Агляд прэсы: Удзел у працэсе



Чаму кіруючы рэжым Беларусі не прадстаўляе народ Беларусі. Орбан пагражае накласці вета на палітыку ЕЗ па Украіне. Блізкі Усход: рэжым спынення агню як шанец на мір. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Латвія працягне падтрымліваць дэмакратычныя памкненні народа Беларусі і апазіцыі, а таксама рашуча асуджае рэпрэсіі супраць народа Беларусі з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі», – цытуе мясцовае выданне LSM прэм’ер-міністра Латвіі Эвіку Сіліня, якая сустрэлася ў Рызе з лідаркай беларускай дэмакратычнай апазіцыі Святланай Ціханоўскай.

«Прэм’ер-міністр заявіла, што Латвія працягвае патрабаваць вызвалення ўсіх каля 1500 палітычных зняволеных у Беларусі. Аргумент просты. Кіруючы рэжым Беларусі не прадстаўляе народ Беларусі. Латвія працягне падтрымліваць беларускі дэмакратычны рух, які імкнецца да свабоды. Таксама краіна на высокім узроўні патрабуе неадкладнага спынення рэпрэсій і парушэнняў правоў чалавека. Латвія акажа практычную дапамогу ў падтрымцы намаганняў дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі шляхам дакументавання парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Таксама Латвія па-ранейшаму будзе бяспечным месцам для беларускіх незалежных журналістаў.

Адпаведна Латвія працягне падтрымліваць міжнародную ізаляцыю кіруючага рэжыму Беларусі, а таксама ўзмацненне санкцый супраць яго. Паказальна, што ў размове Ціханоўская параўнала цяперашнюю сітуацыю ў сваёй краіне са сталінскім перыядам Савецкага Саюза. Яна падзякавала Латвіі за падтрымку і заклікала міжнародную супольнасць працягваць аказваць максімальны ціск на дыктатара Лукашэнку», – паведамляе латвійскае выданне.

***

Прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан прыгразіў накласці вета на пачатак перамоваў аб уступленні Украіны ў ЕЗ. Рашэнне адносна Украіны плануецца прыняць на саміце ЕЗ у Бруселі ў сярэдзіне снежня, дзе будзе таксама абмяркоўвацца выдзяленне Кіеву дадатковых 50 мільярдаў еўра дапамогі. Аглядальнікі абураныя выкрутасамі Будапешта. «У Еўразвяза пакуль што няма дзейснага рычага супраць эскапад, якія прымае Будапешт», – канстатуе венская газета Kurier.

«Пасля шматлікіх гадоў бездапаможнага назірання за тым, як Орбан паступова дэмантуе ўсё, што было «ліберальнага» ў Венгрыі; Брусель у мінулым годзе аддаўся надзеі, што, маўляў, нарэшце знойдзена эфектыўнае пакаранне для лідара «антыліберальнай дэмакратыі». ЕЗ утрымлівае больш за 20 мільярдаў еўра і не дае іх Венгрыі. Да таго часу, пакуль сістэма Орбана не вернецца на агульны еўрапейскі шлях. Але тут ёсць падвох: калі не будзе грошай ад ЕЗ для Венгрыі, то Орбан будзе працягваць устаўляць палкі ў колы Еўразвязу!», – наракае аўстрыйскае выданне.

***

Па паведамленнях з Катара, рэжым спынення агню паміж Ізраілем і радыкальнай ісламісцкай групоўкай ХАМАС падоўжаны яшчэ на два дні. Як заявіў Егіпет, плануецца, што ў кожны з гэтых дзён ХАМАС будзе вызваляць па дзесяць закладнікаў – у абмен, адпаведна, на 30 палестынскіх зняволеных, якіх Ізраіль вызваліць з турмаў. Плануецца таксама пашырыць пастаўкі гуманітарнай дапамогі ў сектар Газа. Ці можа спыненне агню перайсці ў доўгатэрміновы мір? Дублінская газета Irish Independent вітае падаўжэнне перамір’я.

«Любы дзень без смертазабойства, які дазваляе аблегчыць сітуацыю і даставіць дапамогу, пераважней разні – для любога з бакоў. Самы час пакласці канец невыносна высокай колькасці ахвяр сярод цывільнага насельніцтва – колькасці, якая не здзіўляе, улічваючы шчыльнасць насельніцтва на такой невялікай тэрыторыі. Без усялякага сумневу, на фоне гэтак вельмі сур’ёзных выклікаў, мір і стабільнасць можна здабыць толькі палітычным, але не ваенным чынам. У гэтым ключы доўгатэрміновае спыненне агню дало б куды больш карысці, чым аднаўленне катастрафічнай вайны», – адзначае ірландскае выданне.

***

У чацвер у Дубаі пачне сваю працу 28-я Канферэнцыя ААН па змяненні клімату, у якой прымуць удзел больш за 190 дзяржаў планеты. На парадку дня стаіць рашэнне аб пакеце мер, якія прадугледжваюць патроенне аб’ёму энергіі, што здабываецца з аднаўляльных крыніц. 20 краін-удзельніц выступаюць з заклікам адмовіцца ад усіх відаў выкапнёвага паліва. Аглядальнікі спрачаюцца аб тым, ці можна дасягнуць пастаўленых мэт, засядаючы ў багатых нафтай Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, ды яшчэ і на фоне таго, што старшынёй саміту заяўлены кіраўнік буйной нафтавай кампаніі Султан Ахмед Аль-Джабер. «Праблематычныя ўмовы, у якіх пройдзе саміт, не вызваляюць ад адказнасці», – падкрэслівае парыжская газета Le Monde.

«У шмат якіх адносінах Аб’яднаныя Арабскія Эміраты з’яўляюцца менавіта тым месцам, дзе і варта паставіць рубам пытанне аб паэтапнай адмове ад выкапнёвай нафты і газу. Бо пазіцыя гэтай краіны, як галоўнага выгаданабывальніка ад выкапнёвых крыніц энергіі, дзейнічае як «крывое люстэрка», якое толькі абвастрае пытанне, што тычыцца нашага існавання на гэтай Зямлі. Правядзенне саміту COP28 у Дубаі, несумненна, – далёка не ідэальнае рашэнне, а выбар старшыні – сумніўны. Але нам не варта загадзя рабіць стаўку на правал, забываючыся на сваю ўласную адказнасць за працяг нафтагазавай авантуры», – заклікае французскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.