Агляд прэсы: У Польшчы сутыкнуліся два трамваі



У Польшчы пры сутыкненні двух трамваяў пацярпелі больш за 30 чалавек. Чаму з берагоў выйшла возера Кома. Навошта Венесуэла з 1 кастрычніка ўвядзе лічбавую нацыянальную валюту і ў Тайландзе. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Антона Разумоўскага.

У выніку сутыкнення двух трамваяў у польскім горадзе Познань пацярпеў 31 чалавек, паведамляе польскае радыё RMF.

Паранены кіроўца трамвая быў дастаўлены ў шпіталь на верталёце Польскай медыцынскай службы ратавання. Акрамя таго, паведамляецца, што 6 чалавек сур’ёзныя траўмаваліся. Як інфармуе Польскае агенцтва друку, аварыя адбылася каля 11.45 у раёне кальцавой развязкі. „Па папярэдніх дадзеных, кіроўца трамва заехаў у заднюю частку трамвая 7, які знаходзіўся перад ім”, – распавёў прадстаўнік паліцыі.

На поўначы Італіі з-за моцных ліўняў з берагоў выйшла возера Кома

Праліўныя дажджы абрынуліся на Ламбардыю, асабліва пацярпела італьянская правінцыя Леко. Узровень вады ў возеры Кома падняўся на 20 см, паведамляе італьянскі навінавы тэлеканал Rai News. У начны час былі задзейнічаныя дзясяткі брыгад ратавальнікаў. Ліўневыя дажджы прывялі да апоўзняў, з-за якіх давялося часова перакрыць дзяржаўную дарогу Рэджайна. Таксама моцныя дажджы ў Ламбардыі прывялі да разліву рэк Севеза і Лура. У выніку апынуліся затопленыя набярэжныя і вуліцы ў розных гарадах рэгіёну.

Венесуэла з 1 кастрычніка ўвядзе лічбавую нацыянальную валюту

Улады Венесуэлы ўводзяць лічбавую нацыянальную валюту, у якой будзе на шэсць нулёў менш, чым у папяровых грошах, паведамляе выданне Notitarde. „З 1 кастрычніка пачне дзейнічаць новая лічбавая валюта, якая прыбярэ з цяперашняй нацыянальнай валюты шэсць нулёў”, – гаворыцца ў паведамленні Цэнтральнага банка Венесуэлы. Адзначаецца, што змены не паўплываюць на кошт нацыянальнай валюты, акрамя таго, яны палегчаць яе выкарыстанне. У Цэнтральным банку перакананыя, што ўвядзенне лічбавай валюты дапаможа аднаўленню эканомікі краіны.

У Тайландзе забаранілі сонцаахоўны крэм: парушальнікаў чакаюць велізарныя штрафы

Улады Тайланду абвясцілі вайну сонцаахоўным сродкам – тым, хто будзе карыстацца крэмамі ад загару, цяпер пагражае салідны штраф. Пра гэта паведамляе Bangkok Post. У дзяржаўным Дэпартаменце нацыянальных паркаў, дзікай прыроды і раслін гэтае рашэнне тлумачаць абаронай унікальнай прыроды каралеўства. „Даследаванні паказалі, што некаторыя хімічныя злучэнні, якія ўтрымліваюцца ў сонцаахоўных сродках, шкодныя для каралаў, ўплываюць на іх рэпрадуктыўную сістэму і выклікаюць іх абескаляроўванне. У сувязі з гэтым на пляжах, якія знаходзяцца на тэрыторыі марскіх нацыянальных паркаў Тайланда, забаронена карыстацца сонцаахоўнымі сродкамі. У наведвальнікаў марскіх паркаў цяпер будуць адбіраць забароненыя сродкі на ўваходзе і выдаваць назад толькі на выхадзе. А калі парушальнікі ўсё ж пранясуць на тэрыторыю і скарыстаюцца такім крэмам, ім давядзецца заплаціць 100 тысяч бат штрафу (ці каля 3 тысяч 50 даляраў). Тайланд – не першая краіна, дзе ўводзяць падобныя забароны. Яны ўжо дзейнічаюць у ціхаакіянскай дзяржаве Палаў і ў амерыканскім штаце Гаваі.

Агляд прэсы падрыхтаваў Антон Разумоўскі