Агляд прэсы: у прыцэле першага раўнда



Культурная сцэна Беларусі ў небяспецы па меры ўзмацнення рэпрэсій. СМІ свету абмяркоўваюць перапалку прадстаўнікоў ЗША і Кітая. Ізраіль рыхтуецца да парламенцкіх выбараў.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

«Яркая культурная сцэна Беларусі задушваецца на фоне жорсткага разгону іншадумства, пры гэтым улады адвольна затрымліваюць і катуюць мастакоў, музыкаў, пісьменнікаў і акцёраў, а іншых прымушаюць пакінуць працу», – паведамляе выданне Amnesty International.

Выданне прыводзіць шэраг кейсаў парушэнняў правоў культурніцкіх дзеячаў Беларусі і падкрэслівае, што нельга недаацэньваць маштабы рэпрэсій супраць беларускай культурнай сцэны. Улады метадычна знішчаюць культурнае жыццё Беларусі і найбольш крэатыўных членаў, імкнучыся падавіць усе напрацоўкі свабоды слова і нязгоды з рэжымам.

Падчас сваёй першай сустрэчы дзяржсакратар ЗША Блінкен і яго кітайскі калега Ван І абмяняліся ўзаемнымі прэтэнзіямі наўпрост перад камерамі журналістаў. Блінкен звінаваціў Пекін у стварэнні пагрозы сусветнай стабільнасці, а Ван І залічыў Вашынгтону умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Кітая. Як адзначае еўрапейская прэса, новая адміністрацыя ЗША выразна акрэсліла свой курс.

«На сённяшні дзень ЗША – адзіная краіна, якая дае адпор Кітаю», – адзначае швейцарская газета NZZ am Sonntag.

«Эканамічная зверхмагутнасць Кітая вымусіла заходнія краіны стаць куды больш памяркоўнымі да парушэнняў каштоўнасцяў і правоў чалавека. Акрамя ЗША, наўрад ці ў свеце ёсць яшчэ адна краіна, якая можа дазволіць сабе ўступіць у спрэчку з Кітаем. А ЗША могуць сабе гэта дазволіць. І яны гэта робяць з тых часоў, як заўважылі, што Кітай ставіць пад пытанне лідарства ЗША ў свеце. І той факт, што пад кіраўніцтвам Байдэна ЗША спрабуюць будаваць альянсы і даваць адпор Кітаю там, дзе гэта неабходна, ёсць самы эфектыўны спосаб не дапусціць скочвання міжнароднай сістэмы да аўтакратычнай тэндэнцыі», – адзначае швейцарскае выданне.

У аўторак у Ізраілі пройдуць выбары ў парламент, чацвёрты раз за апошнія два гады. І на гэты раз фармаванне кааліцыі будзе, мяркуючы па ўсім, няпростай задачай. Паводле дадзеных апытанняў, лідзіруе ў гонцы нацыянал-кансерватыўная партыя Лікуд, якую ўзначальвае дзеючы прэм’ер-міністр Біньямін Нетаньяху. Пазіцыі яго партый-партнёраў з правага рэлігійнага спектру слабыя.

«Нетаньяху ператварыў прышчэпкавую кампанію ў цэнтральны пункт сваёй перадвыбарчай агітацыі», – такім назіраннем дзеліцца Надаў Эйяль, вядучы міжнародны карэспандэнт ізраільскай тэлекампаніі ў сваім артыкуле для італьянскай газеты Corriere della Sera:

«У агітацыйных роліках партыі Лікуд Нетаньяху паказвае пустыя вуліцы еўрапейскіх гарадоў, закрытыя крамы і змрочную атмасферу на кантрасце з вуліцамі Тэль-Авіва з іх напоўненымі жыццём клубамі, адкрытымі ў практычна неабмежаваным рэжыме. Як гэта заўсёды здараецца ў выпадку з Нетаньяху, краіна абавязана ўсім яму аднаму», – падкрэслівае італьянскае выданне і робіць дзве высновы. Першая выснова заключаецца ў тым, што пандэмія COVID-19 выкарыстоўваецца палітыкамі для маскіроўкі глыбокіх праблем, а ў выпадку Ізраіля — яшчэ і палітычнай карупцыі. Другая важная праблема – трайбалізм. Нягледзячы на ўсе глабальныя ўзрушэнні, выкліканыя вірусам, архаічная палітыка ў стылі ХХ-га стагоддзя ў Ізраілі нікуды не дзелася.

«Кампутарная мадэль паказала: магчыма, каронавірус пачаў распаўсюджвацца на некалькі месяцаў раней, чым меркавалася. Гэта сведчыць пра тое, наколькі важнай была б сістэма назірання, якая распазнае небяспечныя вірусы на ранніх этапах», – піша нямецкае выданне Süddeutsche Zeitung.

Згодна з афіцыйнай версіяй, першыя выпадкі заражэння новым каронавірусам былі зарэгістраваныя напрыканцы снежня 2019 года ў кітайскім горадзе Ухань. Але Sars-CoV-2, верагодна, пачаў заражаць людзей ужо некалькімі тыднямі раней. Да такіх высноваў прыйшла каманда навукоўцаў з Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Сан-Дыега, якая аб’яднала ў сваім даследаванні генетычныя аналізы і кампутарныя мадэлі аб распаўсюджванні вірусу.

«Магчыма, узбуджальнік перадаўся ад кажаноў невядомаму прамежкаваму гаспадару ў сельскім рэгіёне. Жывёлы, якіх масава разводзяць людзі , з’яўляюцца найбольш верагоднымі прамежкавымі гаспадарамі, у арганізме якіх вірус назапасіў неабходныя мутацыі для таго, каб стаць уразлівым для чалавека», – адзначае нямецкае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя