Агляд прэсы: Узаемнае неразуменне
Ці патрэбны Прыгожын у Беларусі? Макрон адклаў візіт у Нямеччыну. Ізраільска-палестынскі канфлікт: аперацыя ў Джэніне. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Няўдалы вагнераўскі мяцеж будзе мець доўгатэрміновы эфект. Цяпер фактычна ідзе працэс ліквідацыі імперыі Яўгена Прыгожына. Яго медыяхолдынг, які ўключае знакамітую «фабрыку троляў», мяркуючы па ўсім, пяройдзе да структур Юрыя Кавальчука. Спынены набор наймітаў у ПВК „Вагнер», пакуль што на месяц, афіцыйна – у сувязі з перадыслакацыяй вагнераўцаў у Беларусь і часовым няўдзелам у вайне супраць Украіны. «У тым, што праз месяц набор адновіцца, а ПВК «Вагнер» у выніку захаваецца, ёсць вялікія сумневы», – піша расейскае незалежнае выданне graniru.
«Спачатку Пуцін, а потым крамлёўскі прапагандыст Зміцер Кісялёў пацвердзілі тое, што даўно ўжо было сакрэтам Полішынэля: «Вагнер» практычна цалкам фінансаваўся расейскай дзяржавай. Цяпер не толькі ніякіх дзяржкантрактаў Прыгожын не атрымае – яго могуць абвінаваціць у крадзяжы дзяржаўных сродкаў у асабліва буйных памерах. Бо гарантыі спынення крымінальнага пераследу, перададзеныя праз Лукашэнку, тычыліся толькі справы аб узброеным мецяжы. Няма ніякіх доказаў, што якое-небудзь цяжкае ўзбраенне і баявая тэхніка вагнераўцаў былі перамешчаныя ў Беларусь. Ды і цяжка сабе ўявіць, што Лукашэнка пагадзіўся б трываць недалёка ад Менска прыватнае войска з танкамі, бронемашынамі, самаходнымі гаўбіцамі і сродкамі СПА, незразумела каму падкантрольную. Лагер, які ствараецца ў Магілёўскай вобласці для вагнераўцаў, быццам бы здольны прыняць да 15 тысяч чалавек. Але ні Лукашэнка, ні Пуцін на такое шматлікае войска пад кіраўніцтвам Прыгожына ніколі не пагодзяцца. Ад Магілёва да Масквы значна бліжэй, чым ад Растова-на-Доне, а да Менска ўвогуле рукой падаць. Максімум, на што будзе гатовы Лукашэнка, дык гэта дазволіць Прыгожыну пакінуць пад яго кіраўніцтвам некалькі соцень вагнераўцаў, якія, паводле задумы менскага дыктатара, будуць навучаць мясцовых спецназаўцаў», – паведамляе расейскае выданне.
Гэта павінен быў быць першы дзяржаўны візіт прэзідэнта Францыі ў Нямеччыну за больш за 20 гадоў. Але з-за беспарадкаў у Францыі Эманюэль Макрон мае намер перанесці візіт на больш спакойныя часы. Як адзначаюць аглядальнікі, гэтая сустрэча, якая не адбылася, – яшчэ адзін камень спатыкнення на і без таго цярністым шляху ўзаемаадносін паміж абедзвюма краінамі. Венская газета Kleine Zeitung шкадуе аб адмене візіту.
«Прэзідэнт Францыі Макрон быў вымушаны адмяніць свой дзяржаўны візіт у Нямеччыну з-за беспарадкаў у сябе дома. Гэта быў бы першы афіцыйны візіт кіраўніка французскай дзяржавы ў Германію за больш як два дзесяцігоддзі. Адносіны дзвюх краін даўно ўжо затрымаліся на ўзроўні працоўных сустрэч і загразлі ва ўзаемным неразуменні. Францыя разглядае еўрапейскі праект у першую чаргу як стратэгічную канцэпцыю ўмацавання ўласнай базы ўлады. У сваю чаргу Германія разглядае Еўропу перш за ўсё як праект па забеспячэнні свабоднага руху тавараў і гандлю. Якраз па Рэйне паміж імі і пралягае глыбокая прорва», – падкрэслівае аўстрыйскае выданне.
Пратэсты ў Францыі некалькі сціхлі, але тым не менш забойства 17-гадовага Наэля М., здзейсненае паліцыянтам падчас дарожнага кантролю, і акцыі пратэсту і беспарадкі па-ранейшаму застаюцца тэмай нумар адзін – не толькі ў самой Францыі, але і ў Еўропе ў цэлым. Для таго, каб узяць сітуацыю пад кантроль, улады задзейнічалі 45000 паліцыянтаў. Прэзідэнт Макрон сустрэнецца з мэрамі 220 гарадоў, якія пацярпелі ад беспарадкаў. Аглядальнікі пішуць аб неабходнасці радыкальных змен. «Такія разбуральныя пратэсты сталі і рэакцыяй на тое, што жыццё хлапчука з прыгараду для дзяржавы, па ўсёй бачнасці, не каштуе і шэлега», – лічыць шведская газета Aftonbladet.
«Пратэстуючыя хацелі б пачуць, што жыццё Наэля, жыхара прыгарада, не менш важнае, чым жыццё мэра, пажарнага ці паліцыянта – паколькі інакш быць не можа. Смерць Наэля – не адзінкавы выпадак: летась аналагічны лёс напаткаў 13 чалавек. Большасць людзей, застрэленых паліцыянтамі, не былі прадстаўнікамі белай расы. На іх прынцыпы свабоды, роўнасці і братэрства, мяркуючы па ўсім, не распаўсюджваюцца. Затое паліцыя ў іхнім выпадку заўсёды тут як тут! А заадно і прэзідэнт, які сцвярджае, што ён як раз выступае за праславутыя свабоду, роўнасць і братэрства», – піша шведскае выданне.
Упершыню за апошнія два гады Ізраіль пачаў шырокамаштабную наступальную аперацыю на Заходнім беразе ракі Іардан. Пасля шэрагу авіяўдараў, нанесеных у ноч на панядзелак, ізраільскае войска ўступіла ў горад Джэнін, які лічыцца апорай узброеных ісламістаў. Па паведамленнях палестынскага боку, загінула сама меней дзевяць чалавек. Ізраіль паведаміў пра тое, што было зроблена мноства арыштаў, а таксама канфіскаваны зброю і выбухоўка. «Ізраільцяне асцерагаюцца таго, што ХАМАС можа ўзмацніць свой уплыў», – да такой высновы прыходзіць італьянская газета Corriere della Sera.
«Ізраільцяне асцерагаюцца, што вакуум улады, які ўзнік у выніку неэфектыўнага кіравання прэзідэнта Махмуда Абаса, зноў створыць перадумовы для ўзмацнення ўплыву руху ХАМАС у сектары Газа, як гэта ўжо не раз здаралася ў мінулым. У адрозненне ад 2000-х, рух ФАТХ, заснаваны самім Ясірам Арафатам, ужо не з’яўляецца большасцю нават у такіх рэгіёнах, як Джэнін. Сёння ўзнікаюць розныя групоўкі, ніяк не злучаныя з традыцыйнымі фракцыямі. Перамовы аб мірным пагадненні знаходзяцца ў замарожаным стане з 2014 года, і некаторыя ізраільскія партыі, якія ўваходзяць ва ўрад, імкнуцца дэ-факта да акупацыі гэтых тэрыторый, а таму не асуджаюць пасяленцаў, якія павысілі напал гвалту сваімі акцыямі адплаты супраць вёсак, адкуль на іх нападалі», – адзначае італьянскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя