Агляд прэсы: Траянскі конь
Расея заяўляе пра арышт беларуса за дыверсію на Сібірскай чыгунцы. Орбан пагражае заблакаваць рашэнні ЕЗ. Пуцін наведвае краіны Персідскага заліва. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
У чацвер у Расеі быў арыштаваны беларус, які нібыта па загадзе Украіны заклаў выбухоўку ў двух цягніках на ключавой частцы Сібірскай чыгункі недалёка ад мяжы з Кітаем. «Арышт адбыўся прыкладна праз тыдзень пасля таго, як улады паведамілі аб ускладненнях руху ў тунэлі на Байкала-Амурскай магістралі, прыкладна ў 5500 кіламетрах на ўсход ад Масквы», – паведамляе расейскае выданне The Moscow Times.
„На тэрыторыі Омскай вобласці затрыманы грамадзянін Беларусі 1971 году нараджэньня, які 29 і 30 лістапада стаяў за выбухамі ў двух цягніках з нафтапрадуктамі, якія ехалі па маршрутах Байкала-Амурскай чыгункі. Масква заявіла, што куратарам гэтага чалавека быў беларус, які пражываў у Літве і працаваў на ўкраінскія спецслужбы. Расейскае агенцтва РІА «Новости» апублікавала відэа, на якім афіцэр ФСБ у форме суправаджае мужчыну, твар якога не паказаны, у будынак. На відэа затрыманы распавядае, што нехта папрасіў яго «перадаць пасылку ў абмен на грошы» ў Расею і што яму сказалі, што ў ім знаходзіцца «міна для падрыву некалькіх цягнікоў». Агулам маюць месца не толькі дыверсіі на чыгунцы ў Расеі, але таксама ў яе саюзніцы Беларусі падчас наступу Масквы на Украіну», – нагадвае расейскае незалежнае выданне.
***
На саміце Еўрапейскага звяза, які павінен адбыцца на наступным тыдні, плануецца прыняць важныя рашэнні адносна падтрымкі Украіны, а менавіта пра пачатак перамоваў аб уступленні краіны ў ЕЗ, а таксама аб выдзяленні Кіеву фінансавай дапамогі ў памеры 50 мільярдаў еўра. Прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан пагражае заблакаваць абодва рашэнні, і патрабуе зняць гэтыя пытанні з парадку дня. «Прэм’ер-міністр Венгрыі толькі шкодзіць Еўразвязу», – піша цюрыхская газета Tages-Anzeiger.
«Імідж ЕЗ як надзейнага партнёра і геапалітычнага гульца ўжо сапсаваны. Орбан свядома ідзе на рызыку таго, што Украіна можа прайграць абарончую вайну супраць Расеі і, магчыма, будзе вымушана капітуляваць. Гэта было б не толькі катастрофай для Украіны, але таксама ў значнай ступені аслабіла б ЕЗ, і стала б для яго выпрабаваннем на трываласць. Нездарма некаторыя бачаць у венгерскім прэм’еры траянскага каня расейскага прэзідэнта», – наракае швейцарскае выданне.
***
У сераду Уладзімір Пуцін наведаў з візітам рэгіён Персідскага заліва – нягледзячы на тое, што Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на яго арышт. Па выніках сустрэч з прэзідэнтам ААЭ Мухамадам бен Заідам Аль Нахаянам і наследным прынцам Саудаўскай Аравіі Мухамедам бен Салманам Аль Саудам Пуцін падкрэсліў станоўчае развіццё ўзаемных гандлёвых адносін. У ходзе гутарак абмяркоўвалася таксама палітыка ў галіне нафтаздабычы і вайны на Блізкім Усходзе і ва Украіне. «Напад ХАМАС на Ізраіль узмацніў пазіцыі Пуціна ў рэгіёне», – такім назіраннем дзеліцца венская газета Der Standard.
«У Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і Саудаўскай Аравіі расейскі прэзідэнт цяпер жаданы госць. Краіны Персідскага заліва працягнулі паглыбляць свае адносіны з Масквой і пасля 24 лютага 2022 года. Для Пуціна дзяржавы Персідскага заліва, якія аддаліліся ад ЗША пры прэзідэнце Абаме, – не толькі эканамічныя партнёры, але і поле, на якім ён можа дэманстраваць, як зніжаецца ўплыў ЗША. Тэрарыстычны напад ХАМАС на Ізраіль даў яму ў рукі аргумент пра тое, што, маўляў, палітыка ЗША прыносіць рэгіёну толькі няшчасце. Раптам Пуцін пачаў дбаць пра дабро палестынцаў, якія яго да гэтага ніколі не цікавілі», – піша аўстрыйскае выданне.
***
У Нідэрландах да прысягі прыведзена Палата прадстаўнікоў, аднак пытанне аб складзе наступнага ўрада пакуль застаецца адкрытым. Пераможца выбараў Вілдэрс і яго праварадыкальная Партыя свабоды шукаюць партнёраў для фармавання кааліцыі, але пакуль што такіх не знаходзяць. Амстэрдамская газета NRC папярэджвае, што Партыя свабоды пагражае выпусташыць сутнасць прававой дзяржавы.
«Шырокая база, на якую Партыя свабоды можа абапірацца ў парламенце, – гэта новая прыкмета таго, што радыкальныя правыя сталі ў Нідэрландах сур’ёзным і паўнавартасным палітычным рухам. Нельга дапусціць таго, каб гэтая партыя пачала размываць вяршэнства права прама знутры парламента. Такая цяпер задача, якая стаіць перад іншым фракцыямі. Партыя свабоды заслугоўвае супрацьдзеяння – напрыклад у тым, што тычыцца свабоды веравызнання. Усе 15 парламенцкіх груп, уключаючы саму Партыю свабоды, сутыкнуліся з задачай, якую занадта часта выпускаў з-пад увагі папярэдні парламент: праблемы і выклікі цяперашняга часу патрабуюць сур’ёзнага абмеркавання. Новаму ўраду неабходны сур’ёзны кантроль», – заклікае нідэрландскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка