Агляд прэсы: усё дзеля аднаго
Як пры дапамозе бежанцаў і свайго лепшага сябра Лукашэнка хоча разваліць ЕЗ. Чэшскі ўладны эксперымент. Канферэнцыя ААН па клімаце правалілася, не пачаўшыся? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка вядзе гібрыдную вайну супраць ЕЗ. Ён перапраўляе тысячы бежанцаў з Блізкага Ўсходу праз Менск у Польшчу. ЕЗ павінен зразумець, што скончыць гэтую вайну ён зможа, толькі калі будзе весці перамовы з заступнікам Лукашэнкі. А ён знаходзіцца ў Маскве», – наўпрост намякае нямецкі часопіс Focus.
«Афіцыйна Лукашэнка адрэагаваў на санкцыі ЕЗ, заявіўшы, што ён больш не будзе спыняць мігрантаў на шляху ў Еўразвяз. У рэчаіснасці, пасля гэтага быў створаны маршрут для актыўнага перакідання мігрантаў. Варта было чакаць, што эканамічныя санкцыі будуць мець нязначны эфект, бо Беларусь не самотная, у асобе Расеі ў яе ёсць дзеяздольная ў эканамічным і вайсковым плане апірышча. Апроч энергетычных адносін і інфармацыйных нападаў, у Расеі ёсць яшчэ адно поле, на якім яна можа дэстабілізаваць ЕЗ», – адзначаецца ў артыкуле.
«Да таго ж міграцыйны маршрут варта разглядаць у кантэксце геапалітычнага пашырэння ўплыву Расеі ў Чарнаморскім рэгіёне. Усім вядома, што Пуцін выкарыстоўвае любую магчымасць, каб аслабіць ЕЗ. Што можа зрабіць ЕЗ у гэтай сітуацыі? Сумны адказ: амаль нічога. Прымаемыя Польшчай меры па ахове мяжы, улічваючы сітуацыю, апынуліся запозненымі. Сумеснае патруляванне мяжы польскімі і нямецкімі сіламі можа аказаць падтрымку, але яно не пераломіць сітуацыю. У выніку ўрады краін ЕЗ ратуюцца тым, што хочуць аказаць ціск на авіякампаніі, якія прывозяць мігрантаў у Менск, і прыстрашыць тураператараў, якія прадаюць адпаведныя авіябілеты. Але гэта марна. Выглядае на тое, што Вашынгтон – адзіны саюзнік ЕЗ, якога Пуцін ўспрымае ўсур’ёз», – заключае Focus.
Грамадзяне Чэхіі адмовілі ў даверы ўраду, якая абапіраецца на папулізм. Славакі зрабілі гэта ўжо два гады таму. У Венгрыі на выбарах у наступным годзе апазіцыя цалкам можа атрымаць перамогу над Віктарам Орбанам і пакласці канец яго антыеўрапейскай рыторыцы. Аглядальнікі разважаюць пра развіццё падзей у краінах Цэнтральнай Еўропы і вылучаюць свае здагадкі пра тое, якія сапраўдныя прычыны супрацьстаяння з ЕЗ.
На старонках гішпанскай газеты El País спее надзея.
«Магчыма, Цэнтральная Еўропа ўступае ў новую фазу, якая накладзе свой адбітак на ўсё дзесяцігоддзе. Гэта фаза, у якой яна пакіне ззаду посткамунізм і пачне выбудоўваць больш трывалую дэмакратыю. Польшча паспрабавала пайсці супраць еўрапейскага заканадаўства, атрымала заслужаную пстрычку па носе, і цяпер Варшава ўжо не ў стане праводзіць ранейшы курс. Венгрыі прыйдзецца знайсці ўправу на аўтакратычныя тэндэнцыі, калі краіна не хоча пазбавіцца фінансавання з боку ЕЗ. На фоне адпору, які быў дадзены папулізму чэшскімі выбаршчыкамі, Польшча і Венгрыя пазбаўляюцца гэтак значнай для іх ідэалагічнай падтрымкі ў рэгіёне. У Еўропе дэмакратычных каштоўнасцяў яны рызыкуюць застацца ў адзіноце»,– папярэджвае гішпанскае выданне.
31 кастрычніка ў Глазга пачнецца 26-я сэсія Канферэнцыі бакоў Рамачнай канвенцыі ААН па пытаннях змены клімату. Аднак напярэдадні саміту ўжо множацца нерадасныя навіны: на канферэнцыі не будзе прысутнічаць шэраг важных гульцоў, у тым ліку лідэр Кітая Сі Цзіньпін. Акрамя таго, дадзеныя новага дакладу, апублікаванага пры падтрымцы Праграмы ААН па навакольным асяроддзі, сведчаць аб тым, што планы урадаў да 2030 года прадугледжваюць здабычу нафты, газу і вугалю ў аб’ёме, які ўдвая перавышае дапушчальныя паказчыкі, пры якіх яшчэ можна было б рэалізаваць мэты Парыжскага пагаднення.
«Звесткі, прадстаўленыя ў дакладзе ААН, не выклікаюць аптымізму на будучыню», – падсумоўвае нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung.
«На словах палітыкі ставяць доўгатэрміновыя мэты па дэкарбанізацыі, а на справе тактыка найбуйнейшых эмітэнтаў выкідаў мае на ўвазе толькі павелічэнне здабычы выкапнёвых відаў паліва і іх далейшае спальванне. Гэта проста фарс! У дакладзе сярод іншых краін згадваюцца Аўстралія, Расея, Саудаўская Аравія і ЗША. Германія, якая здабывае буры вугаль, таксама паўстае не ў лепшай пазіцыі. Многія грамадзяне перапоўнены скепсісам, у многіх урадаў хапае ўмення або волі цвёрда праводзіць вызначаную палітыку. У палітычным плане гэта цалкам вытлумачальна. Вось толькі глабальнае пацяпленне так не спыніць», – папярэджвае нямецкае выданне.
Ад каронавірусу памерлі каля 115 тысяч медработнікаў па ўсім свеце. Такія звесткі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, заснаваныя на падліках смерцяў са студзеня па май гэтага году. СААЗ заклікае палітыкаў распрацаваць і прыняць меры, каб лепш абараняць лекараў не толькі ад COVID-19, але і ад іншых хвароб.
«У СААЗ хацелі б, каб да канца года прышчэпкі паставілі 40% сусветнага насельніцтва», – адзначае брытанская газета The Guardian. «Праўда, 82 дзяржавы рызыкуюць не дасягнуць гэтага паказчыка ў асноўным з-за недахопу вакцыны».
«Ёсць праблема і з рэвакцынацыяй», – піша амерыканская газета The New York Times. Выданне цытуе гендырэктара СААЗ, які заявіў, што ў краінах з сярэднім і высокім узроўнем даходаў зроблена ўдвая больш паўторных уколаў, чым у бедных агульнага аб’ёму доз прэпарату.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя