Агляд прэсы: ці запросяць Ціханоўскую на інаўгурацыю ў Вашынгтон?



Washington Post заклікае Джо Байдэна запрасіць на сваю інаўгурацыю Святлану Ціханоўскую. У Кітаі ад вядучых прадпрымальнікаў патрабуюць вернасці Камуністычнай партыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.

Washington Post публікуе артыкул, прысвечаны падзеям у Беларусі. Тысячы людзей былі затрыманыя. Шмат хто з іх быў пабіты, атрымаў пагрозы і папярэджанні не ўдзельнічаць у маршах, быў звольнены з працы, выключаны з універсітэту — але яны працягваюць выходзіць, каб пратэставаць супраць нахабнага крадзяжу Лукашэнкам галасоў на выбарах 9 жніўня, на якіх відавочна перамагла кандыдатка апазіцыі Святлана Ціханоўская. Словы апошняга вядомага допісу забітага Рамана Бандарэнкі — „Я выходжу” — ператварыліся ў адзін з лозунгаў пратэстаў. Звычайна акцыі пратэсту нарастаюць па нядзелях, і ў апошнія тыдні кожную нядзелю арыштоўвалі больш за 1000 чалавек. У цэлым апазіцыя заяўляе, што з пачатку пратэстаў у розных гарадах было затрымана 30 000 чалавек; яшчэ 350 былі затрыманыя ў папярэднюю нядзелю. На відэа, размешчаным у Інтэрнэце, відаць, як сілы бяспекі з дручкамі здзяйсняюць напад на раварыста; ён быў аштрафаваны на 200 даляраў суддзёй за «парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў», аднак ні аднаму з супрацоўнікаў міліцыі, якія праводзяць акцыі гвалту, не прад’яўлена абвінавачванне. Арышты перакінуліся і на журналістаў. Паводле звестак Асацыяцыі беларускіх журналістаў, па стане на 18 лістапада былі зняволены 26 рэпарцёраў. Сярод іх галоўны відэарэдактар „Радыё Свабода” Юлія Коцкая, абвінавачаная 15 лістапада ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі; яна адхіліла абвінавачанне, заявіўшы, што асвятляла мерапрыемства як журналіст. Яе асудзілі да васьмі дзён пазбаўлення волі. Іншыя журналісты з беларускай службы арганізацыі былі пакараныя аналагічна, фактычна за выкананне сваёй працы. Лукашэнка, які кіруе Беларуссю чвэрць стагоддзя, не церпіць свабоды прэсы і свабоды слова — і гэта прычына, па якой многія людзі ўпарта вяртаюцца на вуліцы. Абраны прэзідэнт ЗША Джозэф Байдэн мусіць запрасіць спадарыню Ціханоўскую на сваю інаўгурацыю і сустрэцца з ёй у Белым доме, каб паказаць свету, што Злучаныя Штаты зноў падтрымліваюць дэмакратыю, піша Washington Post.

Што робіць прадпрымальніка добрым у вачах кітайскага прэзідэнта Сі Цзіньпіна? Паколькі Джэк Ма, заснавальнік Alibaba Group, пазбаўлены налёту святасці, нягледзячы на яго выключны талент і членскі білет Камуністычнай партыі, гэтае пытанне заслугоўвае таго, каб яго задаць. Зрэшты, Сі Цзіньпін часткова адказаў на яго ў сярэдзіне лістапада, аддаўшы даніну павагі пазабытаму прадпрымальніку-філантропу пачатку XX стагоддзя Чжану Цзяню, — піша журналіст Le Monde Фрэдэрык Леметр. У дадатак да прыкладна 30 кампаній ад тэкстылю да банкаўскай справы, Чжан Цзянь актыўна займаўся сацыяльнымі праектамі, стварыўшы больш за 300 школ, а таксама дамоў састарэлых. Наведаўшы 12 лістапада яго дом і музей, Сі Цзіньпін быў пад такім уражаннем, што загадаў ператварыць гэтыя месцы ў „базу патрыятычнага выхавання”. Мэта: навучыць „большасць прыватных прадпрымальнікаў” і моладзь „мець цвёрдую ўпэўненасць у шляху, тэорыі, сістэме і культуры кітайскага сацыялізму”. Гэтым летам Сі Цзіньпін ужо згадваў гэтага філантропа. Гэта было 21 ліпеня, падчас сустрэчы з сямю кіраўнікамі кітайскага бізнесу. „Маркетынг кампаніі не ведае межаў, але ў кіраўнікоў кампаніі ёсць радзіма”, — заявіў прэзідэнт Кітаю, прыводзячы ў якасці прыкладу пяцёх выдатных прадпрымальнікаў з мінулага. Два з іх асабліва звязаныя з Камуністычнай партыяй Кітаю. Першы з іх — Жун Ірэн, нарадзіўся ў сям’і кітайскіх прамыслоўцаў, якім давялося „аддаць” свае тавары партыі ў 1949 годзе. Гэты сябар Дэн Сяопіна ў 1978 годзе заснаваў інвестыцыйны кансорцыум CITIC і прыцягнуў многіх замежных інвестараў у Кітай. А Ван Гуанінь, прамысловец, чыя ўласнасць таксама была нацыяналізаваная ў 1949 годзе, у 1983 годзе стварыў суполку дзяржаўных інвестыцый Everbright пасля таго, як правёў 8 гадоў у турме ў часы Культурнай рэвалюцыі. На думку Сі Цзіньпіна, быць патрыётам азначала ад 1949 году быць верным Камуністычнай партыі пры любых абставінах. Гэта таксама адносіцца да кіраўнікоў кампаній, якія з 2002 года маюць права быць яе членамі. Вернасць не з’яўляецца дастатковай умовай для таго, каб быць „слаўным кіраўніком кампаніі”, але яна неабходная. У верасні Сі Цзіньпін заклікаў да ўзмацнення ўплыву партыі ў прыватных кампаніях. Добры прадпрымальнік павінен быць не проста верным, яму належыць яшчэ і падпарадкоўвацца партыі. Джэк Ма, якому асабіста Сі Цзіньпін перашкодзіў ажыццявіць першаснае размяшчэнне акцый яго фінансавай кампаніі Ant Group, навучыўся гэтаму на ўласным горкім вопыце”, — рэзюмуе Le Monde.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.