Агляд прэсы: уразлівасць „новай імперыі”
Выкрыццё пуцінскай «новай імперыі», запыт Літвы да Германіі пра размяшчэнне баяздольных ваенных у краіне. Пакуты Эквадора ад наркагандляроў і ўзмацненне напружанасці паміж Кітаем і ЗША. Падрабязнасці навін замежнай прэсы ў аглядзе Арыны Ганцэвіч.
4 чэрвеня Украіна, якая абараняецца ад расейскай агрэсіі, пачала доўгачаканае контрнаступленне. Аднак у адрозненне ад папярэдняй восені ВСУ пакуль не ўдалося вызваліць значных тэрыторый. На многіх адрэзках фронту ўкраінскаму войску даводзіцца вельмі няпроста.
У Крэмля няма шанцаў на перамогу, адзначае партал Эхо: «Нечаканая ўпартасць украінцаў, якія, як калісьці афганскія маджахеды, прадэманстравалі сваю бескампрамісную гатоўнасць ваяваць з Расеяй, выявіла тым самым уразлівасць пуцінскай „новай імперыі”, якая да гэтага была не відавочная. Вайна з асвяжальнага душа ператварылася для Расіі ў бясконцы трапічны праліўны дождж — той самы, які «у балота ператварае луг». І справа не толькі ў тым, што з гэтага балота ўжо не выцягнуць ботаў, але і ў тым, што менавіта гатоўнасць украінцаў (а не толькі Зяленскага і яго офіса) ваяваць будзе вызначаць напрамак руху гісторыі больш, чым жаданне Захаду ў нейкі момант прыпыніць гэтую вайну.»
У Літве заклікалі ўрад Германіі паскорыць перакідку чатырох тысяч нямецкіх вайскоўцаў у краіну, піша газета Welt am Sonntag.
«Сёння мы адчуваем сябе як Заходні Берлін часоў халоднай вайны: у асяроддзі агрэсіўных суседзяў як з захаду (Калінінград, Расея), так і з усходу (Беларусь), — заявіў намеснік міністра замежных спраў Літвы Ёнас Сурвіла. — Сёння мы просім немцаў як сімвалічна, так і практычна ўнесці свой уклад у забеспячэнне бяспекі шляхам размяшчэння ў Літве баяздольнай нямецкай брыгады.»
У разгар выбарчай кампаніі ў Эквадоры забіты адзін з кандыдатаў у прэзідэнты краіны. Фернанда Вільявісенсіа быў застрэлены ў Кіта. Затрыманыя шасцёра падазраваных, па версіі ўладаў яны звязаны з арганізаванай злачыннасцю. 59-гадовы Вільявісенсіа заяўляў аб тым, што мае намер аб’явіць барацьбу з карупцыяй сваёй палітычнай мэтай.
«У апошнія гады Эквадор пакутуе ад каласальнага росту злачыннасці, звязанай з наркотыкамі. Краіна набывае ўсё большую значнасць для наркагандляроў — з-за сваёй блізкасці да Калумбіі і Перу, а таксама існуючай сеткі інфраструктуры і партоў. Улады павінны падвоіць намаганні па барацьбе са злачыннасцю. У адваротным выпадку ёсць рызыка таго, што краіна апынецца ў руках наркагандляроў. Спажыўцы какаіну з’яўляюцца часткай праблемы — незалежна ад таго, ці жывуць яны ў Эквадоры, ЗША ці Іспаніі. Дэбаты аб легалізацыі наркотыкаў як ніколі актуальныя. Аднак да таго, як такое рашэнне будзе прынята, кожны спажывец павінен ведаць аб тым, што ён з’яўляецца часткай бясконцага, які ўвесь час падаўжае ланцугі злачыннасці і карупцыі», — выказваецца барселонская La Vanguardia.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выдаў указ, які абмяжоўвае інвестыцыі ЗША ў Кітай у галіне паўправадніковых тэхналогій, штучнага інтэлекту і квантавых вылічэнняў. Злучаныя Штаты абгрунтоўваюць такі крок меркаваннямі нацыянальнай бяспекі. Па словах Вашынгтона, нельга дапусціць таго, каб Кітай выкарыстоўваў перадавыя тэхналогіі для нарошчвання сваёй ваеннай моцы. У Пекіне адрэагавалі раздражнёна — і загаварылі аб парушэнні прынцыпаў канкурэнцыі.
Frankfurter Allgemeine Zeitung сустрэла гэты крок са змяшанымі пачуццямі: «Паколькі Злучаныя Штаты гарантуюць бяспеку некаторых сваіх саюзнікаў у Азіі, патэнцыйна і Тайваня таксама, цяперашні ўказ Байдэна са стратэгічнага пункту гледжання цалкам слушны. Ніхто на Захадзе не зацікаўлены ў далейшым умацаванні і без таго хутка растучых узброеных сіл Кітая. У палітычным стаўленні, аднак, такія меры прыўносяць напружанасць».
Беларускае Радыё Рацыя