Агляд прэсы: вайна на мяжы фолу



Расея і Беларусь плануюць сумесныя ваенныя вучэнні ў лютым. Канфлікт вакол Украіны: як разрадзіць абстаноўку? Італія: Берлусконі ў прэзідэнты? Рост коштаў на энерганосьбіты ў Еўропе. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Лукашэнка заявіў, што Расея і Беларусь правядуць сумесныя ваенныя вучэнні ў лютым, і гэта на фоне росту напружанасці паміж Усходам і Захадам вакол Украіны», – піша брытынскае выданне Uknews.

«Расея, блізкі саюзнік Беларусі, занепакоіла Захад і Кіеў назапашваннем войскаў ля межаў Украіны і шквалам пагрозлівай рыторыкі, выклікаючы асцярогі, што яна плануе ўварвацца. Масква адмаўляе любы такі план, але выкарыстала супрацьстаянне для кампаніі атрымання гарантый бяспекі з боку Захаду, у тым ліку спыненне пашырэння НАТО і афіцыйнае вета на Украіну – былую савецкую рэспубліку, якая плануе далучыцца да ваеннага альянсу.

Таму дзіўна чуць словы пра сумесныя вучэнні ад беларускага прэзідэнта-ізгоя, чыя дзяржава – былая савецкая рэспубліка з 9,5-мільённым насельніцтвам- разглядаецца як буферная дзяржава на Захадзе, мяжуе з Украінай на поўдні і сябрамі НАТО, Польшчай і Літвой на захадзе», – піша брытанскае выданне.

Нягледзячы на ўсе дыпламатычныя намаганні, крызіс на расейска-ўкраінскай мяжы пакуль вырашыць не ўдалося. Кіраўнік Знешнепалітычнага ведамства ФРГ Бэрбак распачне яшчэ адну спробу разрадзіць сітуацыю, сустрэўшыся з кіраўніцтвам Украіны ў Кіеве, а таксама наведаўшы Маскву. Еўрапейская прэса выступае з рознымі прапановамі і са шкадаваннем адзначае, што ў знешнепалітычнай сферы значнасць ЕЗ невялікая.

Партугальская газета Diário de Notícias са шкадаваннем адзначае, што сёння ЕЗ не з’яўляецца гульцом, з якім іншыя б лічыліся і вялі перамовы.

«Не варта чакаць, што ЕЗ стане тым, чым ён пакуль не з’яўляецца і, як вядома, магчыма ніколі і не будзе з’яўляцца. А менавіта арганізацыяй, якая валодае здольнасцю, воляй і сродкамі, якія дазволілі б ёй уносіць уклад у эканамічнае, палітычнае і ваеннае рэгуляванне Еўропы і свету. Гэта змяніла б характар Еўразвязу, які мае цяпер перш за ўсё грамадзянскі характар, а таксама надзяліла б Брусэль паўнамоцтвамі ў сферы суверэнітэту, якімі зараз валодаюць толькі краіны-члены супольнасці. У дадзены момант мы сталі сведкамі таго, што ў сітуацыі, калі на кон пастаўлены лёс усходніх межаў Еўропы, ЕЗ быў выстаўлены з кабінету, дзе дарослыя прымаюць рашэнні, і адпраўлены ў дзіцячы пакой», – гіранізуе партугальскае выданне.

24 студзеня парламент Італіі будзе абіраць новага прэзідэнта краіны. Рашэнне аб кандыдатуры будзе прымацца абедзвюма палатамі парламента. У якасці пераемніка Серджыа Матарэле, які сыходзіць з пасады прэзідэнта, правыя і правацэнтрысцкія партыі вылучылі Сільвіо Берлусконі. Палітык, які ўжо займаў пасаду прэм’ер-міністра, але потым стаў фігурантам шматлікіх скандалаў, практычна знік з палітычнай арэны. На працягу многіх гадоў Берлусконі было забаронена займаць палітычныя пасады. Як зазначае прэса, яго абранне стала б сапраўдным скандалам.

Італьянская газета La Repubblica паказвае на тое, пад пагрозай можа аказацца будучыня краіны.

«Вылучэнне Сільвіо Берлусконі – не бяскрыўдная ўзнагарода, якая ўручаецца састарэламу герою на заходзе кар’еры. Наадварот, гэта палітычнае рашэнне з выразным сэнсам, рэалізацыя якога можа мець доўгатэрміновыя наступствы для ўсёй сістэмы Італьянскай Рэспублікі. Калі гэты рыцар амаль праз 30 гадоў пасля свайго прыходу ў палітыку здабудзе паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы, то гэта будзе азначаць канчатковую перамогу ідэалогіі над гісторыяй, якую, аказваецца, можна выкінуць на сметніцу, ачарніць ці проста праігнараваць, дзеля эксперыменту ў вышэйшых эшалонах улады, накіраванага у першую чаргу супраць ісціны», – піша італьянскае выданне.

Вось ужо на працягу некалькіх месяцаў у краінах Еўропы бесперапынна растуць кошты на газ і электрычнасць. На сённяшні дзень яны ўжо на трэць вышэйшыя за ўзровень папярэдняга году; у 2022 годзе чакаецца далейшае павышэнне. Для насельніцтва гэта азначае дадатковыя фінансавыя цяжкасці, тым больш што з-за галапуючай інфляцыі растуць і цэны на прадукты харчавання. Толькі ў нямногіх краінах улады прымаюць нейкія меры.

Кошты на электраэнергію растуць і ў Латвіі. Па меркаванні латвійскай газеты Neatkarīgā, грамадзянам не варта чакаць дапамогі ад дзяржавы.

«Як нядаўна заявіў у сваім тэлеінтэрв’ю прэзідэнт Эгілс Левітс, «адказнасць за палітычную сітуацыю ў краіне ляжыць на ўрадзе і парламенцкай большасці, аднак кожнаму трэба было б ведаць і разумець, што дзяржава не можа рэгуляваць усе аспекты жыцця грамадзян і не ў стане вырашыць усе праблемы. Разлічваць на тое, што дзяржава аб усім паклапоціцца – гэта старое савецкае мысленне». Можна быць абсалютна ўпэўненымі: прамаўляючы гэтыя словы, прэзідэнт ні секунды не думаў аб тым, што яны могуць выклікаць негатыўную рэакцыю», – падсумоўвае латвійскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя