Агляд прэсы: ціск дробных правакацый



Як ЕЗ ударыў па Беларусі санкцыямі ў дачыненні да калію і нафтапрадуктаў. Перамоў на вышэйшым роўні паміж Расеяй і Еўразвязам не будзе. Правакацыя ў Чорным моры.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

-Амерыканскае выданне Bloomberg лічыць, што забарона ЕЗ на экспарт нафтапрадуктаў можа патэнцыйна аказаць вялікі ўплыў на эканоміку «былой савецкай рэспублікі, якая абапіраецца на расейскую сыравіну са зніжкай, ператвараючы яе ў паліва і прадаючы за мяжу з прыбыткам».

«Санкцыі ЕЗ таксама будуць абмяжоўваць гандаль тытунёвымі вырабамі, тэхналогіямі маніторынгу, таварамі і тэхналогіямі двайнога прызначэння, а таксама абмяжуюць доступ краіны да рынкаў капіталу ЕЗ. Фінансавыя абмежаванні ўключаюць забарону аператарам ЕЗ, у тым ліку страхавым кампаніям, прадастаўляць інвестыцыйныя паслугі і выдаваць новыя крэдыты ўраду Беларусі, цэнтральнаму банку і некалькім дзяржаўным структурам і банкам. Аператарам ЕЗ таксама будзе забаронена мець справу з пераводнымі каштоўнымі паперамі і інструментамі грашовага рынку Беларусі. Санкцыі таксама ўключаюць дадатковыя абмежаванні на продаж зброі», – пералічвае санкцыйныя меры ў бок Беларусі амерыканскае выданне.

Пасля доўгай ночы на саміце ЕЗ не ўдалося дамовіцца аб перамовах на вышэйшым роўні з Пуціным, замест гэтага разглядаюцца варыянты санкцый. Для канцлера Ангелы Меркель гэта горкая параза, і там, дзе яна звычайна была зоркай”, – піша нямецкая газета Die Welt.

Выданне аналізуе прапанову Германіі і Францыі аб аднаўленні перамоў на вышэйшым роўні з Пуціным.

Аднак усё з грукатам правалілася, хоць Меркель і прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон усё выдатна спланавалі”, – адзначае выданне. – “Большасць высокапастаўленых дыпламатаў гэтая ініцыятыва Францыі і Германіі заспела знянацку. З’явіліся пытанні накшталт: ці не будзе такі саміт з расейскім аўтакратам супярэчыць таму, пра што краіны ЕЗ аднагалосна дамовіліся ў 2014 годзе пасля анэксіі Крыма і дэстабілізацыі ўсходняй Украіны, гэта значыць рашэння аб спыненні ўсіх сустрэч на вышэйшым узроўні з Масквой? З тых часоў сітуацыя на ўсходзе не палепшылася, наадварот”.

Die Welt падкрэслівае, што ключавым фактарам для Меркель і Макрона стала і тое, наколькі рашуча не толькі ўсходнія еўрапейцы і краіны Прыбалтыкі, але і такія краіны, як Нідэрланды, адхілілі іх ініцыятыву.

У выніковай дэкларацыі саміту ЕЗ гаворыцца пра неабходнасць рашучага і скаардынаванага адказу ЕЗ і яго дзяржаў-удзельніц на любую далейшую зламысную, незаконную і падрыўную дзейнасць Расеі. Змены адбудуцца толькі ў тым выпадку, калі Масква зробіць усё магчымае для поўнага выканання Менскіх пагадненняў па ўрэгуляванні канфлікту на Украіне”, – перадае Die Welt.

Расея і Вялікабрытанія прадставілі вельмі розныя версіі інцыдэнту ў Чорным моры. Як заявілі расейскія ваенныя, яны зладзілі папераджальны абстрэл брытанскага эсмінца, які зайшоў у тэрытарыяльныя воды РФ ля ўзбярэжжа Крыма, і прымусілі яго развярнуцца. Брытанскі бок гэтыя заявы абвяргае: ніякіх стрэлаў у карабель зроблена не было, эсмінец выконваў «мірны праход праз тэрытарыяльныя воды Украіны».

Італьянская газета La Repubblica тлумачыць, чаму гэты рэгіён гэтак важны для Расеі.

«Чорнае мора мае важнае стратэгічнае значэнне для Масквы на працягу стагоддзяў, з таго часу, як Расея ўпершыню заняла Крым пры Кацярыне Вялікай ў 1783 годзе. Тут Расея можа пашырыць сваю ўладу і ўплыў у напрамку «цёплых партоў» Міжземнамор’я (суднаходства ў якіх магчымае круглы год – у адрозненне ад большасці партоў Арктыкі). Чорнае мора – аб’ект жадання Расеі яшчэ з часоў Пятра Першага. Тут Расея можа абараніць свой гандаль з еўрапейскімі рынкамі, а таксама транспарціроўку газу і нафты. Тут у яе маецца буферная зона, пры дапамозе якой Расея ў стане прадухіліць варожыя напады на сваю тэрыторыю»,паведамляе італьянскае выданне.

5 гадоў таму выбар быў зроблены: у ходзе рэферэндуму грамадзяне Вялікабрытаніі выказаліся за выхад краіны з ЕЗ. Галачку за гэта паставілі 51,9% прагаласаваўшых. Канчатковая кропка ў працэсе брэкзіту была пастаўлена толькі ў снежні мінулага году, калі падышоў да канца тэрмін пераходнага перыяду.

Як адзначае ірландская газета Irish Examiner, пасля таго, як Лондан зрабіў ручкай, ЕЗ стаў больш аператыўным.

«Ужо неўзабаве пасля галасавання па брекзіту ЕЗ змог атрымаць са скрыні планы распрацоўкі агульнай абароннай палітыкі, якія пыліліся там доўгія гады. Пандэмія каронавірусу таксама зрабіла магчымым прыняцце эканамічных мер, якія дагэтуль прадстаўляліся немагчымымі, а менавіта: сумесныя запазычанні сродкаў на фінансавых рынках у мэтах фінансавання Фонду аднаўлення эканомікі агульным аб’ёмам 800 мільярдаў еўра.

Вялікабрытанія ўзначаліла групу свавольных бунтаўшчыкоў ўнутры ЕЗ, і ўвесь час спрабавала выгандляваць для сябе агаворкі і выключэнні, а таксама раз-пораз заяўляла пра сваю нязгоду з тымі ці іншымі мерамі на роўні ЕЗ. І той факт, што зараз Брусэль можа дзейнічаць без аглядкі на Лондан, вельмі многае спрашчае», – падсумоўвае ірландскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя