Агляд прэсы: Важнасць падтрымкі
Беларусь не жадае дзяліцца з Расеяй актывамі заходніх фірмаў-уцекачоў. Украінскія супярэчанні на фоне вайны. Грэцыя: у парламенце – новая левая фракцыя. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
На працягу свайго амаль трыццацігадовага праўлення дыктатар Беларусі Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што дзяржаўную маёмасць нельга раздаваць. Праўда, сам ён не заўсёды прытрымліваўся гэтага правіла: расейскі дзяржаўны газавы гігант «Газпром» кантралюе газатранспартную сістэму краіны, а таксама чвэрць банкаўскай сыстэмы таксама ў руках Расеі. Тым ня менш, большасьць расейскіх плянаў экспансіі ў беларускую эканоміку былі сарваныя. «Беларускія ўлады зрабілі крокі, каб не даць расейскаму бізнэсу скупляць занадта шмат мясцовых прадпрыемстваў», – піша амерыканскае выданне Сarnegieendowment.
«Напрыканцы кастрычніка Лукашэнка падпісаў указ, які надзвычай ускладняе продаж беларускіх актываў так званым «недружалюбным» краінам Захаду. Пасыл быў відавочны: вам лепш працягваць працаваць у Беларусі. Але было і менш відавочнае, але такое ж важнае паведамленне для расейскай бізнес-супольнасці. Пасля нападу на Украіну ў лютым 2022 года расейскія прадпрыемствы чакалі выгады, бо заходнія кампаніі ўцяклі з беларускага рынку. Аднак падзеі разгортваліся не так. Ужо ўлетку 2022 года Менск вырашыў ускладніць заходнім уласнікам распараджэнне долямі беларускіх кампаній. Цяпер гэта можа адбыцца толькі пасля доўгага працэсу перамоваў з рознымі агенцтвамі. Спіс кампаній, на якія распаўсюджваюцца гэтыя абмежаванні, налічвае каля 1800 назваў (ад 25 да 30 працэнтаў усіх беларускіх фірмаў з заходнім капіталам). Расейскім прадпрыемствам прыйшлося абмежаваць свае апетыты меншымі фірмамі, якіх не было ў спісе. Замежныя кампаніі ў спісе Беларусі маюць выбар: сядзець ці прадаць і атрымаць фінансавы ўдар. Пераважная большасць выбрала першае. За год, які прайшоў пасля складання спісу, толькі 1,5 працэнта кампаній з яго афіцыйна падалі заяву аб ліквідацыі сваіх актываў», – паведамляе амерыканскае выданне.
* * *
Контрнаступленне ВСУ ідзе, але Украіна і акрамя фронту сутыкаецца з цэлым шэрагам праблем. Кангрэс ЗША ставіць пытанне пра новыя фінансавыя сродкі ў падтрымку Украіны. Венгрыя мае намер перашкаджаць абмеркаванню прадастаўлення новай дапамогі Кіеву з боку ЕЗ, як меркавалася, што гэтае пытанне будзе тэмай снежаньскага саміту супольнасці. Ужо ўзгоднены пакет мер падтрымкі прабуксоўвае, пастаўкі боепрыпасаў зацягваюцца. «Павялічыць маштабы дапамогі Кіеву – у інтарэсах самога ЕЗ», – падкрэслівае мадрыдская газета El País.
«Расея выпрабавала велізарную эрозію, але здолела ў ваенным плане сабрацца нанова. І калі зараз Захад аслабіць падтрымку Украіне, то гэта можа прывесці да цяжкіх наступстваў. Украіна заслугоўвае падтрымкі. І гэта таксама ў інтарэсах Еўрасаюза ў плане яго далейшага пашырэння. Ва Украіне маюцца сур’ёзныя ўнутраныя праблемы, яна мае патрэбу ва ўмацаванні сваёй дэмакратыі – з прычыны карупцыі. Недаацаніць Расею з-за яе першапачатковых няўдач было б сур’ёзнай памылкай. Сама думка пра тое, што Пуцін здабудзе новыя тэрыторыі, а ў Белы дом у ЗША вернецца Трамп, павінна пераканаць кожнага еўрапейца ў неабходнасці далейшай падтрымкі Украіне», – паведамляе гішпанскае выданне.
* * *
Цягам многіх месяцаў украінскае грамадства ўражвала сваёй рашучасцю даць адпор расейскім захопнікам і згуртаванасцю, якую, як здавалася, нішто не здольна пахіснуць. Аднак цяпер ва ўсё большай ступені дае пра сябе ведаць унутрыпалітычная напружанасць. Мэр Кіева Віталь Клічко незвычайна рэзка раскрытыкаваў прэзідэнта Зяленскага. Жонкі вайскоўцаў пратэстуюць і патрабуюць водпуску для сваіх мужоў, якія змагаюцца на фронце. Аглядальнікі пішуць пра змены, якія адбываюцца ва ўкраінскім грамадстве. Турынская газета La Stampa не здзіўленая крытыкай мэра Кіева Віталя Клічко на адрас прэзідэнта Зяленскага.
«Атачэнне Зяленскага перасцерагло мэра ад таго, каб скардзіцца на прэзідэнта ў інтэрв’ю замежным газетам, і заклікала Клічко проста рабіць сваю працу. Гэтыя двое неўзлюбілі адзін аднаго з таго часу, як Зяленскі ўступіў на сваю пасаду чатыры гады таму, і перамог на выбарах свайго папярэдніка Пятра Парашэнку, цяперашняга прыхільніка Клічко. Падчас вайны ўрад распарадзіўся стварыць ваенныя адміністрацыі – у дадатак да існуючых муніцыпальных органаў кіравання – і паставіла іх пад свой кантроль. З гэтага моманту паміж цэнтрам і перыферыяй пачалася гульня ў абвінавачванні і падазрэнні», – адзначае італьянскае выданне.
* * *
У Грэцыі адзінаццаць дэпутатаў, якія выйшлі з апазіцыйнай партыі СІРЫЗА, заснавалі ў парламенце новую фракцыю пад назвай Nea Aristera (Новыя левыя). Алексіс Харыцыс, абраны лідарам фракцыі, заявіў у панядзелак пра тое, што ягоны рух мае намер праводзіць палітыку па-новаму. Аглядальнікі дзеляцца сваімі меркаваннямі наконт шанцаў новага руху на поспех. «Новаму руху трэба было б скарыстацца слабасцю партыі СІРЫЗА», – піша грэцкі партал News247.
«Прыклады з мінулага даказваюць той факт, што партыі, якія ўзнікаюць у выніку расколу, як правіла, чакае незайздросны лёс. Паглядзім, ці здолее новы праект пазбегнуць падобнай долі, зрабіўшы стаўку на нястрымнае падзенне акцый партыі СІРЫЗА, якую ўзначальвае новы старшыня. Нязначнасць персоны Касселакіса, па ідэі, павінна апраўдаць гэты разлік. Не далей як учора той абвясціў сваю новую мэту, якая гучыць так: «Перамога на выбарах у Еўрапарламент!». Відавочнае фіяска лідараў партыі СІРЫЗА, якія змяняюць адзін аднаго, ўзмацняе шанцы новага руху на поспех. І тут дарэчы выслоўе амерыканскага пісьменніка Гара Відала: «Мала быць паспяховым самому, трэба яшчэ, каб і іншыя цярпелі паразы», – піша грэцкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя