Агляд прэсы: у выйгрышы – трэці
Нямецкая здабыча ўгнаенняў можа выйсці на першае месца ва ўмовах эмбарга Беларусі. Перамовы ў Стамбуле: першы крок на шляху да міру? Турцыя ў ролі пасярэдніка. Будучыня Еўропы: не паўтараць памылак мінулага. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Нягледзячы на тое, што ЕЗ забараніў імпарт калійных угнаенняў з Беларусі ў рамках санкцыйнага рэжыму, пробнае бурэнне для дадатковых калійных шахтаў ва Усходняй Германіі выглядае перспектыўным», – піша еўрапейскае выданне Еuractiv.
Выданне падкрэслівае, што эмбарга на мінеральныя ўгнаенні з Беларусі, якая пастаўляла каля траціны імпарту калійных угнаенняў у ЕЗ, было ўведзена ў пачатку сакавіка ў рамках санкцыйнага пакета ЕЗ супраць Беларусі за падтрымку Расеі ў яе ваеннай атацы супраць Украіны. Пры гэтым ЕЗ залежыць ад імпарту мінеральных угнаенняў, і чакаецца, што эмбарга прывядзе да значнага росту коштаў.
«Павелічэнне сусветнай прапановы было «неверагодным» ва ўмовах санкцый супраць Беларусі і Расеі. У той час як нямецкая вытворчасць складае каля паловы калію, які выкарыстоўваецца ў ЕЗ, яго трэба будзе значна павялічыць, каб кампенсаваць спынены імпарт з Беларусі і Расеі. Нягледзячы на тое, што рэгіён можа атрымаць эканамічны выйгрыш, павелічэнне здабычы можа прывесці да экалагічных праблем, такіх, як засаленне бліжэйшых рэк. Пры гэтым эколагі сцвярджаюць, што мэтай павінна быць у першую чаргу адмова ад выкарыстання мінеральных угнаенняў для сельскай гаспадаркі. Замест таго, каб нарошчваць унутраную вытворчасць калію, каб кампенсаваць недахоп імпарту з Беларусі, цяперашні крызіс з’яўляецца нагодай паставіць пад сумнеў індустрыяльны спосаб вядзення сельскай гаспадаркі, які практыкуецца ў Германіі», – адзначае еўрапейскае выданне.
Чарговы раунд перамоваў, які адбыўся ў аўторак, абазначыў некаторыя прыкметы прагрэсу. Так, Расея заявіла, што мае намер кардынальна скараціць баявыя дзеянні на кіеўскім і чарнігаўскім кірунках і засяродзіцца на дзеяннях на ўсходзе Украіны. У сваю чаргу Кіеў вылучыў умовы, на якіх ён гатовы разгледзець пытанне нейтралітэту. Сярод агучаных прапаноў – стварэнне групы дзяржаў, якія б выступілі гарантамі бяспекі Украіны. Еўрапейская прэса настроена скептычна. «Для шэрагу рэгіёнаў Украіны адвод расейскіх войскаў ад Кіева абернецца яшчэ большым пагаршэннем сітуацыі», – адзначае швейцарская газета Tages-Anzeiger.
«Калі Масква выканае тое, пра што абвясціла, гэта будзе дабром для Кіева і яго наваколляў, а таксама значным дасягненнем украінскай арміі. А вось для паўднёвага ўсходу Украіны, дзе ўжо ідуць самыя разлютаваныя баі, гэта, хутчэй за ўсё, будзе азначаць татальную вайну. І кране гэта, да прыкладу, блакіраванага і кінутага ў роспачы Марыўпаля або Луганскай і Данецкай абласцей. Беспрэцэдэнтная хваля салідарнасці з Украінай у Еўропе, якая падсілкоўваецца яшчэ і тым, што вайна ва ўсёй яе жорсткасці бачная ўсім, можа хутка пайсці на спад, калі далёка на ўсходзе замаячыць бясконцы рэгіянальны канфлікт», – адзначае швейцарскае выданне.
Тое, што месцам правядзення перамоваў паміж Кіевам і Масквой выбрана Турцыя, цалкам лагічна: яна мяжуе як з Украінай, так і з Расеяй. Турцыя ўваходзіць у НАТО і падтрымлівала ў Сірыі і Нагорным Карабаху супернікаў Расеі. Пры гэтым Анкара раз-пораз уступае і ў спрэчкі з Еўразвязам, напрыклад, па пытанні газу, Кіпра або бежанцаў. Выступаючы ў ролі пасрэдніка, Турцыя павялічвае сваю знешнепалітычную вагу. Нельга сказаць, што еўрапейская прэса рада такому развіццю падзей. «Парыж страціў сваю дыпламатычную значнасць», – наракае французская газета Contrepoints.
«Не прытрымлівацца ні праатлантычнага, ні прарасейскага курсу, а замест гэтага спрабаваць быць гэтакім мостам паміж рознымі сіламі, і пры гэтым адстойваць французскія інтарэсы. Гэтая дактрына за апошняе дзесяцігоддзе ў значнай ступені аслабла, асабліва пры Сарказі. Падчас крызісу вакол Грузіі ў 2008 годзе яму ўдалося выступіць пасярэднікам, аднак немалая частка дзяржаўнага апарата і французскіх СМІ паступова далучылася да пазіцыі ЗША. Грамадская думка падзялілася: на тых, хто прытрымліваецца праатлантычных пазіцыяў, і тых, хто займае пазіцыі прарасейскія. І тое, што сёння ролю пасярэдніка замест Францыі ўзяў на сябе антыліберальны рэжым у асобе Турцыі, вельмі сумна для Еўропы», – падкрэслівае французскае выданне.
На фоне расейскай агрэсіі супраць Украіны адносіны паміж Расеяй і астатняй Еўропай рэзка пагоршыліся. Сітуацыі, падобнай цяперашняй, не было з часоў заканчэння халоднай вайны. Пуцін унёс усе краіны ЕС, якія ўвялі санкцыі супраць Расеі, у спіс «недружалюбных краін». Еўрапейская прэса праводзіць паралелі з мінулым, і разважае аб тым, што Еўропа павінна ўлічыць на будучыню.
Польская газета Rzeczpospolita спрабуе знайсці тлумачэнне шматгадовай адсутнасці рэакцыі Заходняй Еўропы на ўсё больш агрэсіўныя паводзіны Расеі.
«Адрозненні паміж краінамі «старой» і «новай» Еўропы добра бачныя ва стаўленні да Расеі. Яны заснаваны на розным досведзе. З сярэдзіны ХХ стагоддзя на чале вугла міжнародных адносін Заходняй Еўропы стаяць еўрапейская агульнасць каштоўнасцяў і інтарэсаў, прагматызм і пацыфізм. На працягу многіх гадоў гэтыя дзяржавы выбудоўвалі свой росквіт, дзякуючы наладжванню разгалінаванай сеткі эканамічных і палітычных адносін. Узаемавыгадныя адносіны паміж Захадам і Расеяй ажыццяўляліся пад дэвізам «змены праз гандаль», – тлумачыць пасіўнасць Захаду польскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка