Агляд прэсы: у пошуках «Новай зямлі»



Ці атрымае Святлана Ціханоўская Нобеля? Амерыканскі часопіс The New Republic разважае над тым, як Беларусь у выпадку сваёй унутранай дэмакратычнай перамогі выратуе цэлую Расею ад Пуціна. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

 Cусветныя СМІ, цытуючы ананімныя крыніцы, інфармуюць аб тым, што прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа вылучыў лідара беларускай апазіцыі Святлану Ціханоўскую на Нобелеўскую прэмію міра.

У чаканні афіцыйнага пацвярджэння медыя, у тым ліку сінгапурская газета The Straits Times, нагадваюць, што Святлана Ціханоўская ў выгнанні заклікала Еўразвяз і ЗША быць «адважнейшымі і мацнейшымі» ў сваіх дзеяннях, накіраваных на спыненне рэжыму Лукашэнкі.

«Намінацыі на Нобелеўскую прэмію міра сёлета павінны быць закрытыя 31 студзеня, а пераможца павінен быць абвешчаны ў лістападзе. Леташнім пераможцам стала Сусветная харчовая праграма ААН», – нагадвае сінгапурскае выданне.

 Амерыканскі часопіс The New Republic разважае: ці зможа Байдэн аднавіць адносіны з Расеяй. «Не сакрэт, што прасоўванне дэмакратыі ў Расеі і ў суседніх з ёй краінах – гэта тая сфера, у якой ЗША і Расея рэзка канфліктуюць», – піша аўтар матэрыялу Майкл Кімадж.

Пуціну добра вядома пра падзеі ва Украіне і ў Беларусі, дзе ў Кіеве і мінулым летам у Менску ўспыхнулі магутныя паўстанні супраць прапуцінскіх прэзідэнтаў і дзяржаўнай карупцыі, якая з’яўляецца цяжкім цяжарам для Расеі. Аднак ні далейшае знаходжанне Пуціна ва ўладзе, ні ягонае звяржэнне не гарантаваныя.

«Пуцін не заўсёды імкнецца да тыражавання свайго рэжыму за мяжой, ён схільны да канфлікту з дэмакратыямі і да супрацоўніцтва з такімі антыдэмакратычнымі краінамі, як Кітай, Беларусь і Сірыя», – адзначае амерыканскае выданне і заклікае падтрымаць Беларусь на геапалітычным узроўні. «Куды пайшла Украіна і куды можа пайсці Беларусь, туды, хутчэй за ўсё, пойдзе і Расея, бо расейцы змогуць назіраць за ўзыходжаннем сваіх суседзяў да дэмакратычнага поспеху».

 Часопіс Амерыканскай асацыяцыі садзейнічання развіццю навукі Science прывёў нечаканае даследаванне: як можа выглядаць новы суперкантынент на планеце Зямля?

За ўсю гісторыю на планеце Зямля было ўжо тры суперкантыненты, а чацвёрты – на падыходзе. Гіганцкія часткі сушы сыходзяцца і зноў разыходзяцца, кожны раз у новым месцы. Геолагі нават паспелі назваць гэты новы суперкантынент.  

Паколькі Еўразія рухаецца ўздоўж так званага «Агністага кальца» – цэлага набору зонаў разломаў па перыметры Ціхага акіяна, яна ў нейкі момант сутыкнецца з Амерыкамі, і ў выніку ўтворыцца новы суперкантынент, які будзе размяшчацца на месцы сучаснага Паўночнага Ледавітага акіяну. Амерыканскія геолагі прыдумалі яму назву «Амазія». Часопіс Science мяркуе, што натуральнае ўтварэнне новага суперкантыненту адбудзецца праз 50 альбо нават 200 мільёнаў гадоў.

 Іранская газета Hamshahri паведаміла аб тым, што Ірану выдадзены дазвол на ўнутраную вытворчасць вакцыны «Спадарожнік V».

Выданне падкрэслівае, што сітуацыя з распаўсюдам каронавіруснай інфекцыі ў Іране працягвае заставацца  надта нестабільнай. Як выйсце, менавіта вакцына «Спадарожнік V» прайшла ў краіне ліцэнзаванне для экстранага выкарыстання.

На пытанне газеты, чаму менавіта расейская вакцына трапіла ў Іран, прадстаўнікі Мінздрава Ісламскай Рэспублікі Іран заявілі, што вакцыну таксама закупілі Беларусь і Венгрыя. Да таго ж і Егіпет завяршае стадыю рэгістрацыі прэпарата.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка