Агляд прэсы: у пошуках трэцяга
У Беларусі агучылі больш за 80 актаў тэрарызму і сабатажу на чыгунцы. Байкот газу на фоне вайны. Францыя выбірае прэзідэнта. Працэс па справе Хашогі пераносіцца ў Рыяд. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі паведаміла, што на чыгуначнай інфраструктуры краіны здзейснена больш за 80 актаў «тэрарызму і дыверсій», – паведамляе ўкраінскае выданне The New Voice of Ukraine.
Паводле матэрылу, на працягу апошніх тыдняў праўладныя беларускія СМІ паведамлялі пра арышт дзясяткаў чыгуначнікаў і меркаваных нападнікаў. Таксама адбыўся інцыдэнт, калі міліцыянты стралялі, каб забіць трох чалавек.
Паводле ранейшых паведамленняў, беларускія «чыгуначныя партызаны» спрабуюць спыніць рух ваеннай тэхнікі і ўзбраенняў па сетцы беларускіх чыгунак.
«Расея, якая 24 лютага пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі для нападу на Украіну. У прыватнасці, яна базіравала баявыя самалёты ў Беларусі і адтуль запускае ракеты па цэлях ва Украіне. Беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка дазволіў перавозіць па краіне чыгуначным транспартам расейскую вайсковую тэхніку і зброю. Акрамя таго, целы загінуўшых ва Украіне расейскіх захопнікаў дастаўлены ў беларускія моргі, а параненыя — у беларускія шпіталі», – падкрэслівае ўкраінскае выданне.
***
Прэм’ер-міністр Італіі Марыё Драгі падтрымлівае байкот расейскага газу на фоне вайны ва Украіне. «Мы павінны задацца пытаннем, што ж мы на самай справе ўпадабаем: мір, ці каб усё лета бесперабойна працавалі кандыцыянеры?» – заявіў ён у сераду. Італьянская газета Avvenire пахвальна адклікаецца аб гэтых словах.
«Узнікае пытанне, чаму гэта не стала прадметам абмеркаванняў на палітычным узроўні. Між тым, гэтая тэма ўжо прагучала на ўзроўні грамадзянскай супольнасці, а таксама дзякуючы муніцыпальным ініцыятывам па пытаннях «энергетычнай дыеты». Гэта – найлепшая магчымасць паставіць агрэсара перад тварам рашэнняў, накіраваных на накладанне рэальных і значных «санкцый» у абарону слабых. Бо ў адваротным выпадку мы працягнем фінансаванне вайны агрэсара, падсілкоўваючы яе сваімі пастаўкамі ўзбраенняў народу, які змушаны абараняцца, і надоўга зацягнем гэтую вайну», – адзначае італьянскае выданне.
***
Апытанні паказваюць, што ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў у Францыі найлепшыя шанцы трапіць у другі тур – у дзейнага прэзідэнта Эманюэля Макрона і прадстаўніцы крайне правых – Марын Ле Пен. Еўрапейская прэса крытыкуе перадвыбарную кампанію і не без трывогі абмяркоўвае чаканыя вынікі.
Нямецкая газета Zeit Online турбуецца аб лёсе агульнага фронту супраць Расеі.
«У якасці прэзідэнта Ле Пэн мае намер выключыць Францыю са структураў аб’яднанага камандавання NATO. Хаця Францыя і не пакіне альянс заходніх краін, яна, безумоўна, ад яго дыстанцуецца. Французскія войскі, дыслакаваныя ў краінах Балтыі і Румыніі, як мяркуецца, будуць выведзены. Наступствы могуць быць вельмі сур’ёзнымі: NATO, якая зараз займаецца ўмацаваннем свайго ўсходняга флангу, будзе аслаблена; ад былога адзінства Захаду не застанецца і следу. Уладзімір Пуцін быў бы вельмі рады. Гучыць крыху банальна, але гэта праўда: у бліжэйшыя некалькі тыдняў рашэнні аб будучыні Еўропы будуць таксама прымацца ў Францыі. Лепш, калі мы за гэтым будзем уважліва сачыць”, – адзначае нямецкае выданне.
***
У Турцыі спыняецца судовы працэс па справе аб забойстве журналіста Джамаля Хашагі. Цяпер справа перадаецца Саудаўскай Аравіі, паколькі Турцыя не змагла затрымаць падазраваных. Праваабаронцы б’юць трывогу, баючыся ўтойвання злачынства, здзейсненага ў 2018 годзе ў консульстве Саудаўскай Аравіі ў Стамбуле.
«Рашэнне абапіраецца на палітычныя ўказанні з Анкары», – піша нямецкая газета taz.
«Па прыкладзе таго, як пачатак працэсу два гады таму было палітычнай дэманстрацыяй, яго спыненне сёння – нішто іншае як сігнал саудаўскаму кронпрынцу бін Салману. Турцыя зноў адпраўляе свайго амбасадара ў Егіпет, яна замірылася з краінамі Персідскага заліва і зараз мае намер аднавіць сумесныя справы з саудытамі. У бліжэйшы час Эрдаган збіраецца наведаць Рыяд, так што старая спрэчка па справе Хашагі будзе толькі перашкаджаць», – падкрэслівае нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.