Агляд прэсы: У свеце постпраўды



Да канца года плануецца пабудаваць яшчэ 20 км агароджы на латвійска-беларускай мяжы. Украіна як рэкамендант для пашырэння ЕЗ. Перадвыбарная кампанія ў ЗША: Трамп апярэджвае Байдэна. У Гішпаніі Санчэc на парозе фармавання ўрада. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«На пасяджэнні назіральнай камісіі ад мяжы, якой была даручана арганізацыя будаўніцтва памежнай інфраструктуры, праінфармавалі аб ходзе будаўніцтва латвійска-беларускай і латвійска-расейскай памежнай інфраструктуры», – піша ўкраінскае выданне cbc.org.ua.

«Да 3 лістапада на латвійска-беларускай мяжы пабудавана агароджа працягласцю 92,1 км, што складае 82% ад запланаванай у гэтым годзе планавай працягласці 112 км, да наступнага — каля 30 км агароджы ўздоўж вадаёмаў. Да канца года павінна быць пабудавана яшчэ 19,9 км агароджы. На трэцім этапе будаўнічых работ на латвійска-беларускай мяжы вядуцца праектныя і інжынерна-пошукавыя работы на ўчастку ўздоўж ракі Даўгава працягласцю 16,7 км. Будаўніцтва шасці вежаў сувязі, пад’язных дарог і патрульных шляхоў на гэтым участку плануецца часткова прафінансаваць са сродкаў Еўразвяза», – перадае ўкраінскае выданне.

***

Увага еўрапейскай прэсы працягвае займаць рашэнне Еўракамісіі, якое рэкамендуе пачаць перамовы аб уступленні Украіны ў Еўразвяз – нягледзячы на тое, што краіна знаходзіцца ў стане вайны. Журналісты бачаць нямала перашкод – і не ў апошнюю чаргу тое, што для пачатку краіне неабходна правесці ў жыццё мноства рэформ. Узгадваецца і той факт, што многім краінам, якія жадаюць уступіць у ЕЗ, даводзіцца чакаць куды даўжэй. Люблянская газета Delo раіць не гнаць коняў.

«Уступленне вялікай і беднай краіны, якой з’яўляецца Украіна, стала б для супольнасці занадта вялікім кавалкам. Акрамя таго, цяжка сабе ўявіць, як ЕЗ наогул будзе дзейнічаць і прымаць рашэнні, калі ён прыме ў свае шэрагі яшчэ паўдзясятка краін. Куды рэалістычней было б, калі б ЕЗ пачаў паступова прыадчыняць свае дзверы краінам-кандыдатам, – напрыклад за кошт паэтапнага забеспячэння доступу да свайго ўнутранага рынку. Такім чынам карысць будучага членства была б для гэтых краін больш нагляднай і адчувальнай – і давала б больш матывацыі праводзіць рэформы ў сябе дома. Занадта паспешнае прыняцце ў шэрагі ЕЗ новых чальцоў можа, наадварот, прывесці да няўдач у справе пашырэння», – адзначае славенскае выданне.

***

Паводле апытання New York Times, калі б выбары прэзідэнта ЗША адбыліся ў бліжэйшы час, то Дональд Трамп абышоў бы цяперашняга гаспадара Белага Дома Джо Байдэна ў пяці з шасці вагальных штатаў – там, дзе няма яўнай перавагі дэмакратам або рэспубліканцам. Еўрапейская прэса разважае аб тым, хто і якія высновы павінен з гэтага зрабіць. «Незайздросныя паказчыкі дзейнага прэзідэнта ў апытаннях грамадскай думкі павінны прымусіць дэмакратаў задумацца», – піша лонданская газета The Times.

«Мяркуючы па ўсім, галоўныя асцярогі выбаршчыкаў датычацца старэчага ўзросту Байдэна: толькі 25 працэнтаў апытаных прытрымліваюцца думкі, што ў яго дастаткова сіл і цягавітасці, каб працягваць займаць пасаду прэзідэнта. Дэмакратам трэба будзе прыняць няпростае рашэнне: працягваць рашуча падтрымліваць непапулярнага Байдэна ці ж рызыкнуць зрабіць стаўку на маладзейшага і дынамічнага кандыдата? Улічваючы войны ва Украіне і на Блізкім Усходзе, а таксама той факт, што Кітай раз-пораз прагна пазірае ў бок Тайваня, для захавання сусветнага парадку сёння як ніколі важна, каб ЗША упэўнена і паслядоўна праецыравалі сваю сілу і ўплыў», – піша брытанскае выданне.

***

Прэм’ер-міністр Гішпаніі Педра Санчэс ад Гішпанскай сацыялістычнай рабочай партыі можа быць пераабраны на новы тэрмін ужо на наступным тыдні. У чацвер ён дамовіўся аб супрацоўніцтве з каталонскай партыяй незалежнасці Junts. Гэтаму папярэднічалі пагадненні з левым альянсам Sumar і каталонскай партыяй Левыя рэспубліканцы Каталоніі. Аглядальнікі спрачаюцца аб магчымых наступствах, у тым ліку і пра тое, што можа пацягнуць за сабой запланаваная амністыя сепаратыстаў. «Санчэс гатовы заплаціць любую цану, абы застацца прэм’ерам», – адзначае турынская газета La Stampa.

«Пэдра Санчэс – палітычны акрабат. Але зараз ён выконвае падвойнае сальта без страхоўкі. Са сваёй еўрапейскай парламенцкай ссылкі ў Бруселі Пучдэмон здолеў выгандляваць у яго высокую цану: амністыю для сябе і ўсіх абвінавачаных у мецяжы. І тут у наяўнасці дзве праблемы. Адна тычыцца канстытуцыйнасці: дыскусія сярод юрыстаў ужо пачалася. Другая праблема больш сур’ёзная: гэта была б амністыя без раскаяння з боку амніставаных, якім надалей нішто не перашкодзіць неадкладна вярнуцца да справы, якая і прывяла іх да прысуду суда па абвінавачванні ў падбухторванні да мецяжу», – адзначае італьянскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.