Агляд прэсы: усюды ворагі
У Венгрыя няма грошай на СМІ ў Трансільваніі. У Грэцыі набірае абароты скандал з праслухоўкай. Як ставіцца да чэмпіянату свету па футболе ў Катары? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Нядаўна ўзмоцненая расейска-беларуская ваенная актыўнасць на беларускай тэрыторыі можа быць накіравана на перацягванне ўкраінскіх сіл з поўдня на поўнач. Аднак Расея можа сфармаваць новыя ўдарныя групоўкі для наступу на паўночную мяжу Украіны праз два-тры месяцы. Расея, магчыма, плануе паўторнае ўварванне з поўначы пасля страты Херсона», – паведамляе міжнароднае выданне bne IntelliNews.
«Украіна асцерагаецца новага расейскага ўварвання з тэрыторыі Беларусі пасля сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным 26-27 верасня. Неўзабаве пасля гэтай сустрэчы ў Беларусь былі хутка перакінуты новыя расейскія войскі. Лукашэнка і беларускія чыноўнікі ў сферы бяспекі і абароны таксама абвастрылі сваю рыторыку супраць Украіны. Расея ўвесь год «раззбройвала» Беларусь. У сакавіку-верасні Беларусь адправіла ў Расею амаль 2 тысячы вагонаў з агульнай колькасцю 65 089 тон боепрыпасаў. Акрамя боепрыпасаў, Беларусь таксама паставіла Расеі шмат ваеннай тэхнікі. «Раззбраенне» беларускіх сховішчаў зброі сведчыць хутчэй пра тое, што Беларусь не рыхтуецца весці ніякую вайну. Спрабуючы пазбегнуць размяшчэння ўласных войскаў ва Украіне, Лукашэнка дазволіў Расеі значна павялічыць свой вайсковы след у Беларусі. Выратаваўшы Лукашэнку ад беларускіх антыўрадавых пратэстаў у 2020 годзе, Крэмль павольна, але няўхільна пачаў прывязваць Беларусь да сябе як палітычна, так і эканамічна.
Сёння заходнія санкцыі пакінулі беларускім прадпрыемствам адзіны шлях: няма куды падзецца, акрамя Расеі. Беларускі ўрад павінен пастаянна дамаўляцца аб гандлёвых пагадненнях з расейскім прыватным і дзяржаўным сектарамі, каб дапамагчы сваёй эканоміцы выжыць. Такім чынам, Пуцін ужо дасягнуў формы перамогі. Яму ўдалося адарваць Беларусь ад ранейшага «нейтральнага становішча» і моцна паставіць яе пад кантроль Крамля. Гэта азначае, што незалежна ад выніку ва Украіне сітуацыя з бяспекай ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе, хутчэй за ўсё, будзе дэстабілізавацца, калі Расея працягне далейшае павелічэнне свайго ваеннага следу ў Беларусі. У доўгатэрміновай перспектыве гэта таксама вядзе да эскалацыі канфлікту на сусветную арэну», – прагназуе міжнароднае выданне.
***
На фоне эканамічнага крызісу ў Венгрыі ўрад краіны больш не мае намеру фінансаваць СМІ на венгерскай мове, якія існуюць у Румыніі. Паводле журналісцкіх дадзеных, толькі з 2017 па 2019 год урад выдзеліў 10,5 мільёнаў еўра асацыяцыі Asociaţia Erdélyi Médiatér, якая выкарыстоўвала іх для скупкі шматлікіх значных СМІ ў Трансільваніі. Прэса Венгрыі і Румыніі абмяркоўвае, што азначае гэтае рашэнне. Румынская рэдакцыя Deutsche Welle не здзіўлена адмовай венгерскага ўрада ад фінансавання СМІ.
«Кангламерат сродкаў масавай інфармацыі, які ўзнік для таго, каб заваяваць галасы і сэрцы венгерамоўных жыхароў Трансільваніі, хоць і быў палітычна паспяховым, эканамічна жыццяздольным стаць не змог. Практычна немагчыма стварыць прапагандысцкую машыну, якая зарабляла б грошы, і ў той жа самы час сама сябе ўтрымлівала. Віктар Орбан імкнуўся да рэалізацыі нейкай утапічнай мадэлі і зараз, падобна, змушаны адмовіцца ад яе ці, прынамсі, моцна яе зрэзаць», – гіранізуе венгерскае выданне.
***
Паводле даследавання штотыднёвіка Documento, сляды нелегальнага шпіёнскага ПЗ Predator былі выяўленыя на прыладах 33 чалавек, сярод якіх не толькі апазіцыйныя палітыкі, але таксама дзейныя міністры, чальцы іх сем’яў, журналісты і бізнэсмены. Грэчаскія спецслужбы знаходзяцца пад непасрэдным кіраўніцтвам прэм’ера Міцатакіса. І гэта – не адзінае, што аглядальнікі знаходзяць падазроным у гэтай гісторыі. «Скандал не атрымаў у Грэцыі належнага медыйнага водгуку», – крытыкуе сітуацыю грэчаскі партал TVXS.
«Міжнародныя СМІ перадаюць справаздачу Documento аб праслухоўванні тэлефонных размоваў, але большасць праўрадавых СМІ дэманструе дзіўную абыякавасць. Эксклюзіўны рэпартаж падаецца як руцінная навіна сярэдняй важнасці і проста як адна са шматлікіх прычын супрацьстаяння ўлады і апазіцыі. Можна было б чакаць, што рэдактара газеты, які падпісаў артыкул у друк, тэлеканалы будуць разрываць на часткі, і ён будзе насіцца з аднаго канала на іншы, няспынна даючы інтэрв’ю. Мала таго, што нічога падобнага не здарылася, дык яшчэ і ўрадавая прапагандысцкая машына паказвае яго фанатычным палітычным супернікам Міцотакіса, а не журналістам, які яго выкрыў», – адзначае грэчаскае выданне.
***
За дзесяць дзён да пачатку чэмпіянату свету па футболе працягваюцца дэбаты аб тым, як паводзіць сябе з краінай-арганізатарам – Катарам. Пасол Катара на чэмпіянаце свету назваў гомасэксуальнасць «псіхічным дэфектам». Тым часам прэзідэнт ФІФА Інфантына звярнуўся да футбольных асацыяцый з лістом, у якім заклікаў усіх засяродзіцца галоўным чынам на футболе. «Больш адарванае ад рэальнасці выказванне цяжка сабе ўявіць», – піша бельгійская газета De Standaard.
«Прабачце, што мы працягваем асуджаць дрэнныя ўмовы працы (у асноўным замежных) працоўных у Катары. Даруйце, што мы працягваем задаваць пытанні аб правах чалавека і заяве Катара пра тое, што гэты чэмпіянат свету па футболе будзе нібыта кліматычна нейтральным. З боку ФІФА і Катара дастаткова наіўна меркаваць, што праваабарончыя арганізацыі і СМІ не будуць займацца гэтымі праблемамі. Калі краіна адважылася ўкласці ўсе свае сілы ў арганізацыю такога турніру, ёй таксама давядзецца трываць кантроль і адказваць на нязручныя пытанні», – адзначае бельгійскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.