Агляд прэсы: толькі для сваіх



Свабодная Беларусь: Захаду трэба паказаць рашучасць і бясстрашнасць перад Пуціным. Што высветлілі СМІ пра сачэнне пры дапамозе Pegasus? Талібы ў якасці новых суседзяў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

 Амерыканскае выданне Just Security вітае першы візіт Святланы Ціханоўскай у Вашынгтон спецыяльным артыкулам на першых старонках.

«Мінулым летам свет з захапленнем назіраў, як сотні тысяч грамадзян паўсталі ў нацыянальна-дэмакратычным руху ў Беларусі, каб пазбавіць краіну ад Лукашэнкі. Праз год, калі рэпрэсіі абвастраюцца, Лукашэнка застаецца ва ўладзе і кідае выклік Захаду. На гэтым фоне Ціханоўская заслугоўвае поўнай падтрымкі адміністрацыі Байдэна, чаго не хапала да гэтага часу», адзначае амерыканскае выданне.

Just Security наракае на тое, што адміністрацыя Байдэна відавочна спазнілася з запрашэннем Ціханоўскай у ЗША і не праявіла выразнага палітычнага меркавання насуперак Пуціну: «Як не шкада, але адміністрацыя Байдэна праігнаравала заклікі запрасіць Ціханоўскую прыняць удзел у нядаўнім саміце G7 у Еўропе альбо сустрэцца з ёй у Бруселі падчас самітаў ЕЗ і НАТА, калі на іх прысутнічалі іншыя лідары па-за межамі гэтых груповак».

«Ніхто не верыў, што Польшча можа стаць свабоднай, калі польскія рабочыя паўсталі ў 1988 годзе. Цяпер Байдэн павінен заняць выразную і прынцыповую пазіцыю і прыняць рэальную палітыку свабоды Беларусі. Зрабіце афіцыйную сустрэчу з Ціханоўскай у Белым доме і прызнайце яе законным дэмакратычным прадстаўніком Беларусі. Такая палітыка таксама павінна даць зразумець Пуціну, што Захад не лічыць Беларусь суб’ектам расейскага кантролю», –  заклікае аналітычнае амерыканскае выданне.

У выніку правядзення міжнароднага расследавання стала вядома, што ўрады розных краін выкарыстоўвалі шпіёнскае праграмнае забеспячэнне пад назвай Pegasus для вядзення сачэння за журналістамі, актывістамі і апазіцыянерамі.

«Праблема з Pegasus існуе ўжо даўно», адзначае італьянская газета Il Manifesto.

«Пра гэта гавораць ужо не першы год. Аднак толькі сёння ЕЗ усвядоміў усе наступствы Pegasus – праграмнага забеспячэння, якое яго распрацоўшчык, ізраільская кампанія NSO, са згоды ізраільскіх ведамстваў перадаваў урадам і рэжымам усяго свету і якое выкарыстоўваецца тымі для сачэння за журналістамі, палітыкамі, праваабаронцамі і супернікамі. Аднак нішто не паўплывала на пазіцыю «заходніх дэмакратый»: ні даклады міжнародных НДА, ні выкрыццё і даносы, ні нават той факт, што для забойства апазіцыйнага журналіста Джамаль Хашогі, здзейсненага ў 2018 годзе, саудаўскія спецслужбы выкарыстоўвалі ў тым ліку і інфармацыю, сабраную пры дапамозе сістэмы Pegasus. Толькі цяперашняя публікацыя, якая з’явілася адразу ў 16 газетах, змагла выклікаць належную рэакцыю», запэўнівае італьянскае выданне.

„Ва ўсёй Цэнтральнай Азіі пануе трывога: сыход Захаду з Афганістану пакінуў вакуўм улады, у які цяпер праціснуўся «Талібан», піша нямецкае выданне Süddeutsche Zeitung.

«Талібы наступаюць і захопліваюць у Афганістане раён за раёнам. Пасля заканчэння 20-гадовай ваеннай місіі Захаду краіне цяпер пагражае захоп улады ісламістамі і, такім чынам, вяртанне да часоў 2001 года, калі Захад увайшоў у краіну, каб зрынуць тых самых талібаў. Самі талібы цяпер звярнулі сваю ўвагу на Кітай. Дапамога Пекіну на аднаўленне краіны і інвестыцыі з Кітая вельмі вітаюцца», –  піша выданне.

«Пытанне ў тым, наколькі Пекін прывабяць такія авансы. Бо з пункту гледжання Кітая, рост уплыву талібаў у Гіндукушы ўяўляе сабой рызыку, калі ўзмоцнены ісламізм распаўсюдзіцца на захад Кітая. Хаця талібы афіцыйны больш не прымаюць уйгурскіх сепаратыстаў, эксперты звяртаюць увагу на відавочную дыстанцыю і зандаванне глебы паміж краінамі», – гаворыцца ў артыкуле.

Нямецкае выданне адзначае, што ключавой дзяржавай для сітуацыі ў Афганістане застаецца Пакістан, апарат бяспекі якога па гістарычных прычынах валодае найбольш цеснымі сувязямі з талібамі ў Афганістане. Галоўны матыў Ісламабаду: адцясніць уплыў заклятага суперніка Індыі на Кабул.

Колькасць хворых на COVID-19 сярод задзейнічаных у Алімпіядзе асобаў перавысіла 70 чалавек. Як паведамілі ў аргкамітэце спаборніцтваў, толькі за апошнія дні каронавірус выявілі ў дзевяці чалавек. Сярод іх – адзін атлет, валанцёр і сем прадстаўнікоў падрадчыкаў Гульняў. Такая колькасць інфікаваных пагражае не толькі спартсменам, але і ўсёй Японіі, бо ў краіне пакуль невысокія тэмпы вакцынацыі.

«Так званая «бурбалка», якая павінна была абараніць спартсменаў ад каронавірусу, лопнула яшчэ да пачатку Гульняў. Кашмарны сцэнар спартыўных чыноўнікаў становіцца рэальнасцю. Арганізатары не збераглі ад COVID-19 Алімпійскую вёску», піша амерыканская газета USA Today.

«Станоўчы тэст здала амерыканская гімнастка, якая была вакцынаваная двума кампанентамі вакцыны Pfizer. Усё гэта выклікае сур’ёзны непакой, бо амерыканская каманда на чале з суперзоркай спартыўнай гімнастыкі Сымон Байлз – фаварыты Алімпіяды», непакоіцца амерыканскі часопіс The Wall Street Journal. Выданне піша пра тое, што японская грамадскасць з глыбокай насцярожанасцю ставіцца да Алімпійскіх гульняў, баючыся ўспышкі COVID-19. «Японія не ў стане кантраляваць перамяшчэння грамадзян, не можа забяспечыць адэкватнае тэставанне на мяжы, а хоць бы адным кампанентам прышчэплены ўсяго 33% насельніцтва. А гэта азначае, што Алімпіяда толькі ўзмоцніць распаўсюджванне небяспечнага «дэльта» -штаму», робіцца выснова ў артыкуле.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка