Агляд прэсы: воля і розум



Беларускі палітычны крызіс нарэшце падыходзіць да канца? Фон дэр Ляйен пра будучыню Еўропы: галоўнае – воля. Гішпанія і Каталонія: размоваў шмат, а збліжэння няма. Афганістан: тузаніна ў шэрагах Талібану. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

„Галоўным вынікам расейска-беларускага саміту 9 верасня стала абвяшчэнне аб тым, што ўсе 28 «дарожныя карты», якія цяпер называюцца «праграмамі Саюзнай дзяржавы», нарэшце былі ўхвалены. Пуцін паведаміў, што ўзгодненыя дакументы датычацца інтэграцыі расейскай і беларускай валютнай сістэм (але не дапускаюць адзінай валюты), а таксама гарманізацыі збору падаткаў. Акрамя таго, бакі праводзяць адзіную прамысловую палітыку і гарантуюць роўны доступ да дзяржаўных закупак. Фармаванне адзінага рынку прыроднага газу запланавана на канец 2023 года», – падсумоўвае амерыканская газета Jamestown.

Выданне не дапускае абмежавання інтэграцыі дзвюх краін толькі ў гандлёва -эканамічнай і ваеннай сферах.

«Пагроза ўзнікнення агульных наднацыянальных органаў у агляднай будучыні існуе. Пуцін не выключае, што ў нейкі момант таксама адбудзецца стварэнне новых органаў Саюзнай дзяржавы. Верагодна, Менск і Масква пры неабходнасці імгненна збяруцца яшчэ больш цесна ў ваеннай і палітычнай сферах», – адзначае амерыканскае выданне і акцэнтуе ўвагу на тым, што зніжэнне санкцыйнага ціску з боку Захаду можа даць Менску пэўную свабоду манеўру ва ўмовах немінучага аб’яднання з Расеяй.

У сераду старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен выступіла з другой штогадовай прамовай аб становішчы справаў у супольнасці. Сярод іншага яна заклікала грамадства рыхтавацца да таго, што суперніцтва на міжнароднай арэне будзе ўзрастаць, а таксама вылучыла аргументы на карысць стварэння Еўрапейскага абароннага звязу. Меркаванні прэсы з нагоды прамовы падзяліліся: адны аглядальнікі лічаць, што выступ фон дэр Ляйен выклікае аптымізм і ўпэўненасць у будучыні, іншыя адзначаюць, што ў канчатковым выніку ў Еўракамісіі рукі ўсё роўна застаюцца звязанымі.

«Амбіцыйныя мэты няздольныя схаваць слабасці Еўропы», – лічыць нідэрландская газета De Volkskrant.

«Еўрапейскія лідары любяць казаць гучныя словы. Пры гэтым, як правіла, застаецца незразумелым, якім менавіта чынам яны збіраюцца дасягаць абвешчаных мэтаў. Зварот фон дэр Ляйен у гэтых адносінах не стаў выключэннем, а таму – расчараваў. Урсула фон дэр Ляйен сама кажа, што ваенная і дыпламатычная слабасць Еўропы абумоўлена не недахопам магчымасцяў, але адсутнасцю палітычнай волі ў дзяржаў-членаў супольнасці. Еўрапейскае войска немагчыма стварыць адной толькі ініцыятывай з Брусэлем. Калі гэта калі-небудзь і здарыцца, то будзе выклікана геапалітычнай неабходнасцю. Але тады Еўропа павінна быць да гэтага гатовая, і ў гэтым сэнсе фон дэр Ляйен мае рацыю», – падсумоўвае нідэрландскае выданне.

Прэм’ер-міністр Гішпаніі Пэдра Санчэс сустрэўся з прэм’ер-міністрам Каталоніі Пэрэ Арагонэсам у Барселоне для таго, каб пасля паўтарагадовага перапынку працягнуць дыялог па спрэчцы аб аўтаноміі Каталоніі. Адзіным вынікам сустрэчы стала выяўленая абедзвюма бакамі гатовасць да далейшага дыялогу, нягледзячы на прама супрацьлеглыя пазіцыі. Варта адзначыць, што партыя Разам за Каталонію, якая ўваходзіць на правах малодшага партнёра ў каталонскі сепаратысцкі ўрад, сустрэчу праігнаравала: як вядома, гэтая партыя прытрымліваецца больш радыкальных пазіцый па пытаннях аўтаноміі.

На думку гішпанскай газеты ABC, такія сустрэчы ўсяго толькі манеўры, каб адцягнуць увагу.

«Ніхто не ведае, пра што яны там на самай справе казалі і якую павестку ўзгаднілі: нічога невядома ні пра часовыя межы, ні пра тое, якія пытанні будуць абмяркоўвацца ў ходзе наступнай сустрэчы, ні пра тое, калі такая адбудзецца. Гэты «дыялог» – усяго толькі паказны прапагандысцкі крок, закліканы схаваць ад грамадзян краіны сутнасць рашэнняў, якія прымаюцца. Санчэс і Арагонэс таемна дамовіліся дзейнічаць такім чынам, каб дапамагаць адзін аднаму ўтрымацца ва ўладзе. Пры гэтым абодва з іх пакідаюць нязменнымі ўласныя наратывы і пасылы, адрасаваныя да сваіх прыхільнікаў, не ставячы пад пагрозу альянс, укладзены паміж кіруючымі ў Гішпаніі сацыялістамі і Левымі рэспубліканцамі Каталоніі, якія знаходзяцца ва ўладзе ў Барселоне», – падсумоўвае гішпанскае выданне.

У кіраўніцтве Талібану, мяркуючы па ўсім, разгарэлася спрэчка паміж больш «умераным» крылом і прыхільнікамі жорсткай лініі: намеснік прэм’ер-міністра Абдул Гані Барадар, фактычна другі нумар у ісламісцкім руху, на некалькі дзён знік са сцэны. Хадзілі чуткі аб яго смерці альбо ўцёках. Пытанне пра тое, ці заслугоўваюць даверу абвяржэнні талібаў, усё яшчэ застаецца адкрытым.

«Калі агульны вораг пераможаны, то ўнутраныя звады становяцца непазбежнымі», – лічыць харвацкая газета Jutarnji list.

«Менавіта так ідзе справа з ваяўнічымі рухамі, калі яны прыходзяць да ўлады: да пэўнага моманту яны выступаюць адзіным фронтам, паколькі іх аб’ядноўвае агульны вораг, а ўнутраныя спрэчкі пры гэтым адступаюць на другі план. Але вось надыходзіць момант, калі трэба пераймаць уладу, і тут ужо фактар згуртаванасці знікае і бяруць сваё цэнтрабежныя сілы. Гэты закон не абышоў бокам і Талібан. Паводле iнфармацыi Бі-бі-сі ад інсайдэраў талібаў, сур’ёзны канфлікт узнік адразу ж пасля стварэння часовага ўраду: два  крылы-супернікі талібаў зладзілі бойку наўпрост у прэзідэнцкім палацы ў Кабуле. Прычынай стала спрэчка пра тое, хто з іх больш спрыяў перамозе»,– адзначае харвацкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка