Агляд прэсы: толькі паўстанне
«Ніхто не хоча быць малодшым братам»: Беларусь, Расея і Украіна – непрацуючая сямейная схема. Расейскія зверствы ў Бучы – якія будуць наступствы? Выбары ў Сербіі: ля руля Аляксандр Вучыч. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
«Чаму Украіна, Расея і Беларусь, народы, якія так цесна звязаныя адзін з адным, развіваліся такімі рознымі шляхамі? Адказ вельмі просты: гэтая блізкасць была моцна перабольшана Масквой, а насамрэч яны ўсе зусім розныя. Гэта менавіта тое, што мы бачым сёння: Зяленскі прапануе дыялог, але Пуцін не можа прыслухоўвацца да чужога пункту гледжання. Расея любіць маналогі, Украіна любіць спрэчкі, а Беларусь любіць маўчанне», – піша брытанская газета The Guardian.
«У вачах Крамля кожны, хто гаворыць па-расейску, — патэнцыйны падаткаплацельшчык. Беларусь і Украіна па-рознаму спрабавалі вырашыць гэтую праблему. Украінцы рашуча вырваліся са шчыльных «сямейных абдымкаў», пляснуўшы за сабой дзвярыма, а беларусы лічылі, што калі працягваць «жыць з бацькамі, то плаціць за арэнду не трэба». Лукашэнка, які прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе, не яркая асоба, а сапраўдная палітычная жывёла, ён вырашыў пабудаваць сваю кар’еру на савецкай настальгіі. У той час як украінскія палітыкі гулялі на надзеях свайго электарату, Лукашэнка палічыў за лепшае працаваць са страхам. Надзея дазваляе заставацца ва ўладзе на працягу аднаго тэрміну; страх – на пяць. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, пакуль ва Украіне змяняліся прэзідэнты, Лукашэнка паўтараў беларусам адну і тую ж мантру: «Пакуль я ваш прэзідэнт, вайны ў Беларусі не будзе». У краіне, якая за ўсю сваю гісторыю цярпела ў выніку чужых канфліктаў, гэтае абяцанне стала дзейсным заклёнам. Але ў 2022 годзе, выплаціўшы даўгі Пуціну, Лукашэнка ператварыў Беларусь у агрэсара, пакінуўшы ўласны народ цалкам разгубленым. Гэта добры ўрок: дыктатар ніколі не думае пра вас, дыктатар думае толькі пра сябе. Калі ты дамовішся з ім і будзеш маўчаць дзесяцігоддзямі, што б ні здарылася, аднойчы ён цябе падмане», – падкрэслівае брытанскае выданне.
Пасля вываду расейскіх войскаў з некалькіх населеных пунктаў пад Кіевам амаль штогадзіны з’яўляюцца новыя сведчанні зверстваў, учыненых акупантамі на раней занятых тэрыторыях: відавочцы паведамляюць аб пакараннях, згвалтаваннях і рабаваннях. Урад ЗША мае намер сабраць доказы і падаць на Расею ў суд за ўчыненне ваенных злачынстваў. Прэса абмяркоўвае тое, як павінна рэагаваць Еўропа.
Дацкая газета Berlingske патрабуе ад Захаду рашучых мер у адказ.
«Мы павінны дапамагчы са зборам доказаў, каб Пуцін і ягоныя паплечнікі ў адзін цудоўны дзень паўсталі перад Міжнародным судом у Гаазе. Але і гэтага будзе нядастаткова! Неабходна ўзмацненне жорсткасці санкцый Еўразвязу супраць Расеі: мы павінны поўнасцю абяскровіць расейскую банкаўскую сістэму і адмовіцца плаціць хаця б адзін-адзіны еўра або рубель за нафту і газ з Расеі, пакуль тая вядзе вайну супраць Украіны. Мы абавязаны забяспечыць пастаўкі магутных наступальных узбраенняў, такіх як танкі, верталёты і знішчальнікі, аб чым моляць украінцы, дзеля выратавання сваёй краіны. Мы не павінны аддаваць тэатр ваенных дзеянняў на водкуп варварам», – паведамляе дацкае выданне.
У Сербіі адначасова прайшлі прэзідэнцкія, парламенцкія і муніцыпальныя выбары. Па дадзеных дзяржаўнай выбарчай камісіі Аляксандр Вучыч набраў амаль 60 працэнтаў галасоў, і такім чынам застаўся на пасадзе прэзідэнта Сербіі. Яго канкурэнту Здраўку Паношу ледзь удалося набраць 18 працэнтных пунктаў. У парламенце партыя Вучыча СПП атрымала абсалютную большасць галасоў. Еўрапейская прэса аналізуе вынікі выбараў.
«Падобна, што выбары былі сфальсіфікаваныя», – піша серабскае выданне Danas і заклікае народ выйсці на вуліцы.
«І што нам зараз рабіць, наша Сербія? Бунт, бунт і толькі бунт дапаможа ў барацьбе супраць гэтай недарэчнай сілы! Такі закон здаровага сэнсу. Цяпер, пасля гэтых загадзя выкрадзеных выбараў усе партыі, якія набралі тысячы галасоў нашых грамадзян, павінны заклікаць сваіх выбарцаў выйсці на вуліцы з адзіным патрабаваннем: злачынны ўрад павінен сысці ў адстаўку і яму на змену павінен прыйсці часовы ўрад, дзеля выратавання Сербіі», – адзначае сербскае выданне.
Міжурадавая група экспертаў па змене клімату апублікавала найважнейшую частку свайго даклада за 2022 год. Гаворка ў ім ідзе пра тое, якім чынам можна было б затармазіць змену клімату, каб мэта абмежаваць глабальнае пацяпленне 1,5 градусамі заставалася дасягальнай. У дакуменце прыводзяцца канкрэтныя меры па сыходзе ад традыцыйнага спальвання выкапняў крыніц энергіі. Аглядальнікі абмяркоўваюць падобныя крокі ў святле бягучай сітуацыі вайны ва Украіне. «Даклад ацвярозвае, але дае падставы для надзеі», – лічыць швейцарскае выданне Le Temps.
«Эксперты Міжурадавай групы па змене клімату не кідаюць нас на волю лёсу! У іх дакладзе паказаны магчымыя рашэнні таго, як мы маглі б ісці «правільным» шляхам: выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі, санацыя будынкаў, пераход на дыету з малым утрыманнем мяса, сацыяльная справядлівасць, кліматычная справядлівасць і г. д. Цэнтральная падзея таксама ўскосна ўплывае на абарону клімату: гэта вайна ва Украіне. Газавае эмбарга супраць Расеі і затрымкі экспарту пшаніцы з Украіны падкрэсліваюць адсутнасць устойлівасці нашых супольнасцяў у тых выпадках, калі сістэма дае збоі. Надышоў час аднавіць дыскусію аб дзеяннях па барацьбе са змяненнем клімату», – заклікае швейцарскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя