Агляд прэсы: вайна без канца



Fitch Ratings пацвердзіў адмоўны эканамічны прагноз для Беларусі. «Пуцін-капут!» – Украіна адсвяткавала Дзень памяці і прымірэння 8 траўня.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

– Афіцыйнае выданне Fitch Ratings пацвердзіла доўгатэрміновы рэйтынг дэфолту ў замежнай валюце (IDR) Беларусі на роўні «В» з адмоўным прагнозам.

«Рэйтынг Беларусі ўраўнаважваецца на месцы сутыкнення высокага даходу на душу насельніцтва, удасканаленай эканамічнай палітыкі і чыстага паказчыка пагашэння запазычанасці з фронтам нізкіх валютных рэзерваў, прыглушаных перспектываў росту, дзяржаўнага доўгу, моцнай схільнасці да валютных рызыкаў, слабым банкаўскім сектарам, высокай знешняй запазычанасцю і слабымі паказнікамі кіравання адносна рэйтынгавых аднагодкаў і суседзяў», – дае крытычную ацэнку сітуацыі ў Беларусі амерыканскае выданне.

Асобна падкрэсліваецца, што адмоўныя перспектывы адлюстроўваюць уразлівасць Беларусі, якая ўзмацнілася праз палітычны крызіс пасля выбараў. Як вынік зафіксавана рызыка для макраэканамічнай і фінансавай стабільнасці ў краіне.

Амерыканскае выданне Fitch Ratings адназначна падкрэслівае, што да 2022 году не чакае якіх-небудзь істотных змен у кіраванні Беларуссю. Пры гэтым урад Беларусі заўважаны ва ўзмацненні адносінаў з Расеяй у адказ на міжнародныя асуджэнні і фінансавыя меркаванні.

Украінскае выданне Страна.ua цытуе Пятра Парашэнку пра тое, што Украіна ў верасні 1939 года разам з палякамі, першая адчула наступствы змовы двух таталітарных рэжымаў, камуністычнага і нацысцкага, якія распалілі смяротны пажар Другой сусветнай.

«Гітлер і Сталін – аднаго поля ягады. І Пуцін, гэтак жа, як і яны, падпальшчык вайны, які знішчае міжнароднае права, а землі суседзяў разглядае як «жыццёвую прастору» для сваёй імперыі», – адзначае ўкраінскае выданне.

Страна.ua нагадвае, што ўкраінскі парламент прыняў закон, які юрыдычна ўраўноўвае злачыннасць нацысцкага і камуністычнага «чалавеканенавісніцкіх рэжымаў». «Год за годам, спадзяёмся, мы адыходзім ад імперскага «перамогабесія» да еўрапейскай традыцыі памяці аб трагедыі самай жудаснай ў гісторыі чалавецтва катастрофы», – цытуе выданне Пятра Парашэнку і завяршае артыкул словамі: «Пуцін – капут! Слава Украіне!».

«Ядзерная зброя – гэта, верагодна, апошняе, пра што ў сапраўдны момант хоча турбавацца адміністрацыя Байдэна. Але, улічваючы агрэсіўныя намаганні Кітая і Расеі па стварэнні новых сістэм, вершнікі Армагедона могуць вярнуцца», – піша амерыканская газета The Washington Post.

Выданне падкрэслівае, што дасягненні Кітая і Расеі былі адзначаны ў штогадовай «Ацэнцы пагрозаў» (Threat Assessment), якую падрыхтавала выведка ЗША. У ёй гаворыцца, што Кітай плануе падвоіць свой арсенал ядзернай зброі на працягу наступнага дзесяцігоддзя, што будзе «самым хуткім пашырэннем у яго гісторыі». Таксама ў ацэнцы змяшчаецца папярэджанне, што Расея застаецца бліжэйшым стратэгічным супернікам Амерыкі на фоне таго, як яна «пашырае і мадэрнізуе свой ядзерны патэнцыял».

«Прынамсі ў Расеі маюцца новая гіпергукавыя міжкантынентальныя балістычныя ракеты «Авангард», гіпергукавыя супрацькарабельныя ракеты «Цыркон» і ядзерная тарпеда „Пасейдон”, здольная разбураць прыбярэжныя гарады. Уся гэта зброя можа дасягаць месца прызначэння за вельмі кароткія тэрміны і паражаць супрацьракетную абарону ЗША. Яны таксама дэстабілізуюць баланс страху», – заўважае The Washington Post.

«Група даследчыкаў з ЗША лічыць, што амаль ва ўсіх краінах свету ў статыстыцы смяротнасці ад каронавірусу ёсць істотныя прабелы. Асабліва вялікія яны ў Расеі», – перадае нямецкая газета Die Welt.

Выданне прыводзіць разлікі Інстытута вымярэння паказчыкаў і ацэнкі стану здароўя (IHME) пры Вашынгтонскім універсітэце, якія паказалі, што ад заражэння каронавірусам ва ўсім свеце маглі памерці 6,9 млн чалавек. Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) у той жа час ацэньвае колькасць загінуўшых ад каронавірусу ў свеце ў колькасці 3,2 млн чалавек.

«У выпадку Расеі афіцыйныя дадзеныя асабліва моцна адрозніваюцца ад ацэнкі інстытуту. У ЗША, паводле ацэнак даследчыкаў, колькасць памерлых складае каля 1 млн чалавек супраць дадзеных СААЗ, які падае лічбу 600 тысяч. У выпадку з Індыяй навукоўцы мяркуюць, што колькасць загінулых амаль у тры разы перавышае афіцыйныя дадзеныя і складае каля 700 тысяч чалавек. Пры разглядзе залішняй смяротнасці ўлічвалася, што падчас пандэміі адбыўся зрух у статыстыцы прычын смерці. Так, з-за абмежаванняў перасоўвання стала менш дарожна-транспартных здарэнняў», – перадае Die Welt.

Беларускае Радыё Рацыя