Агляд прэсы: успомніць усё



Што Лукашэнка распавёў CNN пра «Вагнер» і пратэсты. Францыя: Сарказі прысуджаны да рэальнага тэрміну. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Амерыканскае агенцтва навінаў CNN выпусціла інтэрв’ю з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта першае інтэрв’ю беларускага прэзідэнта буйному заходняму медыя з часоў акцый пратэсту лета-восені 2020 году. Украінскае выданне Страна.ua прыводзіць абраныя цытаты, якія падаліся журналістам цікавымі, а таксама каментары да іх.

У прадмове да інтэрв’ю гаворыцца, што Лукашэнка падчас гутаркі вёў сябе «абуральна». Гэта заключалася ў тым, што ён адмаўляў факты ці ж абвінавачваў у жорсткім падаўленні пратэстаў ЗША і Брытанію.

Адказваючы на пытанне, ці праўда, што беларускія ўлады адмыслова звозяць мігрантаў на мяжу з Польшчай, Лукашэнка адказаў: «Гэта вар’яцтва. Вы прымаеце мяне за вар’ята?».

Адказваючы на пытанне аб затрыманні самалёта з Пратасевічам на борце, Лукашэнка паўтарыў свой тэзіс, што ўсё было ў рамках закона. І лётаць над Беларуссю па-ранейшаму бяспечна.

CNN апаніруе словам Лукашэнкі пра тое, што ў Беларусі на вуліцах бяспечна. Журналісты кажуць, што хацелі пагаварыць з мінакамі, але ўсе, акрамя аднаго, адмовіліся з імі мець зносіны.

Адказваючы на пытанне аб саюзе з Расеяй, Лукашэнка заявіў, што Беларусь застанецца незалежнай. Пры гэтым ён папярэдзіў, што Беларусь гатова стаць «ваеннай базай для Расеі».

Напрыканцы Лукашэнка заявіў, што калі б хацеў папрасіць прабачэння перад тымі, хто пацярпеў на акцыях пратэсту, ён зрабіў бы гэта праз беларускія СМІ, а не амерыканскія.

 

Перамога, здабытая сацыял-дэмакратамі на нядаўніх выбарах у Германіі і Нарвегіі, умацавала пазіцыі сацыял-дэмакратыі ў Еўропе ў цэлым. Прэса разважае пра тое, чым абумоўлены перамены, і чаму некаторыя краіны гэтая тэндэнцыя абыйшла бокам.

Як адзначае грэцкая газета Kathimerini, новыя тэндэнцыі не закранулі грэцкай сацыял-дэмакратыі.

«Скандынаўскімі краінамі кіруюць сацыял-дэмакраты. Для іх галоўнай тэмай з’яўляецца сацыяльная няроўнасць. Найважнейшыя пункты парадку дня: абарона правоў працоўных, пераразмеркаванне, а таксама павышэнне падаткаў на высокія даходы і багацце па спадчыне. Сацыял-дэмакратыя, мяркуючы па ўсім, паступова аднаўляе свае адносіны з «народам», пасля доўгага перыяду элітызму, які загнаў большую частку «простых людзей» у абдымкі папулісцкіх партый. Аднак грэцкая сацыял-дэмакратыя ў гэты момант, такі спрыяльны для яе развіцця, як быццам адсутнічае. Тым самым яна шкодзіць не толькі сабе, але і дэмакратыі як прынцыпу дзяржаўнага ладу», – падкрэслівае грэцкае выданне.

 

Парыжскі суд прысудзіў экс-прэзідэнта Нікаля Сарказі да пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год без права на ўмоўнае адбыванне пакарання. Прысуд стаў першым падобнага роду ў гісторыі краіны: раней ні аднаму прэзідэнту не даводзілася адбываць пакаранне за кратамі. Сарказі прызнаны вінаватым у нелегальным фінансаванні сваёй перадвыбарнай кампаніі. У 2012 годзе, спрабуючы абыйсці ў гонцы за прэзідэнцкае крэсла свайго канкурэнта Франсуа Аланда, Сарказі нашмат перавысіў дапушчальны бюджэт. Схаваць выдаткі яму дапамагла адна з івэнт-кампаній краіны.

«Такі судовы прысуд сведчыць пра тое, што справы ў Францыі мяняюцца», – піша нямецкая газета Kleine Zeitung.

«Тут традыцыйна было прынята зачыняць вочы на прэзідэнцкія інтрыжкі і нават буйныя скандалы. Заможныя пры ўладзе могуць дазволіць сабе практычна ўсё, што заўгодна. Гэта было як бы часткай французскай спецыфікі, давала глебу для весёлых показак, але ў той жа самы час выклікала агіду мас ад палітыкі, што ўзмацняла пазіцыі папулістаў. Паколькі суддзя прызначыла нават больш суровае пакаранне, чым таго патрабавала пракуратура, гэты вердыкт ўспрымаецца як свайго роду сігнал таго, што ў Парыжы пачалося новае летазлічэнне: ніхто больш не застанецца беспакараным!», – канстатуе нямецкае выданне.

 

У Вялікабрытаніі суд прыгаварыў да пажыццёвага зняволення былога паліцэйскага Уэйна Кузэнса, прызнанага вінаватым у выкраданні, згвалтаванні і забойстве 33-гадовай Сары Эвэрард. Згодна з рашэннем суду, у Кузэнса не будзе права на датэрміновае вызваленне. Як адзначае прэса, нягледзячы на абвінаваўчы прысуд, да канчатковага вытлумачэння гэтага злачынства і высвятлення яго структурнай прычыны яшчэ далёка.

«Прысуду забойцу тут недастаткова», – лічыць брытанская газета The Times.

«Неабходна старанна прааналізаваць мноства трывожных пытанняў, якія падымае на паверхню гэтая справа. Чаму Уэйн Кузэнс быў прыняты на працу ў паліцыю ўсяго праз тры гады пасля таго, як быў абвінавачаны ў эксгібіцыянізме? Чаму тры дні праз пасля таго, як яго абвінавацілі ў яшчэ двух эпізодах такіх дзеянняў, у яго на руках усё яшчэ заставаліся кайданкі і паліцэйская пасведчанне, якія ён выкарыстоўваў, каб падмануць Эвэрард? Чаму чалавеку, якога калегі празвалі «гвалтаўніком» з-за прыхільнасці да жорсткай парнаграфіі, было дазволена працягваць працу ў паліцыі? У Вялікабрытаніі за апошнія дванаццаць гадоў ад рук паліцыянтаў загінула сама меней 15 жанчын, большасць з іх сталі ахвярамі хатняга гвалту», – падсумоўвае брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя