Агляд прэсы: урокі веснавога шквалу



Чаму не адбылося далучэнне Беларусі да Расеі? Кіргізія і Таджыкістан наносяць адзін аднаму смяротныя ўдары, фактычна, з-за вады. У Ватыкане нічога не ведаюць пра сустрэчу Зяленскага і Пуціна. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

Расейскае выданне Carnegie.ru разважае, чаму сустрэча Пуціна і Лукашэнкі не скончылася чымсьці сенсацыйным. Хаця ўсе СМІ чакалі абвяшчэння далучэння Беларусі да Расеі. « І гэта ўсё пасля раптоўнай і інтэнсіўнай хвалі чутак пра тое, што пасля раскрытай беларускім КДБ і расейскай ФСБ змовы палітолагаў, зваротнага шляху ўжо няма і рыхтуецца нешта накшталт зліцця дзвюх краін. Не было не толькі недружалюбнага паглынання – не абвесцілі нават таго, што было больш-менш рэальным, але стала б моцным геапалітычным раздражняльнікам. Напрыклад, прызнанне з боку Менску Крыма расейскім альбо размяшчэння ў Беларусі расейскай базы. Лукашэнка зблізіўся з Масквой, але ніякімі новымі незваротнымі рашэннямі гэта не аформлена», – падкрэслівае Carnegie.ru. На думку выдання, у любы момант Расея можа паўтарыць эскалацыю сітуацыі, як у адносіне Беларусі, так і Украіны.

***

29 красавіка ўзброеныя сілы Кіргізіі і Таджыкістана ўступілі ў самую жорсткую сутычку за апошнія гады. У супрацьстаянні, якое доўжыўся некалькі гадзін, за стратэгічны водны аб’ект бакі ўжылі аўтаматы, кулямёты і артылерыю. Як паведамляе амерыканскае выданне Eurasianet, па меншай меры пяць чалавек былі забітыя і некалькі дзясяткаў атрымалі раненні ў ходзе сутыкненняў на спрэчным участку мяжы на скрыжаванні паўднёвай Кіргізіі і паўночнага Таджыкістана. «На першы погляд, урады абедзвюх краін імкнуцца да хуткай дээскалацыі напружанасці. Між тым прыкметы магчымай канфрантацыі назіраліся ўжо некалькі тыдняў. У канцы сакавіка Кіргізія прапанавала Таджыкістану саступіць Ворух – урадлівы эксклаў, акружаны аднымі з самых бясплодных земляў у Кіргізіі – у абмен на зямельны ўчастак у Баткенскай вобласці. У адказ на лагічную адмову ў саступцы, Кіргізія правяла ў Баткенскай вобласці ваенныя вучэнні і задзейнічала ў іх дзве тысячы салдат, 100 танкаў, бронетранспарцёраў і каля 20 адзінак самаходнай артылерыі», – аглядае сітуацыю Eurasianet.

***

«Расея і Германія хочуць цесна супрацоўнічаць па вадародзе, паліве будучыні, але для гэтага неабходна пераадолець чатыры перашкоды», – піша нямецкае выданне Handelsblatt. «Зялёны, блакітны, жоўты ці бірузовы – будучыня Расеі як пастаўшчыка сыравіны залежыць ад гэтай гульні колераў, якімі пазначаюцца розныя спосабы атрымання вадароду. Расея хоча праціснуць на рынак першым чынам вадарод, зроблены пры дапамозе атамнай электраэнергіі (на тэхнічным жаргоне «жоўты» вадарод) або прыродны газ (у залежнасці ад тыпу вытворчасці «блакітны» ці «бірузовы»)», – адзначае нямецкае выданне. Аднак Еўразвяз хоча стаць кліматычна нейтральным да 2050 года і настойвае на «зялёным» вадародзе, які атрымліваецца з выкарыстаннем электраэнергіі з аднаўляльных крыніц. «Таму Расеі, якая да гэтага часу атрымлівае палову сваіх дзяржаўных даходаў ад экспарту нафты, газу і вугалю, пагражае страта ранейшай эканамічнай мадэлі», – рэзюмуе Handelsblatt.

***

Газета „Українська правда” цытуе прэфекта кангрэгацыі па справах Усходніх цэркваў кардынала Леанарда Сандры, які заявіў, што яго ведамству нічога невядома пра магчымую сустрэчу прэзідэнтаў Украіны і Расеі. Аднак, паводле яго словаў, Святы Пасад мог бы аказаць сваю падтрымку ў гэтым пытанні. «Папа Францыск цалкам можа ўступіць у гульню ў межах працы менскай групы, як ён ужо рабіў, каб спрыяць прымірэнню ў іншых сітуацыях. Для мажлівай сустрэчы акрамя Ватыкана агучваліся таксама варыянты Турцыі і Ізраіля, а таксама аўстрыйскай Вены. Канчатковага рашэння няма – абмяркоўваюцца розныя пляцоўкі для магчымай сустрэчы», – адзначае ўкраінскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.