Агляд прэсы: У чаканні на заяву



Беларусь не будзе паведамляць, дзе знаходзіцца тактычная ядзерная зброя. Саміт НАТА ў Вільні: паднімем жоўта-блакітныя сцягі? Візіт Мелані ў Польшчу. Зяленскі ў Балгарыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Дарадца міністра абароны Беларусі ў пятніцу адмовіўся пацвердзіць або абвергнуць, ці захоўвалася расейская тактычная ядзерная зброя на аб’екце ў Асіповічах у цэнтральнай Беларусі», – паведамляе арабская газета alarabiya.

«Магчыма, так лічыць ЦРУ, я не ведаю, на чым гэта заснавана», — адказаў Леанід Касінскі на пытанне Reuters, ці захоўвалася зброя на аб’екце на ўсход ад Асіповічаў. «Ніхто ніколі не скажа вам, дзе размешчана тактычная ядзерная зброя – вы павінны гэта разумець», – цытуе дарадцу міністра абароны Беларусі арабскае выданне.

Напярэдадні саміту НАТА, які адбудзецца 11-12 ліпеня ў сталіцы Літвы Вільні, цэнтральным застаецца пытанне пра тое, якім чынам альянс мог бы ўзмацніць свае гарантыі па бяспецы Украіны. Украіна настойвае на ўступленні ў шэрагі НАТА пасля заканчэння вайны. Прэсу таксама займае і пытанне пра тое, як ідзе справу з уступленнем у альянс Швецыі, бо Турцыя сваіх пярэчанняў пакуль што не зняла. «Рашэнне, якое будзе прынятае на саміце, шмат распавядзе нам пра стан спраў у альянсе», – піша літоўская газета Kauno diena.

«Калі гаворка ідзе пра сяброўства ў НАТА, то часцяком педалюецца толькі вайсковы складнік, а іншыя патрабаванні, як тое: узровень дэмакратыі і выкананне прынцыпу вяршэнства права, застаюцца па-за полем зроку. Рашэнне краін-партнёраў па НАТА з нагоды Ўкраіны прадэманструе, у якой ступені для іх яшчэ важна міжнароднае права, якое расійскае кіраўніцтва проста топча нагамі. Калі НАТА прыме нявызначанае і размытае рашэнне, якое дапускае мноства тлумачэнняў, якое да таго ж будзе абвешчана не дзесьці, а ў Вільні, то гэта стане сапраўдным падарункам для банды, якая засела ў Крамлі. Не ў апошнюю чаргу з-за таго, што складзецца ўражанне, што нават у постсавецкіх краінах смурод даўно спачылай ў базе Варшаўскай дамовы дагэтуль здольны паралізаваць волю Захаду», – падкрэслівае ковенскае выданне.

На Кангрэсе еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў (ЕКР), які адбыўся ў Варшаве, прэм’ер-міністры Італіі і Польшчы Джорджыя Мелані і Матэвуш Маравецкі дэманстравалі згуртаванасць і адзінства. Назіральнікі звязваюць гэта са спробай стварыць альянс з фракцыяй Еўрапейская народная партыя (ЕНП) у Еўрапарламенце напярэдадні выбараў, прызначаных на 2024 год. «У Мелані і польскага ўрада не так ужо шмат агульнага», – рэзюмуе італьянская газета La Repubblica.

«План кіраўніка італьянскага ўрада заключаецца ў тым, каб стварыць саюз паміж Еўрапейскай народнай партыяй і кансерватарамі з фракцыі Еўрапейскія кансерватары і рэфармісты – прычым з сумеснай праграмай. Але Варшава не хоча нават чуць пра гэта! А без палякаў каркас саюза з ЕНП складзецца, як картачная хатка. Акрамя таго, у шэрагах ЕНП вельмі актыўны лідэр польскай апазіцыі Туск. Ён – сябар старшыні фракцыі EНП Манфрэда Вэбера, які, у сваю чаргу, з’яўляецца сябрам Мелані, і разам з ёй якраз працуе над стварэннем саюза. Тут трэба быць прыхільнікам нямецкага лідэра парламенцкай групы. Нядаўна Маравецкі заявіў, што ў Польшчы ёсць дзве праблемы: група Вагнера на ўсходзе і група Вэбера на захадзе», – піша італьянскае выданне.

У ходзе свайго еўрапейскага турнэ прэзідэнт Украіны ў мінулы чацвер наведаў і Балгарыю. Там ён сярод іншага сустрэўся са сваім балгарскім калегам Румэнам Радзевым , вядомым сваёй хутчэй прарасейскай пазіцыяй, і прэм’ер-міністрам Мікалаем Дзенкавым, які ўзначальвае новы празаходні ўрад краіны. Як паказваюць каментары ў прэсе, падчас гэтага візіту стала відавочная ўся неадназначнасць пазіцыі, якую займае Балгарыя ў дачыненні да вайны ва Украіне. «Запрасіўшы Зяленскага, Балгарыя нарэшце недвухсэнсоўна ўстала на бок Украіны», – з задавальненнем адзначае мясцовы дзелавы штотыднёвік Kapital.

«Павольная і расплывістая пазіцыя, якую Балгарыя займала ў апошнія гады, прывяла да таго, што наша краіна стала падобная да свайго роду шэрай зоны , і гэта – на ўсходнім флангу НАТА, які мае гэтак важнае значэнне. У кантэксце вайны ва Украіне гэта таіла ў сабе вельмі канкрэтныя патэнцыйныя рызыкі. У выпадку магчымай, хай і малаверагоднай, эскалацыі найвялікай небяспекі заўсёды падвяргаецца самае слабое звяно. Запрашэнне Зяленскаму наведаць нашу краіну пасылае вельмі магутны сігнал у супрацьлеглым кірунку – прынамсі ў тым, што тычыцца стратэгічнага вектара Балгарыі і палітыкі новага ўрада», – падкрэслівае балгарскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя