Агляд прэсы: урок дэмакратыі
Навошта Расеі тактычная ядзерная зброя ў Беларусі? Ізраіль: Нетаньяху пераносіць рэформу на фоне пратэстаў. Венгрыя ратыфікавала ўступленне Фінляндыі ў НАТА. Фінансавыя складанасці Deutsche Bank. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Заява Уладзіміра Пуціна аб намеры размясьціць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі выглядае як чарговая спроба павысіць стаўкі ў канфлікце ва Украіне, і ідзе пасьля папярэджанняў расейскага лідара пра тое, што Масква гатовая выкарыстоўваць «усе даступныя сродкі» для адбіваньня нападаў», – піша арабскае выданне Аljazeera.
«Менск заявіў, што расейскія ядзерныя планы не будуць супярэчыць міжнародным пагадненням аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, паколькі Беларусь сама не будзе мець кантролю над зброяй. Расея ўжо дапамагла мадэрнізаваць беларускія баявыя самалёты, каб зрабіць іх здольнымі несці ядзерную зброю. Урад ЗША лічыць, што ў Расеі ёсць каля 2000 адзінак тактычнай ядзернай зброі, у тым ліку бомбы, якія можна перавозіць самалётамі, боегалоўкі для ракет малой далёкасці і артылерыйскія снарады.
Калі Масква адправіць ядзерную зброю ў Беларусь, гэта стане першым яе размяшчэннем за межамі Расеі з пачатку 1990-х гадоў. Украіна адказала на крок Пуціна заклікам да экстранага склікання Рады бяспекі ААН. Літва, якая мяжуе з Беларуссю, ахарактарызавала заяву Пуціна як «чарговую спробу двух непрадказальных дыктатарскіх рэжымаў пагражаць сваім суседзям і ўсяму еўрапейскаму кантыненту», назваўшы іх «адчайнымі крокамі Пуціна і Лукашэнкі, каб стварыць чарговую хвалю напружанасці і дэстабілізацыі ў Еўропе», – працягвае сачыць за сітуацыяй арабскае выданне.
Пасля масавых пратэстаў, якія пракаціліся па краіне, прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху на час прыпыніў працэс прыняцця спрэчнай судовай рэформы. У мінулы панядзелак Нетаньяху заявіў, што прапануе пайсці шляхам дыялогу, каб не дапусціць небяспекі ўзнікнення грамадзянскай вайны. Другое і трэцяе чытанні законапраекта пакуль што адкладзены. Аглядальнікі задаюцца пытаннем, ці ўціхамірыць такі крок сітуацыю, якая распалілася, ці ж спатрэбяцца далейшыя меры і дзеянні. Нямецкі штомесячнік Cicero падкрэслівае, што без рэформы Вярхоўнага суда ніяк не абысціся.
«У Ізраілі няма зафіксаванай у пісьмовым выглядзе канстытуцыі, таму вярхоўныя суддзі спасылаюцца на розныя асобныя «асноўныя законы», якія, аднак, не маюць канстытуцыйнага статусу. Гэта азначае, што рашэнні суда адлюстроўваюць перш за ўсё суб’ектыўныя палітычныя перакананні суддзяў, якія набіраюцца амаль выключна з леваліберальнага буржуазнага асяроддзя еўрапейскага тыпу. Паколькі суд мае права накласці вета на прызначэнне новых суддзяў, то ён будзе сачыць за захаваннем статусу-кво. А значыць, ёсць дастаткова прычын для таго, каб урад і апазіцыя пайшлі адзін аднаму насустрач – дзеля дасягнення кампрамісу, які дазволіў бы правесці неабходныя рэформы і пазбегнуць эксцэсаў, якія вынікаюць з ініцыятывы ўрада», – заклікае ізраільскі бок нямецкае выданне.
Пасля васьмі месяцаў бясконцых роздумаў вугорскі парламент у панядзелак усё-такі прагаласаваў за прыняцце Фінляндыі ў шэрагі НАТА, прычым 182 галасы было аддадзена «за» і ўсяго толькі 6 «супраць». Аднак так і не было прынятае рашэнне датычна Швецыі Акрамя таго, сваю згоду на ўступленне абедзвюх краін у альянс яшчэ не выказала Турцыя. Аглядальнікі аналізуюць прамежкавыя вынікі. «Швецыі нельга сядзець склаўшы рукі», – піша шведская газета Aftonbladet.
«Мяркуецца, нам варта дачакацца летняга саміту НАТА ў Вільні, перш чым пачынаць дыскусіі па пытанні распрацоўкі плана Б на той выпадак, калі ў альянс Швецыю не пусцяць. Калі ж летні саміт НАТА не прынясе зрухаў, то краіна павінна нейкім чынам сябе падстрахаваць. Напад Расеі на Украіну паказвае, што аднаго толькі нейтральнага статусу і неўваходжання ў ваенныя альянсы недастаткова. Можна ўявіць сабе мноства варыянтаў, як то: заключэнне пагаднення напрамую з ЗША, пашырэнне нашага ўдзелу ў корпусе Аб’яднаных экспедыцыйных сіл (JEF) пад камандаваннем Вялікабрытаніі, ці ўзмацненне абароннага вымярэння Еўразвяза. Гэта, вядома, горш, чым сяброўства ў НАТА, але лепш, чым у адзіноце таптацца на рагу з капелюшом у руцэ», – гіранізуе швецкае выданне.
Пасля хістанняў у банкаўскім сектары ЗША, ударная хваля дакацілася і да Еўропы. На мінулым тыдні курс акцый найбуйнейшага фінансавага інстытута Германіі месцамі паказваў падзенне амаль на 15 працэнтаў. Еўрапейская прэса разважае, ці маюцца прыкметы фінансавага крызісу. «ЕЦБ мог бы зрабіць больш для барацьбы з валацільнасцю фінансавага рынку», – лічыць гішпанская газета El País.
«Літаральна 24 сакавіка з’явіліся паведамленні пра тое, што найбуйнейшы банк Германіі страціў 8,5 працэнта свайго рынкавага кошту. Крызіс не вырашаны, рэакцыя Крысцін Лагард была запаволенай, а прынятыя меры аказаліся недастаткова актыўнымі. Трэба зрабіць больш! І ФРС, і ЕЦБ вырашылі пакуль працягваць рэалізоўваць свае планы, каб не ставіць пад пагрозу свой аўтарытэт у барацьбе з інфляцыяй. Ёсць падставы казаць, што ў еўрапейскага рэгулятара адсутнічае дакладны курс. Працэс фармавання банкаўскага саюза пасля фінансавага крызісу 2008 года так і не быў завершаны. Нарэшце, павінен быць створаны грамадскі фонд, які гарантаваў бы захаванасць укладаў усіх грамадзян еўразоны», – падкрэслівае гішпанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя