Агляд прэсы: У чаканні на шанец
Беларусь заяўляе пра магчымасць прымянення расейскай ядзернай зброі. Краіны ЕЗ закрылі ўезд для машын з расейскімі нумарамі, а пацярпелі бежанцы з Украіны. Іран: рэпрэсіі ў гадавіну гібелі Махсы Аміні. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Савет бяспекі Беларусі заявіў, што апанентам рэжыму Лукашэнкі не варта правяраць, ці могуць беларусы на практыцы прымяніць ядзерную зброю», – піша ўкраінскае міжнароднае выданне Ukrainska Pravda.
«Першы намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі Павел Муравейка падкрэсліў, што, атрымаўшы ад РФ ядзерныя боезапасы, беларускія спецыялісты прайшлі поўны цыкл падрыхтоўкі ў Расеі, адпрацавалі комплекс мерапрыемстваў на трэнажорах і рэальных аб’ектах, прайшлі кантрольна-прававую праверку і допуск, а таксама атрымалі дыплом, які дае адпаведную магчымасць выкарыстоўваць гэтую зброю. «У нас ёсць дух, воля і гатовасць усімі сродкамі абараніць сваю краіну, калі спатрэбіцца», – дадаў першы намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі Беларусі. Як вядома, 25-га траўня міністры абароны Расеі і Беларусі падпісалі дакументы пра размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Праз месяц расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін заявіў, што частка расейскай ядзернай зброі ўжо знаходзіцца ў Беларусі. У канцы чэрвеня самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду распрацаваць «алгарытм прымянення» ядзернай зброі, размешчанай Расеяй», – сочыць за сітуацыяй украінскае выданне.
Еўракамісія 8-га верасня выпусціла тлумачэнні, як краінам Еўрасаюза варта прымяняць забарону на ўвоз з Расеі санкцыйных тавараў, у тым ліку аўтамабіляў, асабістага адзення і прадметаў гігіены. Латвія, Літва і Эстонія, а следам за імі Фінляндыя і Польшча абвесцілі, што забараняюць уезд у краіны аўтамабілям з расейскімі нумарамі. «Цяпер з-за гэтага праблемы з выездам з Расеі ў Еўропу з’явіліся ў маламабільных украінскіх бежанцаў», – піша незалежнае расейскае выданне Meduza.io.
«Валанцёры з пецярбургскага Цэнтра дапамогі бежанцам распавялі, што з-за забароны на ўезд машын з расейскімі нумарамі ў краіны Балтыі, Фінляндыю і Польшчу ўзніклі цяжкасці з транспарціроўкай ляжачых хворых з ліку ўкраінскіх бежанцаў, якія апынуліся ў Расеі. Па іх словах, раней прыватныя хуткія здзяйснялі па два-тры рэйсы ў месяц праз мяжу. Апошняя паездка была запланаваная на 17-га верасня, але ад яе было вырашана адмовіцца. Зараз валанцёры шукаюць варыянты, як працаваць пры новай забароне, бо ў першую чаргу яны – неафіцыйная арганізацыя. Падаткова-мытны дэпартамент Эстоніі заявіў, што афіцыйныя машыны хуткай дапамогі вызваленыя ад абмежаванняў, згаданых у правілах ЕЗ. Прыватныя асобы або іх прадстаўнікі звычайна карыстаюцца машынай хуткай дапамогі, якая можа перасекчы мяжу, або дамаўляюцца пра медыцынскі транспарт, які сустрэне іх, напрыклад, на мяжы з Эстоніяй», – падкрэслівае расейскае незалежнае выданне.
Прайшоў год з дня гібелі іранскай студэнткі курдскага паходжання Махсы Аміні ў паліцэйскім участку. Яе смерць выклікала шырокую хвалю пратэстаў па ўсёй краіне, жорстка прыгнечаную рэжымам. Імкнучыся не дапусціць акцый непадпарадкавання, улады займаюцца закручваннем гаек. Мноства людзей было арыштаванае па абвінавачанні ў парушэнні грамадскага парадку, у населеных курдамі рэгіёнах уведзена надзвычайнае становішча. Парыжская газета Le Monde таксама адзначае, што ў іранскім грамадстве адбываюцца сур’ёзныя перамены.
«Хоць гвалт, пры дапамозе якога іранскі рэжым паспрабаваў здушыць пратэсты і які каштаваў жыццём сотням людзей, дазволіў выканаць пастаўленую задачу, у той жа самы час ён толькі паглыбіў прорву паміж рэжымам і іранскім народам. Ваенна-тэакратычны рэжым Ірана адвярнуўся ад насельніцтва краіны, а яно ўжо ў значнай ступені адрознае ад таго, што было раней: яно стала больш, вырасла доля гарадскіх жыхароў, іранцы сталі больш адукаваныя – у першую чаргу гэта датычыцца жанчын. Насельніцтва фарміруецца на фоне пратэстаў і іх падаўлення і мае нядрэнныя шанцы на будучыню», – прагназуе французскае выданне.
Штогадовы даклад Арганізацыі па эканамічным супрацоўніцтве і развіцці (АЭСР) па стане спраў у сферы адукацыі паказаў, што ў Германіі назіраецца рэзкае расслаенне: колькасць тых, хто атрымлівае вышэйшую адукацыю, расце, аднак у той жа самы час сярод моладзі павялічваецца і доля тых, хто застаецца ўвогуле без якой бы там ні было прафесійнай адукацыі: не толькі вышэйшай, але нават сярэдняй. Найбольшы працэнт моладзі, якая не мае хоць якой здавальняючай адукацыі, назіраецца ў Гішпаніі. Гішпанскі партал elDiario.es паказвае на корань праблемы.
«Чытаць пра тое, што ў нас 27 працэнтаў вучняў не заканчваюць школу – гэта як назіраць за тым, як лье дождж, і нічога пры гэтым не рабіць. Гэта як ведаць напэўна, што ровень беспрацоўя ў нас у краіне і так заўсёды будзе ўдвая вышэйшы, чым у астатніх краінах Еўропы. Мы прымаем гэта як нейкі праклён, стыхійнае бедства або эпідэмію. Большасць вучняў, якія кідаюць школу – выхадцы з сем’яў, у якіх бацькі з’яўляюцца такімі ж «няўдачнікамі». Сапраўды гэтак жа, як дзеці з багатых сем’яў аўтаматычна становяцца «паспяховымі» людзьмі. Сярод дзяцей з сацыяльна няшчасных сем’яў доля тых, хто кідае школу, у тры разы вышэйшая, чым сярод усіх іншых. Мы не апраўдваем чаканняў не толькі ў школе, крах церпіць усё наша грамадства», – наракае гішпанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя