Агляд прэсы: ваенная кампанія



Ці будзе толк ад узмацнення санкцый? Украіна: праз прамыя перамовы да міру? Расце эміграцыя з Расеі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Калі Беларусь, найстарэйшы і наймацнейшы постсавецкі саюзнік Расеі, у суботу эвакуявала сваю амбасаду са сталіцы Ўкраіны Кіева, амбасадар атрымаў зневажальны «падарунак». Украінскі памежнік кінуў 30 срэбранікаў у амбасадара Беларусі Ігара Сокала, і гэта сімвалічны жэст», – піша арабскае выданне Аljazeera.

«Са свайго боку, Расея закрыла сваю амбасаду ў Кіеве за два дні да пачатку ўварвання 24 лютага. Беларускі крок — гэта не проста дэманстрацыя падтрымкі прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну з боку Лукашэнкі. Гэта можа сігналізаваць аб ваенным кроку, які зменіць гульню», – піша арабскае выданне.

Ігар Раманенка, генерал-лейтэнант у адстаўцы і былы намеснік начальніка Генеральнага штаба Украіны, паведаміў Al Jazeera, што Беларусь можа ўступіць у вайну на баку Масквы і накіраваць ад 10 да 15 тактычных батальёнаў колькасцю да 800 чалавек у кожным на дапамогу расейскай арміі, якая прыпынілася, апошнія дні нясе вялікія страты і амаль не рухаецца.

«Беларусы будуць рухацца толькі разам з расейскімі сіламі, і толькі пасля таго, як Масква завершыць разгортванне рэзерваў, такіх як дэсантнікі з Ціхаакіянскага флоту, якія спешна адпраўляюцца ў Заходнюю Расею і Беларусь.

Беларускія сілы могуць паспрабаваць дапамагчы Маскве ў захопе Кіева – галоўнай мэты Крамля. Пуцін лічыць, што калі сталіца будзе ўзятая, то пытанне перамогі над Украінай вырашыцца адразу і ў прынцыпе. Пакуль Беларусь узмацніла свае сілы ўздоўж украінскай мяжы. І хаця беларуская армія, якая налічвае ўсяго 48 тысяч вайскоўцаў, невялікая ў параўнанні з расейскай і украінскай і мае значна меншы баявы вопыт. Але яна часта праводзіла вучэнні з расейцамі, мае падобную постсавецкую структуру, узбраенне і іншую тэхніку, бо Украіна фактычна перакваліфікавала дзесяткі тысяч сваіх вайскоўцаў у адпаведнасці са стандартамі НАТО і атрымлівала значныя пастаўкі заходняй зброі», – падсумоўвае арабскае выданне.

Уварванне расейскіх войскаў ва Украіну прывяло да ўвядзення супраць Расеі шэрагу адчувальных эканамічных санкцый. Тым не менш, расейская эканоміка пакуль што не абрынулася. Еўрапейскія СМІ разважаюць аб тым, ці ёсць яшчэ магчымасці для ўзмацнення жорсткасці санкцый і якімі наступствамі могуць абярнуцца падобныя крокі.

«Заходнія фірмы і канцэрны, якія вырашылі застацца ў Расеі, працуюць выключна на легітымацыю Пуціна», – піша дацкая газета Jyllands-Posten.

«Расея – гэта краіна, якая развіваецца, якая па аб’ёме ВУП на душу насельніцтва займае 85-е месца ў свеце. Нават з папраўкай на парытэт пакупніцкай здольнасці вышэй за 74-е месца ёй не падняцца. Хатнія гаспадаркі ў краінах Еўропы ўжо плацяць свой кошт за эканамічную вайну – утрыманнем сваіх спажывецкіх кошыкаў. Простыя расейцы таксама непазбежна адчуюць на сабе ўсе наступствы – хаця б таму, што ўсе заходнія кампаніі сыходзяць з Расеі. Кампаніі, якія там застаюцца, не толькі падрываюць эканамічную вайну, але і легітымізуюць рэжым, які знаходзіцца на мяжы таго, каб справакаваць вайну супраць Захаду», – папярэджвае дацкае выданне.

Перамовы паміж прадстаўнікамі Украіны і Расеі пакуль не прынеслі вынікаў. На гэтым фоне ў панядзелак прэзідэнт Зяленскі зноў заявіў, што прамыя перамовы паміж ім і Пуціным неабходныя. Па словах Зяленскага, Украіна гатова адмовіцца ад ідэі сяброўства ў НАТО, калі атрымае раўнацэнныя гарантыі бяспекі. Еўрапейская прэса бачыць нямала перашкод на шляху перамоваў.

«Дылема, перад якой стаіць Зяленскі, тычыцца ўсёй Еўропы», – піша швейцарская газета Corriere del Ticino.

«Пакуль што Зяленскі застаецца непахісным. Гэтая непахіснасць прадыктавана ў тым ліку і надзеяй на тое, што Украіна зможа павярнуць на сваю карысць праблемы, з якімі расейскае войска сутыкаецца на подступах да Кіева. У той жа самы час расце колькасць ахвяр гэтай вайны сярод украінцаў, што падштурхоўвае яго да таго, каб разгледзець магчымасць саступак на карысць Расеі: проста для таго, каб пакласці канец крываваму і спусташальнаму канфлікту. На фоне супярэчлівых сігналаў Захад задаецца наступным пытаннем: якія ж на самой справе намеры Кіева? Тым больш што пагадненне паміж бакамі паўплывала б і на еўрапейскую бяспеку. Шэраг краін на ўсходнім флангу НАТО асцерагаюцца, што расейскаму прэзідэнту Пуціну могуць быць зроблены занадта сур’ёзныя саступкі», – падкрэслівае швейцарскае выданне.

Вайна, распачатая Расеяй супраць Украіны, ператварыла ў бежанцаў не толькі мільёны ўкраінцаў, але і прывяла да масавай эміграцыі з самой Расеі. Адзін з прыкладаў – прыма-балярына Вялікага тэатра Вольга Смірнова, якая з’ехала ў Нідэрланды. Паводле дадзеных вэб-рэсурсу ThriveMyWay, з пачатку вайны ва Украіне колькасць пошукавых запытаў па тэме «эміграцыя з Расеі 2022» з боку расейцаў дасягнула мільённых паказчыкаў. Ці гатова Еўропа іх прыняць?

Партугальская газета Público піша пра тое, што нельга падвяргаць дыскрымінацыі расейцаў, якія пакідаюць краіну.

«Ксенафобія няздольная ліквідаваць пачуццё несправядлівасці, якое ўзнікае пры карцінахгібелі нявінных людзей ва Украіне. У адваротным выпадку мы толькі згуляем на руку расейскай прапагандзе, якая сцвярджае, што маралізуючы Захад, які абвінавачвае рускіх у схільнасці да аўтарытарызму – гэта той жа Захад, які сам пераследуе людзей з-за іх нацыянальнай ці культурнай прыналежнасці, і пры гэтым забываеццана тое, што ён нібыта абараняе: пра вяршэнства права, дэмакратыі, павагу да асобы, разнастайнасць і плюралізм», – падкрэслівае партугальскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка