Агляд прэсы: у пошуках рашэння



Ціханоўская змагаецца за тое, каб быць пачутай. Пуцін падпісаў указ аб дэпартацыі нелаяльных украінцаў з «анэксаваных» абласцей. Праблема міграцыі ў французскую Майоту. Заканчэнне інстытуту манархіі? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Французскае выданне Le Monde зрабіла рэпартаж, як яны пішуць, з «сэрца беларускага супраціву» — з Вільні, дзе Святлана Ціханоўская жыве пад моцнай аховай, у месцы, якое трымаецца ў сакрэце. Газета адзначае, што раней лідарка беларускай апазіцыі была ў цэнтры ўвагі, але ўсё змянілася з пачаткам ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны.

«Нягледзячы на тое, што Святлана Ціханоўская з першага дня ўварвання заклікала да салідарнасці суграмадзянаў з украінцамі і змяніла свой дыскурс у дачыненні да Расеі, назваўшы яе агрэсарам, яе перасталі чуць. У новых умовах беларускай апазіцыі давялося перагледзець сваю стратэгію. На першым месцы — абарона незалежнасці і суверэнітэту краіны. Апазіцыя спрабуе звязаць сваю барацьбу з барацьбой за Украіну, тлумачачы, што ў яе тая ж мэта і той жа вораг. Святлана Ціханоўская імкнецца рабіць усё, каб вызваліць палітвязняў і тлумачыць заходнім партнёрам, як важна выпрацаваць стратэгію па Беларусі ў кантэксце вайны ва Украіне, таму што Лукашэнка па частках прадае беларускую незалежнасць Расеі», – піша французскае выданне.

***

Згодна з новым указам Пуціна, з 1 ліпеня 2024 года ўсе ўкраінскія грамадзяне на акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторыях ператворацца ў… замежнікаў. Ім можна будзе адмаўляць у выдачы пасведчання на права жыхарства. «Такі крок ператварае грамадзян Украіны ва ўразлівую і бяспраўную групу ў сябе дома: з чалавекам са стрэльбай не вельмі і паспрачаешся. Асобна напружвае пункт аб дэпартацыі за нелаяльнасць»,- піша расейскае незалежнае выданне Graniru.

«Акрамя таго, за тую ж нелаяльнасць можна будзе і пазбаўляць грамадзянства. На днях Савет Федэрацыі адобрыў праўкі, паводле якіх пазбаўляць набытага грамадзянства РФ будуць за «пагражаючыя нацыянальнай бяспецы дзеянні», у тым ліку за «ваенныя фэйкі» і «дыскрэдытацыю» войска РФ. Сярод іншых магчымых падстаў – удзел у масавых беспарадках, неаднаразовае парушэнне закона аб мітынгах, ухіленне ад ваеннай службы, дэзерцірства, невыкананне заканадаўства аб «замежных агентах». Відаць, галоўная мэта пуцінскага ўказа – паскарэнне прымусовай пашпартызацыі. Гэта дадатковая прылада шантажу. Такі парадак не проста парушае нормы міжнароднага гуманітарнага права, але мае прыкметы ваеннага злачынства. У артыкуле 8 Рымскага статута ўстаноўлена, што незаконная дэпартацыя з’яўляецца ваенным злачынствам. Пуцінскі ўказ можа стаць падставай для выдачы новага ордэра», – заклікае міжнародную супольнасць расейскае незалежнае выданне.

***

Па рашэнні міністра ўнутраных спраў Францыі Жэральда Дарманэна ў французскі заморскі дэпартамент Майёта, размешчаны ў Мазамбікскім праліве, быў накіраваны вялікі атрад паліцыі, перад якім была пастаўлена задача выправадзіць за межы дэпартамента шматлікіх нелегальных мігрантаў, якія прыбылі туды па большай частцы з суседняй дзяржавы Саюзу Камора. Халупы, у якіх туляцца мігранты, меркавалася знесці. Аднак з прычыны адсутнасці альтэрнатыўных магчымасцяў для размяшчэння людзей суд адмяніў гэтае рашэнне. «Гэтая акцыя была празмернай і нічога не зменіць па сутнасці», – крытыкуе сітуацыю французская газета La Croix.

«Нацыянальная камісія па правах чалавека асудзіла гэтую акцыю як «стратэгію тэрору». Мясцовы прафсаюз суддзяў і пракурораў перасцярог ад правядзення «рэпрэсіўнай і непрадуманай палітыкі ў сферы крымінальнага права», якая ажыццяўлялася б у парушэнне прынцыпу роўнага доступу да правасуддзя для ўсіх. Пад сумнеў ставіцца і эфектыўнасць падобнай аперацыі. Каморцы, напэўна, тут жа вернуцца ў Майёту, дзе ўмовы для жыцця значна больш спрыяльныя, нават для тых, хто жыве ў вельмі сціснутых абставінах. Міграцыйны ціск знізіцца толькі тады, калі ўзровень жыцця выраўнуецца на ўсім архіпелагу», – адзначае французскае выданне.

***

У Ратэрдаме, у Дзень караля, кароль Нідэрландаў Вілем-Аляксандр адсвяткаваў дзесяцігоддзе свайго знаходжання на троне. Але яго папулярнасць і давер да манархіі паступова слабеюць. Не так даўно каралеўскі двор паспрабаваў наблізіць караля да народа пры дапамозе падкасту, які складаецца з дзесяці эпізодаў, а сам Вілем-Аляксандр выказаў намер «аб’яднаць» грамадства. Прэса задаецца пытаннем: ці валодае інстытуцыя манархіі ў нашы дні дастатковым аўтарытэтам для таго, каб адолець такую задачу? «Манарх сам стаў сімвалам няроўнасці», – такое меркаванне выказвае нідэрландская газета De Volkskrant.

«Кароль Вілем-Аляксандр заявіў у мінулы чацвер, што ён мае намер прыкласці яшчэ больш намаганняў і зрабіць усё магчымае для таго, каб аб’яднаць палярызаваную краіну . Ён – чалавек з добрым сэрцам. Але, падобна, ён не разумее, што менавіта яго роля і спрыяе палярызацыі, паколькі манархія – гэта анахранізм і сярэднявечны знак няроўнасці і несправядлівасці, які ўжо проста набіў аскому вялікаму мноству людзей», – падкрэслівае нідэрландская газета.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.