Агляд прэсы: Цацкі ў чужых руках



Расея выстаўляе ЗША ядзерны ўльтыматум праз Беларусь. Ці вырашыцца вайна ва Украіне ў жніўні? Саміт Расея-Афрыка: наколькі вялікі ўплыў Расеі? Як быць з правымі папулістамі ў Еўропе? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Расейскі чыноўнік патлумачыў абставіны, пры якіх Масква выведзе тактычную ядзерную зброю, размешчаную ў Беларусі.

«Прадстаўнік расейскага МЗС Аляксей Палішчук паўтарыў крамлёўскую рыторыку пра тое, што зброя была перапраўлена на беларускую тэрыторыю ў адказ на дзеянні Захаду. Прывід ядзернай зброі навіс над поўнамаштабным уварваннем Уладзіміра Пуціна ва Украіну, хаця ЗША заявілі, што няма ніякіх непасрэдных прыкмет таго, што Крэмль плануе выкарыстоўваць такую зброю», – піша амерыканская газета The Charlotte Observer.

«Лукашэнка, саюзнік Пуціна, у мінулым месяцы пахваліўся тым, што на тэрыторыі яго краіны захоўваецца зброя, якая будзе размешчана ў сховішчах, пабудаваных Масквой, якая заявіла, што захавае кантроль над ракетамі. Але Палішчук заявіў, што размяшчэнне зброі было «адказам на доўгатэрміновую дэстабілізуючую ядзерную палітыку NATO і Вашынгтону і фундамэнтальныя зьмены, якія нядаўна адбыліся ў ключавых галінах эўрапейскай бясьпекі». «Гэта вымушаная мера стрымлівання прызначана для забеспячэння бяспекі Саюзнай дзяржавы, якая, як вядома, мае адзіную абаронную прастору», — сказаў ён. Саюзная дзяржава – гэта эканамічнае і абароннае аб’яднанне Менска і Масквы. Палішчук дадаў, што «гіпатэтычны вывад» расейскай тактычнай ядзернай зброі з Беларусі будзе «магчымы толькі ў тым выпадку, калі Злучаныя Штаты і НАТА адмовяцца ад свайго дэструктыўнага курсу на мэтанакіраваны падрыў бяспекі Расеі і Беларусі». Гэта прадугледжвае поўны вывад усёй ядзернай зброі ЗША на тэрыторыю ЗША і ліквідацыю адпаведнай інфраструктуры ў Еўропе. Пуцін заявіў, што перадача ядзернай зброі Беларусі завершыцца да канца лета. Эксперты сумняваюцца ў тым, што Лукашэнка зможа выкарыстоўваць зброю, таму што вельмі малаверагодна, што ён ці яго вайскоўцы будуць мець доступ да іх дазвольных каналаў дзеянняў (PAL), якія прадухіляюць іх несанкцыянаваны падрыў. Перакідванне ракет з далёкасцю 300 міляў да межаў Літвы і Польшчы з’яўляецца падставай для рэгіянальнай занепакоенасці і ўзмацняе рэгіянальную сітуацыю ў дачыненні да ядзернай зброі ў Еўропе», – падкрэслівае амерыканскае выданне.

На фронце надыходзіць вырашальны момант. Камандаванне ВСУ пачало ўводзіць у бой асноўныя сілы, прызначаныя для контрнаступлення, і гэта дазволіла дасягнуць прасоўвання па кірунку да Такмак. «Цяпер ужо няма сумневаў у тым, што наступныя 4-5 тыдняў стануць вырашальнымі. Калі ВСУ не атрымаецца да пачатку верасня прарваць другую лінію расейскай абароны на поўдні, гэта будзе азначаць няўдачу контрнаступлення з усімі наступствамі, якія вынікаюць для Украіны і яе саюзнікаў», – піша расейскае выданне Graniru.

«Калі ажыццявіць такі прарыў атрымаецца пазней, гэта ўжо мала дапаможа Ўкраіне. Бо прыкладна з сярэдзіны кастрычніка пачнецца перыяд дажджоў і восеньскай бездаражы, і развіць наступ на поўдзень, да ўзбярэжжа Чорнага і Азоўскага мораў, ужо не атрымаецца. А да канца вясны, калі ВСУ змогуць аднавіць наступленне, на поўдні будзе пабудавана новая лінія расейскай абароны. Для таго каб воіны ВСУ за астатні час контрнаступлення змаглі дасягнуць вырашальных поспехаў, неабходны масавыя пастаўкі сучасных заходніх узбраенняў, у тым ліку дальнабойных амерыканскіх ракет ATACMS. Бліжэйшыя месяцы крытычна важныя. З Новага года ў ЗША пачнецца актыўная фаза прэзідэнцкай кампаніі. А ў Польшчы ў канцы гэтага года чакаюцца парламенцкія выбары, на якіх, хутчэй за ўсё, ніводная партыя не атрымае большасці. Дзве найбуйнейшыя партыі краіны – кіруючая «Права і справядлівасць» і апазіцыйная «Грамадзянская платформа» – адзіныя па пытанні аб неабходнасці максімальнай падтрымкі Украіны. Але сумесна кіраваць яны не змогуць з-за вострых супярэчнасцей па іншых пытаннях. А ў іншых варыянтах кааліцыі вельмі верагодны ўдзел трэцяй па папулярнасці партыі «Канфедэрацыя», якая, сярод іншага, выступае за скарачэнне дапамогі Украіне. Кошт сумневаў і прамаруджванняў выключна высокая», – наракае расейскае незалежнае выданне.

У ходзе двухдзённага саміту Расея-Афрыка ў Санкт-Пецярбурзе Пуцін прапанаваў шэрагу афрыканскіх дзяржаў бясплатныя пастаўкі збожжа. Удзельнікі саміту стрымана адрэагавалі на прапанову Масквы, а ў адзінкавых выпадках і выступілі з крытыкай вайны супраць Украіны. «Тое, што Пуцін не змог набраць ачкоў у афрыканскіх краін, наабяцаўшы ім з тры карабы – добрыя навіны для Захаду, аднак тут ёсць адно але», – піша швейцарская газета Neue Zürcher Zeitung.

«Задзіраць нос няма ніякіх падстаў, бо там, дзе Расея за апошнія гады набыла ўплыў на кантыненце, яна неўзабаве можа пакінуць пасля сябе разруху. Зірніце на Малі, дзе сітуацыя для цывільнага насельніцтва рэзка пагоршылася пасля прыходу вагнераўцаў у канцы 2021 года. І ў тых рэгіёнах, у якіх уплыў Расеі нязначны, Захаду не варта ісці тым жа шляхам, што і Расея: многія афрыканскія ўрады не жадаюць станавіцца геапалітычнай цацкай у чыіх-небудзь руках. У будучыні Захаду таксама давядзецца прыкладаць куды больш намаганняў для стварэння альянсаў з афрыканцамі», – папярэджвае швейцарскае выданне.

Згодна з апытаннямі, у шэрагу краін-членаў ЕЗ растуць рэйтынгі правапапулісцкіх груп і рухаў. У Польшчы, напрыклад, на парламенцкіх выбарах партыя Канфедэрацыя можа ператварыцца з самай малаколькаснай у трэцюю па велічыні партыю краіны.

«Парадокс заключаецца ў тым, што грамадскасць у Вялікабрытаніі сёння куды ліберальней у дачыненні да пытанняў іміграцыі, чым большасць палітыкаў. Але марудлівасць лейбарыстаў у тым, каб аспрэчыць рэакцыйны дыскурс або сфармуляваць альтэрнатыўнае бачанне, дазволіла правым дамінаваць у гэтых дэбатах і прымаць зусім бессаромныя меры. Ультраправым не абавязкова знаходзіцца ва ўладзе для таго, каб іх ідэі знаходзілі далейшае распаўсюджванне, нават у грамадствах, якія лічаць сябе «ліберальнымі», – кансатуе брытанская газета The Observer.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя