Агляд прэсы: ударыць спакваля



Ці сыйдзе «пуцінскае НАТО» услед за Варшаўскай дамовай у невядомасць? Фінляндыя: на ўсіх парах у НАТО. Украіна: ці можа ЕЗ дабіцца аднаўлення перамоваў? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У аўторак 16 траўня ў Маскве запланавана сустрэча лідараў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), у тым ліку Расеі, Беларусі, Казахстана, Кыргызскай Рэспублікі, Арменіі і Таджыкістана. Гэтая арганізацыя — расейская версія Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавора (НАТО) і мае некаторыя характарыстыкі, падобныя да Варшаўскай дамовы, якая была створана 14 мая 1955 года ў Варшаве, Польшча», – піша еўрапейскае выданне Euobserver.

Аднак у адрозненні ад большасці абарончых саюзаў, Варшаўская дамова ніколі не разгортвала войскі за мяжой, а толькі ў сваіх краінах-сябрах. У 1956 годзе войскі былі накіраваныя для падаўлення антыкамуністычных пратэстаў у Венгрыі, дзе загінулі каля 3000 чалавек. У 1968 годзе 124 000 вайскоўцаў былі накіраваныя ў Чэхаславакію, каб разграміць «Пражскую вясну». За 30 гадоў існавання АДКБ адзін-адзіны раз яна адправіла свае войскі ў Казахстан у студзені. Арганізацыя праігнаравала просьбы прэм’ер-міністра Арменіі Ніколы Пашыняна ў вайне з Азербайджанам у 2020 годзе і просьбу Кыргызскай Рэспублікі ў 2010 годзе, адмова ад якой прымусіла прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку заявіць, што «далейшая дзейнасць АДКБ з’яўляецца бесперспектыўнай, паколькі арганізацыя не рэагуе на «дзяржаўны пераварот» у адной з дзяржаў-сяброў». Цяпер, на 67-ю гадавіну заснавання Варшаўскай дамовы і 30-годдзе заснавання АДКБ, апошняя збіраецца ў Маскве, каб прыкрыць, што Расея не адна ў вайне супраць Украіны. Да таго ж, ці не падыме Расея пытанне, што вайна ва Ўкраіне ёсць нападам на тэрыторыю Расеі і кіне заклік да сяброў АДКБ далучыцца да яе барацьбы з Кіевам?», – задае нязручнае пытанне еўрапейскае выданне.

***

На фоне вайны ва Украіне Фінляндыя рэзка мяняе свой курс у знешняй палітыцы: у чацвер прэм’ер-міністр краіны Санна Марын і прэзідэнт Саўлі Нііністэ адназначна выказаліся за неадкладнае ўступленне краіны ў НАТО. Сяброўства ў альянсе ўмацуе бяспеку Фінляндыі – так гаворыцца ў сумеснай заяве. Што гэта значыць для будучыні на еўрапейскім кантыненце?

Фінская газета Ilta-Sanomat піша аб тым, што ж падштурхнула Фінляндыю да ўступлення ў НАТО.

«Будучыня сяброўства Фінляндыі ў НАТО мае пад сабой толькі адну прычыну: Расея бесцырымонна, супрацьпраўна і жорстка напала на Украіну. З моманту ўварвання ні адна суседняя з Расеяй краіна не можа ёй больш давяраць. Мяркуючы па ўсім, разам з Фінляндыяй у НАТО ўступіць і Швецыя. Тады на поўнач ад Расеі з’явіцца згуртаваны блок краін, на які яна не зможа аказваць ніякага ціску», – адзначае фінскае выданне.

***

У той час як ідзе вайна Расеі супраць Украіны і ўсё больш узмацняецца жорсткасць, Еўразвяз нарошчвае свае дыпламатычныя намаганні: вядучыя палітыкі Еўропы адзін за адным прыязджаюць з візітам у Кіеў. Канцлер ФРГ Шольц і прэзідэнт Францыі Макрон спрабуюць садзейнічаць больш хуткаму дасягненню перамір’я як асновы для вядзення перагавораў паміж абодвума бакамі. Прэса таксама падкрэслівае неабходнасць перамоваў.

Расейскае выданне Камерсант FM, з прычыны пагражаючага Расеі эканамічнага крызісу патрабуе тэрмінова пачаць перамовы:

«Інфляцыя на 20 працэнтаў у гэтым годзе ўжо як бы гарантаваная. Але затым, відаць, стане лепш. Праблема ў тым, што цяпер складана штосьці прагназаваць з высокай доляй верагоднасці. Чаму? Таму што няма дакладнага разумення, колькі працягнецца рэжым санкцый, наколькі і як ён будзе пашырацца. Калі былыя партнёры перадумаюць і ці перадумаюць наогул? Добра калі ў 2024 годзе ўсё скончыцца, а калі не? Так што, як ні круці, шмат што, калі не ўсё, упіраецца ва ўкраінскае ўрэгуляванне. І тут, як гэта афіцыйна прызнаецца, аптымізм, скажам так, не зашкальвае. Прынамсі, па стане на сённяшні дзень», – канстатуе расейскае выданне.

***

Апеляцыйны суд у Турцыі пацвердзіў прысуд, вынесены апазіцыянерцы Джанан Кафтанджыаглу, якой суд папярэдняй інстанцыі прызначыў пакаранне ў выглядзе каля пяці гадоў турэмнага зняволення, і фактычнай забароны на займанне палітычнай дзейнасцю. Кіраўнік стамбульскага аддзялення Рэспубліканскай народнай партыі прызнана, сярод іншага, вінаватай у абразе прэзідэнта ў сваіх твітах з 2012 па 2017 год. Што стаіць за гэтым прысудам?

«Гэты прысуд – таксама справа рук урада Эрдагана», – упэўненая турэцкая газета Cumhuriyet.

«Кацёл кіпіць. Пакуль мы казалі пра забарону дэманстрацый і пакаранні па справе аб акцыях пратэсту ў парку Гезі, суд зацвердзіў прысуд Кафтанджыаглу – чатыры гады і адзінаццаць месяцаў турэмнага зняволення. Мала таго, ёй і забаранілі займацца палітыкай. Відавочна, што гэта толькі пачатак. Рашэнне аб зняволенні ў турму кіраўніка стамбульскага аддзялення апазіцыйнай партыі за даўні допіс ў сацыяльных сетках – гэта наўмысная спроба нагнятання напружанасці. Урад рыхтуецца весці краіну да выбараў 2023 фактычна ва ўмовах надзвычайнага становішча. А заадно яно яшчэ і руйнуе краіну эканамічна», – папярэджвае турэцкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.