Агляд прэсы: Толькі для сваіх



У Беларусі ладзяцца чарговыя ваенныя вучэнні. Тысяча ATACMS зменяць хаду вайны ва Украіне, але не сёння. Выбар грэчаскіх «левых». Брытанскія хібы клімату. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«На тэрыторыі Беларусі праходзяць вайсковыя вучэнні, актыўная фаза запланавана на 22 і 26 верасня», – паведамляе міжнароднае выданне En.Defence-ua.

«У адказ з боку Украіны за мінулы тыдзень выкапана больш за 3 тысячы метраў акопаў і траншэй, каля 2,5 тысячы метраў супрацьтанкавага рова, устаноўлена больш за 2 тысячы адпаведных мін. Украіна назірае за ўсім, што адбываецца ў Беларусі, з-за мяжы і працягвае паралельную работу па павышэнню ўласнай абароназдольнасці, каб у выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый украінскія войскі былі заўсёды гатовы да адэкватнага рэагавання на намеры праціўніка», — інфармуе міжнароднае выданне.

У найбліжэйшым пакеце дапамогі ад ЗША адсутнічаюць ракеты ATACMS. Як заявіў дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван, Джо Байдэн не зняў гэты запыт Украіны з парадку дня ў будучыні. Аднак цяпер Штаты вырашылі не перадаваць ATACMS Украіне. «ATACMS для нас – наступная пасля F-16 «вяршыня» наменклатуры патрэбнага нам узбраення, якую павінны пераадолець», – заўважае украінскае выданне Unian.

«Як працуе сістэма прыняцця рашэнняў у ЗША? У іх ёсць людзі, якія распрацоўваюць рашэнні, людзі, якія прымаюць рашэнні, і людзі, якія выконваюць рашэнні. Тыя, хто рашэнні распрацоўваюць, сваё слова сказалі. Дзярждэпартамент і Пентагон сказалі вычарпальна – даваць ATACMS. Але рашэнне прымае аднаасобна Байдэн. Але і пілоты F-16 ужо рыхтуюцца. ATACMS – гэта важная балістычная ракета, якая рухаецца вельмі хутка, нашмат хутчэй Storm Shadow, якія мы ўжо ўжываем. І калі Storm Shadow можна збіць, то ATACMS збіць амаль немагчыма. У амерыканцаў на складах каля чатырох тысяч гэтых ракет. Перадача Украіне ATACMS змяніла б хаду вайны вельмі хутка і якасна. Бярэм паўднёвы плацдарм, бярэм Токмак, тое ж тычыцца Мелітопаля – некалькі дзясяткаў такіх ракет, і вазіць ворагу няма чым, без забеспячэння расейцы не могуць ваяваць. Але гаворка ідзе і пра колькасць ATACMS. Дзесяць ракет нічога не вырашаюць. А пяцьсот тысяч ракет – ужо вырашаюць. І гэтыя ракеты ў ЗША ў такой колькасці маюцца», – нагадвае ўкраінскае выданне.

Грэцкая левая партыя СІРЫЗА праводзіць выбары старшыні. Падчас першага тура перамогу нечакана атрымаў навічок – Стэфанас Касэлакіс, амерыканскі бізнесмен родам з Афін. Сваю перавагу яму аддалі амаль 45 працэнтаў са 146 тысяч членаў партыі, якія прагаласавалі. На другім месцы – экс-міністр працы Эфі Ахцыёглу, якая атрымала каля 36 працэнтаў галасоў. Другі тур галасавання адбыўся ў нядзелю. «Адсутнасць надзеі ў выбаршчыкаў – вось у чым крыецца сакрэт магчымага поспеху Каселакіса», – сцвярджае грэчаскі партал New247.

«Выбаршчыкі партыі СІРЫЗА знаходзяцца ў фрустрацыі, яны на мяжы роспачы. У роспачы выбаршчыкі не чуюць нікога і нічога. Абраны імі кандыдат не мае ніякага дачынення да левага руху? Ды якая розніца! Ім дастаткова таго, што сёння ён заяўляе ім: «Я змагу перамагчы». Тым, хто заграз у роспачы, такія словы, як бальзам на душу, нават калі яны ў іх і не вераць. Ім дастаткова таго, што ў сваёй роспачы яны знайшлі нешта, за што можна ўчапіцца, убачылі хоць нешта, у што можна паверыць», – іранізуе грэчаскае выданне.

Прэм’ер-міністр Рышы Сунак аб’явіў пра паслабленні ў справе дасягнення кліматычных мэт, якія раней паставіла перад сабой Вялікабрытанія. Запланаваная забарона на продаж новых аўтамабіляў на дызелі або бензіне будзе адкладзена на пяць гадоў – да 2035 года. «Гэтай зменай курсу Сунак дэманструе прагматызм, які выгадна адрознівае яго ад сваіх папярэднікаў», – заяўляе брытанская газета The Times.

«Менавіта Борыс Джонсан, які жадаў выступіць вядомым дзяржаўным дзеячам-першапраходцам падчас падрыхтоўкі Вялікабрытаніі да правядзення кліматычнага саміту Cop26 , настаяў на ўвядзенні забароны на новыя бензінавыя і дызельныя аўтамабілі – з апярэджаннем на цэлыя дзесяць гадоў. Менавіта Тэрэза Мэй у апошнія тыдні свайго тэрміну вяла бязладныя 90-хвілінныя парламенцкія дэбаты, па выніках якіх у заканадаўстве была замацавана юрыдычнае палажэнне, якое абавязвае дасягнуць мэту кліматычнай нейтральнасці да 2050 году. Абодва гэтыя рашэнні вельмі красамоўна характарызуюць палітычную культуру, якая ўпарта закрывала вочы на ўсе выдаткі такой палітыкі, якая карэнным чынам зменіць эканамічны ландшафт нашай краіны», – адзначае брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя