Агляд прэсы: урокі гісторыі



Катаванні ў Беларусі: нямецкія юрысты падаюць пазоў супраць Лукашэнкі. Масква і Вашынгтон напярэдадні «халоднай вайны». Аўстрыя змагаецца з феміцыдам. СМІ аналізуюць, чаму гібель людзей з ніжэйшых кастаў у Індыі не хвалюе ўлады. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

 Амерыканскае выданне PledgeTimes паведамляе, што чатыры нямецкія юрысты падалі крымінальную скаргу ад імя ахвяраў катаванняў з Беларусі  за злачынствы супраць чалавечнасці. «Нашы кліенты чакаюць, што Германія стане на абарону агульначалавечых правоў чалавека і ў выпадку Беларусі», – цытуе юрыстаў амерыканская газета.

«З Беларусі паступае мноства паведамленняў пра катаванні, выкраданні людзей, адвольныя высылкі і знікненні. Адвакаты з Германіі заявілі, што іх дзесяць кліентаў гаварылі пра фізічны гвалт, недахоп ежы і сну, прыніжэнне і дэградацыю. Іх гадзінамі пакідалі на каленях са звязанымі рукамі, каб яны маглі падтрымліваць сябе толькі галавой. Усе кліенты пацярпелі сур’ёзныя наступствы для здароўя. У цэлым дзяржаўны рэжым Беларусі можна ахарактарызаваць толькі як зверскі», – рэзюмуе амерыканскае выданне.

 Выданне Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Al-Ain разважае пра тое, што «прывід халоднай вайны зноў лунае над Вашынгтонам і Масквой». На думку выдання, гэтая канфрантацыя можа перарасці ў прамы канфлікт, які знішчыць увесь свет, бо большасць міжнародных файлаў наўпрост звязаныя з палітыкай Расеі і ЗША. Але шанец прадухіліць трагедыю ўсё яшчэ захоўваецца.

«З моманту зараджэння жыцця планета пакутуе ад канкурэнцыі і барацьбы за ўплыў. Гэта праблема ўсіх тых, хто хоча праславіцца. Іх паводзіны, імкненне да ўлады і гарачае жаданне валодаць уплывам часам прыводзяць да ваенных канфліктаў. У некаторых краінах са спрадвечных часоў вядуцца войны, а барацьба за ўплыў з’яўляецца галоўнай воссю, вакол якой круцяцца зверхдзяржавы. Гэта тое, што свет перажыў падчас Першай і Другой сусветных войнаў, якія знеслі жыцці мільёнаў людзей. Асобы, якія прымаюць рашэнні ў ЗША і Расеі, павінны дзейнічаць рацыянальна, каб не ствараць магчымасці для новых злоўжыванняў, ад якіх будзе цярпець увесь свет. Яны не могуць дыстанцыявацца, так як за любую напружанасць і крызіс у расейска-амерыканскіх адносінах заплацяць усе», – рэзюмуе арабскае выданне.

Прадметам шырокай дыскусіі ў Аўстрыі стаў высокі ўзровень выпадкаў цяжкіх злачынстваў у адносінах да жанчын, учыненых іх (былымі) мужамі або сужыцелямі. Некалькі месяцаў таму ў краіне нават прайшлі дэманстрацыі ў абарону правоў жанчын. Паводле статыстычных дадзеных, у бягучым годзе загінула ўжо дзевяць жанчын. У апошнім выпадку гаворка ідзе пра 33-гадовую жанчыну, застрэленую  былым партнёрам. Аўстрыйская прэса заклікае ўрад узмацніць прафілактычныя меры.

На думку аўстрыйскай газеты Der Standard, дзяцей трэба са школьнай парты вучыць таму, як спраўляцца з негатыўнымі эмоцыямі.

«Пасля кожнага з гэтых жахлівых злачынстваў падымаецца гучны шум. З усіх бакоў раздаюцца заклікі ўзмацніць меры па абароне жанчын, якія сутыкаюцца з бытавым гвалтам. І той факт, што гэтак дакладнае патрабаванне даводзіцца паўтараць зноў і зноў, не можа не прыгнятаць.  Падтрымка, якая аказваецца жанчынам, дзяўчатам і дзецям, якія знаходзяцца ў складанай сітуацыі, да гэтага часу носіць занадта вузкі характар. Але нават такая падтрымка – гэта ўсяго толькі барацьба з сімптомамі. Ахвяра атрымлівае абарону, калі ўжо занадта позна. Папярэджанне гвалту павінна стаць важнай тэмай для ўсіх – з самага ранняга ўзросту. Як спраўляцца з гневам і расчараваннем, не звяртаючыся да гвалту? Пошук адказу на гэтае пытанне павінна стаць гэтак жа неад’емнай часткай школьнай праграмы, як і табліца множання».

Індыя працягвае заставацца эпіцэнтрам пандэміі каронавірусу. Людзі паміраюць у шпіталях, у сябе дома ці проста на вуліцы. Больш за 40 краін свету выказалі гатовасць прадаставіць Індыі неабходную дапамогу. У той жа самы час у разгар пандэміі ў многіх штатах краіны праходзяць выбары. Прэса падвяргае рэзкай крытыцы дзеянні індыйскага ўраду, а таксама піша пра тое, што нельга кідаць краіну ў бядзе.

«Індуісцкі нацыяналізм прэм’ер-міністра краіны адкрывае шлях да чалавеканенавісніцкай палітыкі», – піша брытанская газета The Times.

«Недастатковае сур’ёзнае стаўленне Нарэндра Модзі да небяспекі распаўсюджвання Covid-19 тлумачыцца і тым, што вышэйшыя касты, якія валодаюць, як лічыцца, расавых перавагай, перажывуць гэты крызіс адносна добра, у той час як бедным слаям насельніцтва з ніжэйшых кастаў выпадае сам на сам змагацца з хваробай, з мінімальнай медычнай дапамогай, а то і зусім без яе. Лічыцца, што гэтыя людзі не ўносяць ніякага ўнёску ні ў эканамічнае, ні ў інтэлектуальнае развіццё краіны, а таму без іх цалкам можна абысціся. Паводле такой логікі, гэтыя людзі настолькі цяжкія для краіны, што ад іх лепш было б зусім пазбавіцца», – адзначае брытанскае выданне.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка