Агляд прэсы: У пагоні за мэтай



Эстонія заклапочана тым, што знішчаюцца беларуская культура, мова і гісторыя. Газа і пытанне ўстанаўлення міру на Блізкім Усходзе. Выбары ў Малдове з расейскім следам. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

10 лістапада ў Міністэрстве замежных спраў Эстоніі ў Таліне адбудзецца канферэнцыя з беларускімі дэмакратычнымі сіламі аб сітуацыі ў Беларусі, прысвечанай свабодзе СМІ і ролі грамадзянскай супольнасці, правам чалавека і адказнасці рэжыму, а таксама бачанню будучыню. «Беларускі рэжым сістэмна спрабуе знішчыць уласную культуру і русіфікаваць яе», – цытуе мясцовае выданне ERR News спецпрадстаўніка Эстоніі ў беларускіх дэмакратычных сілах Марка Коплімаа.

«Эстонія актыўна падтрымлівае беларускую грамадзянскую супольнасць з 2020 года пасля хвалі гвалтоўных рэпрэсій пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія многія прызналі сфальсіфікаванымі і якія вярнулі да ўлады Аляксандра Лукашэнку. Тысячы беларусаў, якія падтрымлівалі кандыдата ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую, уцяклі ад рэпрэсій, і цяпер у Літве, Польшчы, Латвіі, Украіне і Чэхіі існуюць значныя суполкі дыяспары. У Эстоніі таксама меншая беларуская суполка. Разуменне таго, што адбываецца ўнутры Беларусі, важна, бо гэта ўплывае на рэгіянальную бяспеку, у тым ліку Эстоніі, і павялічвае колькасць расейскіх сіл на мяжы з ЕЗ. Тое, што адбываецца ў Беларусі зараз — гэта вельмі сістэматычная і арганізаваная спроба забіць, знішчыць беларускую культуру, мову, гісторыю і зрабіць краіну Рускай па сутнасці. Нацыянальных паэтаў 18-га, 19-га стагоддзяў выстаўляюць па-за законам і беларускую мову ледзьве не выцясняюць са школаў. Такім чынам, гэта сістэмная спроба знішчыць нацыю, чаго амаль не было ў гісторыі, дзе сама нацыя спрабуе забіць уласную нацыю», – канстатуе эстонскае выданне.

У памкненні разграміць радыкальную ісламісцкую групоўку ХАМАС Ізраіль увёў войскі ў цэнтр Газы і нанёс удары па пазіцыях баевікоў. ХАМАС у сваю чаргу абстраляў Ізраіль ракетамі. Судзячы па ўсім, аб спыненні агню ў найблізкай будучыні гаворка не ідзе. Аглядальнікі задаюцца пытаннем, ці можна змяніць сітуацыю, а калі так – то якім чынам. «ЗША цалкам маглі б заняць больш выразную пазіцыю адносна дзеянняў Арміі абароны Ізраілю ў Газе», – такое меркаванне выказвае хельсінкская газета Ilta-Sanomat.

«Ваенныя дзеянні Ізраіля ў Газе паставілі прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ў няпростае становішча. Байдэн і дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заклікалі Ізраіль абараніць мірнае насельніцтва Газы. Аднак іх публічныя заявы адрозніваюцца стрыманасцю. З Вашынгтона не гучала заклікаў да спынення агню або выразнай крытыкі наконт колькасці ахвяр сярод мірных жыхароў. Калі б Байдэн захацеў, то ён мог бы энергічна ўмяшацца ў ваенныя дзеянні Ізраіля – і нават прыгразіць Нетаньяху скарачэннем дапамогі з боку ЗША. Але гэта малаверагодна. Даўні і цесны альянс з Ізраілем Беламу дому важней, чым «спадарожная шкода» у выніку ваенных дзеянняў у Газе», – падкрэслівае фінскае выданне.

Арыентаваная на Еўрасаюз партыя Дзеянне і салідарнасць выйграла муніцыпальныя выбары ў Рэспубліцы Малдова , набраўшы больш за 40 працэнтаў галасоў. Тым не менш, у шматлікіх гарадах у лідэры выбіліся прарасейскія сілы. Шырокі рэзананс выклікалі не столькі вынікі выбараў, колькі тое, якім чынам яны былі дасягнуты: малдаўская разведка абвінавачвае Расію ў маніпуляванні меркаваннем выбаршчыкаў з дапамогай 4,5 мільёна еўра, а АБСЕ крытыкуе рашэнне ўладаў выключыць прарасійскую партыю Шанец ад удзелу ў выбарах незадоўга да галасавання. «Краіна па-ранейшаму глыбока расколатая», – адзначае берлінская газета taz.

«Тут тыя, хто бачыць будучыню сваёй краіны ў Еўропе, а там тыя, хто глядзіць у бок Масквы. І менавіта на апошніх былі накіраваныя чарговыя залпы гібрыднай вайны з боку Расеі – з мэтай паўплываць на вынікі выбараў так, як гэта было б пажадана Пуціну. Прынамсі, у вялікіх гарадах гэта, здаецца, удалося. Зразумела, што ўрад лічыць за неабходнае абараніцца ад гэтага. Аднак сродкі, якія выкарыстоўваюцца, выклікаюць пытанні: так, нядаўна былі адключаныя прарасійскія тэлеканалы і шматлікія пракрамлёўскія інтэрнэт-выданні. Прарасейская партыя была адхілена ад удзелу ў выбарах. Крытыкі сумняваюцца ў юрыдычнай абгрунтаванасці такога падыходу. Да такіх пярэчанняў неабходна ставіцца сур’ёзна – у тым ліку і ў Брусэлі», – адзначае нямецкае выданне.

Прэм’ер-міністр Партугаліі Антоніу Кошта падаў у адстаўку ў сувязі з абвінавачваннямі ў карупцыі ў сваім асяроддзі. Кіраўнік адміністрацыі арыштаваны, а самому Кошце таксама пагражае расследаванне. Размова ідзе аб магчымых хабарах у ходзе рэалізацыі буйных прамысловых праектаў у сектары аднаўляльнай энергетыкі. У чацвер прэзідэнт Марселу Рэбелу дэ Соўза прыме рашэнне аб тым, ці будуць прызначаны новыя выбары. Лонданскі часопіс The Economist са шкадаваннем піша пра тое, што гэты скандал можа перакрэсліць усю гісторыю партугальскага поспеху.

«За час прэм’ерства Кошты Партугалія стала ў Еўропе гісторыяй поспеху. Сур’ёзны эканамічны рост, турыстычны бум і тэхналагічны сектар ператварылі яе з еўрапейскай глушы ў сапраўдны магніт для інвестараў. Партугалію хвалілі за прагрэсіўную палітыку ў сферы аховы здароўя і сацыяльнай падтрымкі. Карупцыйны скандал можа кінуць цень на гэтую спадчыну. Па словах Паўлу Отэру, прафесара права ў Лісабонскім універсітэце, гэта самая цяжкая частка ў плане даверу да дзяржаўных інстытуцый з моманту ўсталявання дэмакратыі ў 1976 году. Хто б ні прыйшоў на змену Кошту, перад ім паўстане няпростая задача аднаўлення даверу ўраду з боку партугальскага грамадства», – піша брытанскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя