Агляд прэсы: Толькі зброяй!?



Блізкі хаўруснік Расеі Беларусь прайграла Славеніі заяўку ў Раду бяспекі ААН. Ці пераносіць баявыя дзеянні на тэрыторыю Расеі? Заблытаныя выбары лідара СДПА. Сусветны дзень навакольнага асяроддзя: планета пасылае сігнал SOS. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Беларусь, блізкі саюзнік Расеі, у аўторак прайграла Славеніі заяўку на месца ў Радзе Бяспекі ААН, якая складаецца з 15 членаў. Генеральная асамблея 193 краін прагаласавала за абранне пяці непастаянных членаў Савета Бяспекі на 2024-2025 гады», – перадае турэцкі штотыднёвік Anadolu Agency.

«Славенія атрымала месца ва Усходняй Эўропе, перамогшы Беларусь на выбарах, якія адлюстроўвалі супраціў расейскай агрэсіі ва Украіне. Славенія набрала 153 галасы, Беларусь — 38 галасоў. Дзяржавы-чальцы ААН, несумненна, вырашылі, што грубыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі ў сябе дома і абяленне расейскіх зьверстваў ва Ўкраіне пазбаўляюць яе права працаваць у Радзе бяспекі, найважнейшым органе па абароне правоў чалавека. А вось Паўднёвая Карэя атрымала месца і была сярод чатырох абраных краін, уключаючы Гаяну, Сьера-Леонэ і Алжыр. Пяць новых непастаянных членаў заменяць Албанію, Габон, Гану, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Бразілію, паўнамоцтвы якіх заканчваюцца 31-га снежня», – падсумоўвае турэцкае выданне.

***

Баявыя сутыкненні ў Белгарадскай вобласці працягваюцца. З войскам РФ ваююць апазіцыйныя расейскія ваенізаваныя фармаванні. Паведамляецца, што гэтыя групоўкі ўзялі пад свой кантроль сяло Новая Таволжанка. Губернатар вобласці заклікаў людзей пакінуць памежныя населеныя пункты. На старонках прэсы разгарнулася дыскусія пра тое, што азначае ўзмацненне баявых дзеянняў на тэрыторыі Расеі. «Расея павінна быць пераможана толькі вайсковым шляхам», – лічыць нямецкая газета De Standaard.

«Насуперак усім чаканням, расейская эканоміка не абрынулася, і нават дэманструе невялікі рост (а вось эканоміка Германіі, наадварот – падзенне), узровень жыцця насельніцтва застаецца стабільным. Дыпламатычнае контрнаступленне таксама не змагло паставіць Расію на калені. Паколькі санкцыі і дыпламатыя пацярпелі няўдачу, прымусіць агрэсара пайсці на перамовы зможа толькі зброя. Такая галоўная стаўка ўкраінскага контрнаступлення: на лініі фронту працягласцю ў 900 кіламетраў трэба знайсці слабое месца і ажыццявіць ваенны прарыў, цана якога была б для Расеі занадта высокая», – падсумоўвае нямецкае выданне.

***

Новым лідарам Сацыял-дэмакратычнай партыі Аўстрыі абраны не Ханс-Петэр Даскоцыл, як было абвешчана ў суботу, а Андрэас Баблер. Толькі воляй выпадку – з-за аднаго адсутнага голасу бюлетэні прыйшлося пералічыць – выбарчая камісія выявіла, што пры запаўненні табліцы галасы, аддадзеныя за Даскоцыла і Баблера, былі пераблытаныя. Прэса вачам сваім не верыць. Як адзначае аўстрыйская газета Die Presse, палітычная шкода выходзіць далёка за межы самой СДПА.

«Падобнае на вачах ва ўсёй краіны ўчыніла не «Сатырыка-дэмагагічная партыя Аўстрыі», а Сацыял-дэмакратычная партыя, адзін з надзейных слупоў Другой Рэспублікі. Апроч унутрыпартыйных руін застаецца і яшчэ адна, куды больш маштабная, праблема: народ усё менш давярае традыцыйнай палітыцы. У ходзе пандэміі палітычныя інстытуты і без таго апынуліся пад пытаннем, а зараз ляп, дапушчаны СДПА, пагражае яшчэ большымі непрыемнасцямі. І расхінае дзверы папулістам!», – піша аўстрыйскае выданне.

***

У панядзелак, 5 чэрвеня, адзначаўся Сусветны дзень навакольнага асяроддзя. Гэты дзень быў заснаваны ў 1972 годзе па ініцыятыве ААН – як дзень аховы навакольнага асяроддзя і клімату ва ўсім свеце. Прэса дае адзнаку экалагічнай сітуацыі на сённяшні дзень і прыходзіць да вельмі несуцяшальных высноў. «Штораз пытанні абароны клімату і навакольнага асяроддзя пад рознымі падставамі адкладаюцца ў доўгую скрыню», – са шкадаваннем адзначае швейцарская газета Corriere del Ticino.

«Вядома, ЗША наганяюць упушчанае і штодня працуюць над рознымі праектамі з тым, каб зрабіць барацьбу з забруджваннем навакольнага асяроддзя і яго ўздзеяннем на клімат больш эфектыўнай. Еўрапейскі саюз займаецца тым самым. Але таксама дакладна і тое, што да гэтага пытання цэлыя кантыненты – перш за ўсё Азія на чале з Кітаем і Індыяй – падобна, гуляюць у хованкі, выкарыстоўваючы ў якасці алібі той факт, што адсутнасць глабальнай стратэгіі робіць ініцыятывы асобных краін зусім неэфектыўнымі. Акрамя таго, і часта менавіта гэта і ёсць асноўная прычына, якую ніхто не адважваецца назваць, падобныя ініцыятывы запавольваюць рост эканомікі, якая ўсё яшчэ грунтуецца на выкарыстанні выкапнёвых відаў паліва», – падкрэслівае швейцарскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя