Агляд прэсы: вердыкты дзён



СМІ свету сочаць за скандалам са сцягам паміж Латвіяй і Беларуссю. Швейцарыя адмовілася ад рамкавага пагаднення з ЕЗ. Sars-Cov-2: усё-такі ўцечка з лабараторыі? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Падчас чэмпіянату свету па хакеі на лёдзе, які праходзіць у Рызе, здарыўся дыпламатычны скандал: мэр латвійскай сталіцы сумесна з міністрам замежных спраў краіны замянілі на стэндзе са сцягамі краін-удзельніц афіцыйны чырвона-зялёны сцяг Беларусі на нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. У адказ на гэта ўлады Беларусі выслалі з краіны пасла Латвіі і іншых латвійскіх дыпламатаў. На гэта Латвія адказала высылкай супрацоўнікаў амбасады Беларусі.

Латвійская газета Neatkarīgā, насуперак крытыцы газеты Diena, расцэньвае гэтую акцыю як даволі смелы ўчынак.

«Мэр Рыгі Марцінс Стакіс і міністр замежных спраў Эдгарс Рынкевіч лёгка вырашыліся на недыпламатычны жэст. Абодва палітыка не спалохаліся грамадскага меркавання. Наадварот. На фоне цалкам апраўданай дэманізацыі Лукашэнкі іх дэмарш выглядаў вельмі эфектна і знайшоў шырокую падтрымку ва ўсім свеце (за выключэннем Расеі і прэзідэнцкага палацу  ў Менску). Так, замена сцяга можа справакаваць негатыўныя наступствы для эканомікі Латвіі, аднак падтрымліваць, здавалася б, добрыя адносіны з бандытам – таксама невялікі гонар», – падсумоўвае латвійскае выданне.

Пасля сямі гадоў перамоваў Швейцарыя прыняла рашэнне не падпісваць рамкавае пагадненне з ЕЗ. Па словах федэральнага прэзідэнта Гі Пармэлена, не было дасягнута згоды па ключавых момантах. Галоўным яблыкам разладу сталіся пытанні рэгулявання заработнай платы і абароны наёмных работнікаў, а таксама свабоднага перамяшчэння грамадзян. Адны каментатары вітаюць разрыў, іншыя папярэджваюць пра наступствы.

Французская газета L’Opinion піша, што цяперашняе фіяска цалкам адпавядае духу часу.

«Дзесяцігоддзі ўльтраліберальная эканамічная ідэалогія, якая праводзіцца Давоскім Сусветным эканамічным форумам, і дактрыны ў духу «ўзбагачайцеся!» – падыходзяць да канца. Прэзідэнт Байдэн, лідары ЕЗ і нават Барыс Джонсан уступаюць у новае, больш сацыяльнае і экалагічнае стагоддзе ў сферы сацыяльнай і працоўнай палітыкі. Папулісты ад еўрапейскага эканамічнага лібералізму лічаць, што Швейцарыя парушае правілы і таму павінна быць пастаўлена на месца. Апошні раз, калі падобнае паспрабаваў зрабіць адзін аўстрыйскі пасланнік, адказ яму даў даволі вядомы Вільгельм Тэль. ЕЗ і Швейцарыя павінны знайсці 

У Нідэрландах эколагі дасягнулі важнай перамогі ў судзе: энергетычны канцэрн Shell, галаўны офіс якога знаходзіцца ў Гаазе, абавязалі да 2030 года скараціць выкіды СО2 на 45 працэнтаў у параўнанні з 2019 годам. Гэта першае судовае рашэнне, якое абавязвае прыватную кампанію выконваць мэты кліматычнага плану. Shell мае намер апратэставаць рашэнне. Прэса разважае пра тое, як гэты вердыкт паўплывае на эканоміку і бізнес.

Як адзначае нямецкая газета Frankfurter Rundschau, рашэнне суда мае гістарычны характар.

«Справа Shell можа стаць прэцэдэнтам для многіх іншых канцэрнаў у Еўропе, якія не прымаюць сур’ёзнага пагаднення аб абароне клімату. Фактычна, на абарону клімату ўсё часцей паўстаюць менавіта суды, паколькі палітыкі, якія знаходзяцца пад уплывам прамысловага лобі, гэтага зрабіць не ў стане. Канцэрну Shell і іншым варта нарэшце змірыцца з рэчаіснасцю, і рашуча заняцца рэструктурызацыяй», – піша нямецкае выданне.

Амерыканскае выданне The Wall Street Journal спасылаецца на неапублікаваны даклад выведкі ЗША пра тое, што Sars-Cov-2 быў уцечкай з кітайскай лабараторыі. Прэзідэнт Байдэн патрабуе правесці дбайнае расследаванне і даў адпаведнае даручэнне спецслужбам. Новы даклад павінен быць прадстаўлены цягам трох месяцаў.

«Той факт, што Байдэн вырашыў задзейнічаць спецслужбы, тлумачыцца не меркаваннямі палітыкі аховы здароўя, але іншымі фактарамі», – лічыць гішпанска-каталонскае выданне El Periódico de Catalunya.

«Вядома, неабходна высветліць, ці адбылося заражэнне чалавека наўпрост ад жывёлы ці гэта быў пралом у сістэме бяспекі Уханьскай лабараторыі. Але паспешнасць, з якой прэзідэнт ЗША цяпер патрабуе справаздачы, хутчэй прымушае думаць, што гаворка ідзе пра барацьбу за перавагу на ўсіх роўнях. І гэта кажа на карысць той здагадкі, што падчас сваёй сустрэчы з Пуціным, запланаванай на 16 чэрвеня ў Жэневе, Джо Байдэн хацеў бы паўстаць перад сусветнай супольнасцю гэтакім суровым лідарам з жорсткай пазіцыяй, на якую кансерватары ў яго ўласнай краіне лічаць яго няздольным», – мяркуе гішпана-каталонскае выданне.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка