Агляд прэсы: у агульнай чарзе



Паміж Польшчай і Беларуссю разгараецца напружанасць з-за перасячэння мігрантаў. Ці пагражае распад Босніі і Герцагавіне? Барацьба за клімат: хто пераломіць сітуацыю? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Напружанасць паміж Беларуссю і Польшчай нарастала ў апошнія месяцы, бо тысячы людзей спрабуюць перасекчы мяжу з першай у другую — краіну-сябра ЕЗ», – піша ірландскае выданне Journal.

«Усё пачалося са спрэчных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году, на якіх Польшча адкрыта падтрымала апазіцыю. Потым у траўні Беларусь патрапіла пад санкцыі Еўразвязу пасля меркаванага «згону з боку дзяржавы» самалёта Ryanair з беларускім апазіцыйным журналістам на борце. Неўзабаве пасля гэтага Беларусь адкрыла свае межы з ЕЗ, заявіўшы, што гэта спросціць працэс атрымання турыстычнай візы для людзей, якія едуць з Іраку і Сірыі. Як вынік сусветныя лідары абвінавацілі Беларусь у выкарыстанні мігрантаў у «гібрыднай вайне». Абвінавачванне таксама было распаўсюджана і на Польшчу ва ўмовах усё больш напружанай сітуацыі, звязанай з шэрагам смерцяў, вайскоўцамі і абмежаваннямі для СМІ», – адзначае ірландскае выданне.

Паводле матэрыялу, у апошнія месяцы ў Польшчу, Літву і Латвію, уздоўж мяжы з Беларуссю, уязджае незвычайна вялікая колькасць мігрантаў. На сённяшні дзень прынамсі сем чалавек загінулі ад марозу, большасць не мае доступу да ежы і вады. На мінулым тыдні польскія палітыкі ўхвалілі будаўніцтва сцяны на мяжы коштам 402 мільёны даляраў, каб спыніць паток мігрантаў. «І, відавочна, гэта не ёсць памылкай», – падкрэслівае ірландскае выданне.

***

У Глазга падчас 26-й сэсіі Канферэнцыі бакоў Рамачнай канвенцыі ААН па пытаннях змянення клімату большасць кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў пакінулі мерапрыемства. Цяпер справа за міністрамі краін-удзельніц. Менавіта ім трэба выпрацаваць сумесныя мэты па процідзеянні змяненню клімату.

«Калі б падобныя міжнародныя саміты праводзіліся больш дэмакратычна, то прымаемыя на іх рашэнні было б прасцей зрабіць абавязковымі», – піша французскае выданне Mediapart.

«Самыя заўзятыя адвакаты навакольнага асяроддзя выступаюць на іх з такімі прамовамі, як быццам адных іх слоў ужо дастаткова для таго, каб вырашыць усе назапашаныя праблемы. Мала таго: краіны, якія найбольш востра адчуваюць на сабе наступствы зменаў клімату, і прадстаўнікі актывістскіх рухаў паўстаюць у іхніх прамовах толькі памагатымі і другараднымі персанажамі. Гэта цынічна і абуральна. А калі б такія саміты былі больш дэмакратычнымі, то можна было б праводзіць адкрытыя, узважаныя галасаванні ў дэмакратычным духу. І ўжо па выніках гэтых галасаванняў можна было б прымаць рэзалюцыі, ператвараць іх у жыццё і пасля адстойваць. Рэзалюцыі, якія ўскладалі б доўгатэрміновыя абавязальніцтвы на ўсе краіны свету», – адзначае французскае выданне.

***

Вярхоўны прадстаўнік па Босніі і Герцагавіне Крысціян Шміт у сваім дакладзе аб сітуацыі ў краіне, прадстаўленым Савету Бяспекі ААН, б’е ў набат. Як адзначае Шміт, над краінай навісла «экзістэнцыйная пагроза», выкліканая дзеяннямі Міларада Додзіка, аднаго з трох чальцоў прэзідыуму. Сербскі нацыяналіст Додзік фарміруе сваё ўласнае войска і мае намер сабатаваць выкананне ўмоў Дэйтанскага мірнага пагаднення.

Нямецкая газета Frankfurter Rundschau спадзяецца, што заклік Шміта будзе пачуты:

«Нельга дапусціць, каб межы на Балканах ізноў перакройваліся сілавымі метадамі. ЕЗ і ЗША павінны неадкладна адрэагаваць. Нельга ісці на саступкі такім нацыяналістам, як Додзік, ім трэба паслаць ясны сігнал. Гісторыя калектыўнага мораку розуму і спаўзання да вайны і генацыду не павінна паўтарыцца!».

***

У Польшчы штучнае перарыванне цяжарнасці ўжо год як забаронена, за рэдкімі выключэннямі. У мястэчку Пшчына цяжарная пацыентка памерла ў выніку таго, што лекары, якія назіралі за ёй, адмаўляліся рабіць аборт да таго часу, пакуль сэрца зародка не перастане біцца. Феміністкі ініцыявалі шматлікія пратэсты. Многія прыйшлі да будынка Канстытуцыйнага суду ў Варшаве, перад якім былі запалены знічы ў памяць аб загінулай.

«У іншых краінах падобная трагедыя прывяла б да зменаў», – піша польская газета Polityka і выказвае слабую надзею.

«У каталіцкай Ірландыі легалізацыя перапынення цяжарнасці стала магчымай пасля ўсеагульнага ўзрушэння, выкліканага смерцю 31-гадовай Савіты Халапанавар, якая загінула пры аналагічных абставінах. У нармальна функцыянуючым дэмакратычным грамадстве рэакцыяй на падобныя трагедыі становяцца шырокія грамадскія дэбаты. У Ірландыі вынікам грамадскага абмеркаваннея стала правядзенне рэферэндуму па пытанні легалізацыі абортаў. Дзве трэці выбаршчыкаў выказаліся «за» – і парламент прыняў адпаведны закон. Падобным чынам гэтая праблема павінна быць вырашана і ў Польшчы – пры дапамозе дэбатаў і рэферэндуму, якому папярэднічала б адкрытая і прадуманая інфармацыйная кампанія», – адзначаецца ў матэрыяле.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.