Агляд прэсы: ці будзе Амерыка пры Байдэне дзейнічаць непахісна і жорстка?
Нахабства Расеі зараз залежыць ад палітыкі, якую абярэ новаабраны прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.
У Ізраілі каронавірус спрычыніўся да таго, што маладыя людзі пакідаюць моцныя рэлігійныя абшчыны. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:
– Брытанская газета Financial Times разбіраецца ў тым, што прынясе свету выбранне прэзідэнтам Злучаных Штатаў Джо Байдэна. Згадваецца ў артыкуле і наша Беларусь. Перамога Джо Байдэна на прэзідэнцкіх выбарах стала адменай смяротнага прысуду атлантызму. Еўрапейцы і амерыканцы зноў загаварылі пра тое, што яны маглі б зрабіць разам. Адным з першых пунктаў у парадку дня стаіць пытанне аб пуцінскай Расеі. З сыходам Трампа з Белага дома цалкам можна будзе закруціць гайкі Крамлю і прымусіць Пуціна расплаціцца за яго шматлікія парушэнні міжнародных пагадненняў. А яшчэ можна было б праверыць, ці ёсць магчымасць для перазагрузкі адносінаў. Гэтыя два падыходы не так далёка адзін ад аднаго, як можа здавацца. Для Пуціна надышлі не самыя лепшыя часы. Некалькі месяцаў таму ён радаваўся канстытуцыйным папраўкам, якія далі яму магчымасць стаць пажыццёвым прэзідэнтам. Але з тых часоў сітуацыя становіцца ўсё горшай і горшай. Саслабленая падзеннем нафтавых коштаў расейская эканоміка пакутуе ад пандэміі covid-19. Курс рубля рэзка ўпаў, узровень жыцця расейцаў рухаецца ў тым жа кірунку. Прэзідэнт большасць часу праводзіць пад замком на сваёй падмаскоўнай дачы. У суседняй Беларусі на вуліцы выйшлі пратэстоўцы, якія змагаюцца за дэмакратыю. Няўдалая спроба атруціць «Навічком» лідара расейскай апазіцыі Аляксея Навальнага нагадала ўсяму свету аб тым, што Крэмль з’яўляецца спонсарам замоўных палітычных забойстваў. Захад увёў супраць Расеі новыя санкцыі. За захаванне расейскай прысутнасці на ўсходзе Украіны ЗША і Еўразвяз увялі супраць Масквы жорсткія санкцыі, якія дорага ёй абыходзяцца. Паражэнне Трампа пазбавіла Пуціна самага важнага прыхільніка і адносін, якія надавалі легітымнасьць яго аўтарытарнаму праўленню. Больш за тое, Байдэн абяцае аднавіць атлантычны альянс. Абраны прэзідэнт Байдэн належыць да пакалення, якое высока цэніць НАТА. Перазагрузка не самае любімае слова Байдэна. Калі ён быў віцэ-прэзідэнтам, Барак Абама ў 2009 годзе прывёў у дзеянне палітыку пад такой назвай. Але яна нічога не дала. А калі Пуцін захапіў Крым і ўварваўся на ўсход Украіны, віцэ-прэзідэнту прыйшлося адказваць за амерыканскую палітыку ў дачыненні да Масквы і Усходняй Еўропы. Гэта было яшчэ да ўмяшання Крамля ў амерыканскія выбары 2016 года з мэтай паслаблення пазіцый Хілары Клінтан. А нядаўна Байдэн афіцыйна заявіў, што Захад павінен прымусіць Пуціна плаціць па рахунках за парушэнне міжнародных нормаў, і што ЗША будуць падтрымліваць грамадскія арганізацыі, якія выступаюць супраць крамлёўскага аўтарытарызму. Тым не менш, Байдэн прагматык. Ён прасігналізаваў аб тым, што дамову СНУ-3, якая з’яўляецца апошнім дзейным пагадненнем аб абмежаванні ядзерных узбраенняў Расеі і ЗША, неабходна падоўжыць, бо тэрмін яе дзеяння заканчваецца ў лютым. З такой жа прапановай выступіў Пуцін. Логіка тут простая і зразумелая. Якімі б ні былі адносіны паміж Вашынгтонам і Масквой, ёсць моманты, калі двум бакам лепш супрацоўнічаць.
Іншай сферай узаемадзеяння могуць стаць змены клімату, а яшчэ размеркаванне вакцын ад Covid-19 па ўсім свеце. Многія знаходзяцца па іншы бок плота, і еўрапейцы (мабыць, большасць) падтрымаюць перазагрузку. Некаторыя, асабліва французскі прэзідэнт Эмануэль Макрон, напоўнены жадання нармалізаваць адносіны з Пуціным. Станоўча адрэагуе і канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, якую прымушаюць спыніць будаўніцтва трубаправода «Паўночная плынь – 2», прызначанага для перапампоўкі расейскага газу наўпрост у Нямеччыну. У гэтым і крыецца небяспека. Байдэну было б лагічна вывучыць магчымасці для паляпшэння адносін, але вельмі многія еўрапейцы ўжо зараз гатовыя пагадзіцца на ўмовы Пуціна. Па праўдзе кажучы, перазагрузка мае шанец на поспех толькі ў тым выпадку, калі Масква паабяцае істотна змяніць свае паводзіны. Пераканаць у гэтым Пуціна можна толькі пры ўмове, што Амерыка з самага пачатку будзе дзейнічаць непахісна і жорстка, так завяршае свой артыкул Financial Times.
Крызіс, звязаны з каронавірусам, і перыяды каранціну падахвочваюць многіх маладых ультраартадаксальных габрэяў пакідаць вельмі жорсткую суполку „харэдзім” з тым, каб адкрыцца свету, — піша спецыяльны карэспандэнт французскай Le Monde ў Ерусаліме Луі Імбэр. У апошнія месяцы сярод харэдзім было звыш 1 млн чалавек (гэта 12% насельніцтва Ізраіля), аб’яднаных верай, галечай і страхам перад знешнім светам. Цяпер лік такіх катастроф стала павялічваецца. У нармальны час заўсёды знаходзіліся бацькі, рабін, настаўнік або духоўны настаўнік і, вядома ж, суседзі, якія сачылі за тым, каб падлеткі не збіваліся са шляху праўдзівага. Але крызіс Covid-19 і два каранціны, вясной і восенню, парушылі нязменную плынь іх жыцця. На доўгі час зачыніліся рэлігійныя школы і сінагогі, а таксама малітоўныя групы і рытуальныя купанні. Стала цяжка збірацца вакол рабінаў. Вяселлі і рэлігійныя святы ў вузкім коле набылі горкі прысмак. І прадастаўленыя самім сабе маладыя людзі засумавалі. Нягледзячы на забарону, яны выходзяць у інтэрнэт і многае там спазнаюць. З сакавіка моладзевая габрэйская арганізацыя „Гілель”, якая прыходзіць на дапамогу ультраартадоксам, якія парвалі з супольнасцю, зафіксавала 50%-ы рост запытаў аб дапамозе. 500 запытаў на працягу года. Тое ж самае і з вайсковымі часткамі, прызначанымі для харэдзім. 3 тысячы навабранцаў у год. Яны ненавісныя для пераважнай большасці рабінаў. „У канцы лета мы ўбачылі, што вялікая колькасць хлопчыкаў і дзяўчынак з лепшых абшчын не вяртаюцца да сваіх месцаў навучання”, — устрывожана выказаўся рабін Пінхас Фрыдман з Ерусаліма. Каранцін — гэта вяроўка, якую зацягваюць на шыі многіх рабінаў: на іх думку, лепш, каб усе людзі захварэлі, а тыя, хто павінен памерці, памерлі”, — рэзюмуе Абрахам Доў Грынбаўм, журналіст хасідскага штотыднёвіка „Гадэрэх”.
Для свецкага грамадства гэта стала занадта вялікай правакацыяй. Рэдакцыйныя аўтары з прыкрасцю пішуць з нагоды абсалютнай залежнасці прэм’ер-міністра Біньяміна Нетаньяху ад ультраартадаксальных партый: ён не можа прымусіць іх падпарадкавацца. Ніколі яшчэ канфлікт паміж харэдзім і свецкімі або традыцыйнымі габрэямі не быў такім вострым. „Covid-19 стаў момантам выбару, — кажа Яір Хаас, прэзідэнт арганізацыі „Гілель”. — Тыя, хто сёння парывае з супольнасцю, узрушаныя велізарнымі высілкамі, якія яно прыкладае, каб утрымаць іх у сваім асяроддзі. У іх ужо былі сумневы: эпідэмія ж адкрывае ім вочы”. Каронавірус раскрыў сакрэт палішынеля: грамадства мары харэдзім, якое прысвячае сябе вывучэнню святых тэкстаў, — гэта міф. Цяпер яго члены аддаюць перавагу расповедам пра ідэал. Абшчыны харэдзім сфармаваліся ў Ізраілі пасля Халакосту пры фінансавай падтрымцы дзяржавы і ахвярадаўцаў і няўхільна разбураліся на працягу апошніх 30 гадоў. Многія ультраартадаксальныя мужчыны штодня працуюць і часта наведваюць свецкае грамадства, — адзначае аўтар артыкула. Сярод іх ёсць тыя, хто падтрымлівае маладых адступнікаў, напрыклад, Янкі Фарбэр. Дваццаць гадоў таму людзям прыходзілася бегчы з свайго горада, каб быць свабоднымі. Цяпер яны купляюць смартфон, пакідаюць ешыву, але застаюцца рэлігійнымі, — сказаў гэты журналіст сайту Behadrei Haredim.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: © REUTERS / Jim Bourg