Агляд прэсы: ураўнаважыць шалі
Пастка для Беларусі пасля Украіны. Кіева-кітайскія лаўры. Ці маецца месца для прававой дзяржавы ў Венгрыі і Польшчы? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Беларусь з’яўляецца адным з найбольш верагодных месцаў, дзе можа пачацца вайна паміж Расеяй і Захадам», – папярэджвае амерыканскае выданне War On The Rocks.
Выданне ўпэўнена: будучыня Беларусі ставіць актуальныя і востра непрадказальныя пытанні для ўсяго рэгіёну. А таму заходнія палітыкі павінны зрабіць усё магчымае, каб сфармуляваць жыццяздольную палітыку ў дачыненні да Беларусі да наступлення наступнага вітку крызісаў.
«Прынамсі яны могуць пачаць гэтую складаную працу, перагледзеўшы адносіны паміж Беларуссю і Украінай, якая ставіць перад Захадам падобныя выклікі. Прыклад Украіны цягам апошніх 10-ці гадоў павінен служыць апірышчам заходняй палітыкі ў дачыненні да Беларусі, бо ва ў самой Украіне дагэтуль існуе розніца паміж заяўленымі памкненнямі заходняй палітыкі і рэальнай рэчаіснасцю», – падкрэслівае War On The Rocks.
Акрамя таго аналітычнае амерыканскае выданне папярэджвае, што Захад не з’яўляецца маналітам у адносінах да Беларусі . Прыбалтыйскія рэспублікі і Польшча, здаецца, гатовыя да змены рэжыму ў Беларусі. Паўднёвая Еўропа не вызначылася, Францыя і Германія зацікаўлены ў аднаўленні дыпламатычных кантактаў з Расеяй. А таму ключавой будзе высокая ступень каардынацыі паміж Берлінам і Вашынгтонам.
«Таму ў адносінах Беларусі варта паўтарыць 4 урокі ад Украіны. Па-першае, не абяцаць дэмакратыю адразу. Па-другое, заўсёды памятаць пра ваенную дынаміку, адказ Масквы, якая мае значны ўплыў на палітычную будучыню Беларусі. Па-трэцяе, у любым выпадку пазбегнуць вайны на гэтай тэрыторыі. І нарэшце, мяккай рукой пабудаваць сцяну вакол Лукашэнкі», – раіць амерыканскае выданне.
У апошні час Кіеў зрушыў фокус у бок Кітаю. Прэзідэнт Зяленскі ўпершыню правёў тэлефонныя перамовы са сваім кітайскім калегам Сі Цзіньпінам. Функцыянеры украінскай партыі Слуга народа павіншавалі кітайскі бок са стогадовым юбілеем Камуністычнай партыі краіны. Акрамя таго, Украіна заключыла з Кітаем дагавор аб інфраструктурных праектах, і цяпер можа атрымаць першыя крэдыты з Пекіну.
Украінскае выданне gordonua.com папярэджвае:
«Гандаль і міжнародныя інвестыцыі ва Украіну – ключавы элемент дасягнення эканамічнага росквіту, а Кітай з’яўляецца крытычна важным партнёрам у гэтай сферы, таму варта працягваць узаемавыгаднае эканамічнае супрацоўніцтва. Але мы павінны дзейнічаць асцярожна па пытаннях палітычнага супрацоўніцтва. Выклікае неспакой тое, што ўкраінская ўлада працуе без поўнага разумення або з абуральным ігнараваннем патэнцыйнай небяспекі быць палітычна занадта блізкай да камуністычнага Кітаю. Кітай заявіў, што будзе падтрымліваць Пуціна і яго барацьбу з празаходнімі краінамі. Камуністычны Кітай ахоўвае свае стратэгічныя інтарэсы, якія не супадаюць са стратэгічнымі інтарэсамі Украіны».
Увага СМІ зноў прыкавана да Польшчы і Венгрыі: Камісія ЕЗ раскрытыкавала прынцыпы размеркавання еўрапейскіх сродкаў у Венгрыі, паказала на пагрозу свабодзе слова, а таксама дыскрымінацыю меншасцяў. Да ўсяго іншага Польшча атрымала ультыматум: ёй неабходна перагледзець два судовыя прысуды, якія ігнаруюць рашэнні Еўрапейскага суду.
«У межах ЕЗ ужо амаль не засталося месца для кампрамісаў», – канстатуе праўрадавае венгерскае выданне Magyar Hírlap.
«Усё больш цяжкія і шумныя канфлікты паміж Венгрыяй і Польшчай з аднаго боку і ўладнымі структурамі Еўразвязу з другога – гэта прыкметы таго, што наратывы, дамінуючыя ў Еўропе, наўрад ці дапускаюць канструктыўныя дэбаты, якія маглі б прывесці да пагаднення, здольнага зрабіць ЕЗ больш моцным і ўстойлівым. ЕЗ спрабуе навязаць сваім дзяржавам-сябрам расплывістую глабальную сістэму мэтаў як нейкую заведама універсальную каштоўнасць», – заўважае венгерская штодзённая газета.
«Анамальная спякота ў адным з самых халодных рэгіёнаў свету справакавала лясныя пажары і стварыла для сібірскага горада Якуцк пагрозу «аэраапакаліпсісу», ахутваючы яго густым таксічным дымам. Мяркуецца, што высокія ўзроўні цвёрдых часцінак і, магчыма, таксама хімічных рэчываў, уключаючы азон, бензол і цыяністы вадарод, могуць зрабіць гэта адным з самых страшных у свеце здарэнняў забруджвання паветра», – перадае брытанская газета The Guardian.
Выданне паведамляе, што мясцовыя ўлады папярэдзілі 320 тыс. жыхароў, каб яны не выходзілі з хат, каб не ўдыхаць дым ад пажараў, якія вось-вось паб’юць мінулагоднія рэкорды. Рэгіянальны ўзровень дробных часцінак, якія могуць патрапіць у крывацёк і пашкодзіць органы чалавека, больш чым у 40 разоў перавышае рэкамендуемыя нормы бяспекі СААЗ. Навукоўцы лічаць, што важным фактарам становішча з’яўляецца дэстабілізацыя клімату, выкліканае дзейнасцю чалавека. Якуцк з’яўляецца самым халодным зімовым горадам на планеце, але з-за глабальнага пацяплення летнія тэмпературы тут павышаюцца як мінімум у 2,5 разы хутчэй, чым у сярэднім у свеце.
«Паступова людзі пачынаюць разумець, што клімат сапраўды змяняецца, і наступствы сапраўды катастрафічныя. Але большая частка грамадства і большасць палітыкаў ўсё яшчэ вельмі далёкія ад разумення рэальных маштабаў праблемы», – падкрэслівае брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя