Агляд прэсы: тэсты на згуртаванасць
Расея і Беларусь ствараюць новы СССР і заклікаюць былыя савецкія краіны далучыцца. Новыя пагрозы Газпрама. Ці дапаможа Англія Украіне? Турцыя: Асман Кавала прысуджаны да пажыццёвага зняволення. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін і прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка плануюць умацаваць «Саюзную дзяржаву», што прадугледжвае цеснае супрацоўніцтва паміж дзвюма незалежнымі дзяржавамі для прыцягнення іншых краін у наднацыянальную арганізацыю», – цытуе беларускія дзяржаўныя СМІ амерыканскае выданне Newsweek.
„Сярод іншага паказальнай з’яўляецца сустрэча Лукашэнкі з губернатарам Варонежскай вобласці Расеі Аляксандрам Гусевым, дзе яны абмеркавалі зацікаўленасць у далейшым развіцці супрацоўніцтва Беларусі і Расеі. І хаця спадарожныя сустрэчы паведамленні беларускага інфармацыйнага агенцтва пакуль не пацверджаны ні расейскімі СМІ, ні ўладамі Беларусі і Расеі, аднак наступны выраз выклікае занепакоенасць далейшым лёсам Беларусі і падобных да яе краін: «Мы будуем адзіную Саюзную дзяржаву на новых прынцыпах, каб суверэнныя незалежныя дзяржавы — Беларусь і Расея — працягвалі развівацца. Упэўнены, што гэты саюз прыцягне да сябе і іншыя рэспублікі былога Савецкага Саюза», – працягвае адсочваць сітуацыю амерыканскае выданне.
***
Услед за спыненнем паставак газу Балгарыі і Польшчы Масква прыгразіла, што перакрые кран і іншым краінам, калі тыя адмовяцца выконваць яе патрабаванне аплаты газу ў рублях. Старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен у сваю чаргу заявіла, што кампаніі, якія падпарадкуюцца патрабаванню, сутыкнуцца з санкцыямі з боку Еўразвязу, паколькі гэта стане парушэннем санкцыйнага рэжыму, уведзенага супраць Расеі. Еўрапейскія СМІ занепакоеныя тым, што ў шэрагі ЕЗ можа быць унесены раскол.
«Пуцін ужо які раз дзейнічае па прынцыпе «падзяляй і пануй», – адзначае славацкая газета Sme.
«Тэрміны аплаты газу ва ўсіх еўрапейскіх кліентаў розныя. Гэта дае Крамлю магчымасць весці сваю «гульню» з рознымі краінамі і газавымі кампаніямі, гульню, якая нацэлена на тое, каб абавязкова прадушыць патрабаванні па аплаце газу ў рублях. Патрабаванні гэтыя супярэчаць заключаным дагаворам, і маюць на мэце аслабіць ужо ўведзеныя санкцыйныя механізмы. У той жа самы час гэтая гульня забяспечвае пуцінскаму рэжыму зручную палітычную прыладу, якая дазваляе яму падарваць адзінства ЕЗ і пасеяць недавер паміж краінамі супольнасці», – піша славацкае выданне.
***
У аўторак па ініцыятыве Вашынгтона на авіябазе ЗША Рамштайн у ФРГ адбылася сустрэча з удзелам прадстаўнікоў больш чым сарака краін. Удзельнікі сустрэчы прадэманстравалі рашучую падтрымку Украіне ў яе барацьбе з расейскай агрэсіяй. Да прыкладу, Лондан мае намер перадаць Украіне баявыя самалёты. Брытанская газета The Times падтрымлівае такое рашэнне ўраду краіны.
«Для Захаду жыццёва важна згуртавацца для таго, каб дапамагчы законнаму ўраду ў Кіеве. Па меры развіцця гэтага канфлікту трэба чакаць новых гучных фраз і пагроз з боку Пуціна, і члены НАТО павінны быць гатовы павысіць стаўкі. Замест таго, каб пастаянна запэўніваць Крэмль у тым, чаго яны не будуць рабіць, яны павінны даць зразумець, што іх ваенная падтрымка Украіны і санкцыі супраць расейскай эканомікі будуць працягвацца да таго часу, пакуль Кіеў не палічыць сваю ваенную мэту дасягнутай», – адзначае брытанскае выданне.
***
Турэцкі суд прысудзіў праваабаронцу і мецэната Асмана Кавалу да пажыццёвага зняволення па абвінавачанні ў спробе зрынуць урад. Сем іншых абвінавачаных, якім ставілася ў віну падтрымка Кавалы, атрымалі пакаранне ў выглядзе турэмнага зняволення тэрмінам 18 гадоў. Прысуд выклікаў найшырэйшы рэзананс ва ўсім свеце.
«Сяброўства ў Радзе Еўропы накладае абавязальніцтвы», – піша французская газета France Inter.
«Свет змяніўся, і такі чалавек, як Рэджэп Тайіп Эрдаган, гэта вельмі добра зразумеў. Тым не менш, мультыпалярны свет, у якім такія краіны, як Турцыя, безумоўна, маюць сваё месца, не павінен азначаць, што не існуе ніякіх правілаў. Захаванне прынцыпу вяршэнства права – складовая частка падмурка каштоўнасцяў, якім кіруюцца краіны-сябры Рады Еўропы. І прэзідэнт Эрдаган не можа проста так, без усялякіх наступстваў, ад гэтага адмахнуцца. Пуцінская Расея пасля ўварвання ва Украіну пакінула Савет Еўропы. Няўжо Эрдаган жадае, каб Турцыя таксама папоўніла шэрагі выгнаных? Абуральны прысуд у дачыненні да Асмана Кавалы якраз можа да гэтага прывесці», – папярэджвае французскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.