Агляд прэсы: “вучні і настаўнікі»



Чаго дабіваецца Лукашэнка з ідэяй стварэння «гуманітарнага калідору» пасля размовы з Меркель? Аксамітная рэвалюцыя: праз 32 гады. У Румыніі заклятыя ворагі маюць намер стварыць кааліцыю.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

«Лукашэнка спрабуе змяніць ход міграцыйнага крызісу на польска-беларускай мяжы. Дзве тэлефонныя размовы, якія ён правёў на гэтым тыдні з канцлерам Германіі Ангелай Меркель, служаць для яго асновай для ўзмацнення ціску на Германію і Еўразвяз і ўвядзення ў зман», – піша швейцарскае газета Neue Zürcher Zeitung.

«У чацвер Наталля Эйсмант, прэс-сакратар Лукашэнкі, паведаміла аб прапанове Лукашэнкі разрадзіць крызіс і пачатку выканання абавязальніцтваў з боку Германіі: стварыць для 2 тысяч мігрантаў «гуманітарны калідор» у Германію або іншыя краіны, куды яны хочуць патрапіць. Беларусь возьме на сябе транспарціроўку астатніх 5 тысяч мігрантаў, што застаюцца ў Беларусі, у краіны іх паходжання, калі яны таго пажадаюць», – перадае выданне.

«Заява ж прэс-сакратара Меркель, зробленая пасля тэлефоннай размовы, насіла больш агульны характар; у ёй не згадвалася ні аб якіх пагадненнях», – указвае газета на абвяржэнне Берлінам такой інфармацыі.

«Больш за тое, гэта пытанне ЕЗ, а не пытанне двухбаковых адносін паміж Германіяй і Беларуссю. Прапанову аб стварэнні «гуманітарнага калідору» Лукашэнка, верагодна, сапраўды рабіў. Аднак падаючы яго як пагадненне, ён спрабуе аказаць ціск на Меркель. Магчыма, у ведамстве канцлера не чакалі такога развіцця падзей. Лукашэнка «народжаны» ім самім міграцыйны крызіс разглядае як магчымасць вярнуцца да дыялогу з ЕЗ, і такім чынам атрымаць свабоду дзеянняў у адносінах з Пуціным. Не сакрэт, што Расея адмерала праўленню Лукашэнкі свой тэрмін», – канстатуе Neue Zürcher Zeitung.

17 лістапада ў Чэхіі і Славакіі пачалі адзначаць гадавіну пачатку Аксамітнай рэвалюцыі 1989 году, падчас якой грамадзянам тагачаснай Чэхаславакіі, ахопленым імкненнем да свабоды і дэмакратыі, удалося зрынуць камуністычны рэжым практычна без ужывання сілы. Аглядальнікі разважаюць аб тым, што засталося ад памкненняў той эпохі сёння, праз 32 гады.

На думку славацкай газеты Pravda, у Славакіі назіраецца відавочны крызіс дэмакратыі і дыстанцыяванне грамадзян ад грамадскіх праблем, што, зразумела, дае «зялёнае святло» дэмагогам усіх масцяў.

«Насуперак усім сваім недахопам, дэмакратыя – найбольш чалавечная з усіх формаў дзяржаўнага ладу, паколькі толькі пры дэмакратыі ў працэсе прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў маюць права ўдзельнічаць усе грамадзяне, якім неабыякавая будучыня краіны. Але калі мы не гатовыя прымаць удзел у палітыцы, то тады намі непазбежна прымуцца верхаводзіць самыя некампетэнтныя з нас. Дзеючыя асобы лістапада 1989 г. выканалі свае ролі. Сёння справа за намі: менавіта на нас ускладзена задача ўмацоўваць у грамадстве пачуцці датычнасці, даверу і цярпімасці, а таксама знаходзіць новыя формы ўдзелу грамадзян у кіраванні краінай. Гэта адзіны спосаб прыўнесці надзею і дэмакратыю ў XXI стагоддзе», – заклікае славацкае выданне.

У Румыніі намячаецца фармаванне новай урадавай кааліцыі. Гэта Нацыянал-ліберальная партыя пад кіраўніцтвам Фларыяна Кыцу, яшчэ выконваючага абавязкі прэм’ер-міністра, і Сацыял-дэмакратычная партыя, якая ініцыявала ў кастрычніку гэтага году галасаванне па вотуме недаверу ўраду, у выніку якога ўрад таго ж Кыцу быў змушаны сысці ў адстаўку. Трэцім у альянсе збіраецца стаць Дэмакратычны звяз вугорцаў Румыніі. Партфель кіраўніка ўрада плануецца перадаваць адзін аднаму па эстафеце. Ці атрымаецца былым ворагам сфарміраваць устойлівы кабінет?

«Такая кааліцыя будзе заклапочаная толькі ўласным выжываннем», – піша румынскае выданне Contributors.

«Кааліцыя, якая раздзіраецца такімі сур’ёзнымі ўнутранымі супярэчнасцямі, не зможа забяспечыць тое, што магло б яе легітымаваць, а менавіта – стабільнасць. Прэзідэнт, якога не відаць і не чуваць, калектыўныя страх і трывога, няздольнасць прадставіць грамадству лагічны сцэнар, вольны ад дэмагогіі, разрозненая і далікатная апазіцыя – вось што характарызуе цяперашні палітычны ландшафт, як у каротка, так і ў доўгатэрміновай перспектыве. Фарміраваная кааліцыя ў складзе сацыял-дэмакратаў і лібералаў жадае ўсяго толькі ўсталяваць свае правілы, размеркаваць паміж сабой рэсурсы і жыць-пажываць прыпяваючы, за кошт бюджэту. Кумаўство, а не салідарнасць – вось што будзе забяспечваць яе выжыванне», – канстатуе румынскае выданне.

Украіна займае апошняе месца ў Еўропе па роўні вакцынацыі насельніцтва. Цалкам прышчэпленыя ад ковіда толькі 21 адсотак жыхароў краіны. Прэзідэнт Зяленскі прапанаваў выдаваць жадаючым прышчапіцца лічбавы падарункавы сертыфікат на суму каля 33 еўра, які можна было б пагасіць у спартовых клубах, кінатэатрах або ў тураператараў. Згодна з задумай уладаў, такім спосабам можна было б і даць штуршок эканоміцы.

Як адзначае ўкраінская газета „Українська правда„, не варта ўскладаць на гэтую меру асаблівыя спадзяванні.

«Не існуе адназначна паспяховага вопыту іншых краін, які даказаў бы, што такія стымулы здольныя сур’ёзна павялічыць адсотак прышчэпленых. Канешне, яны могуць падштурхнуць на наведванне пункту вакцынацыі тых, хто і так не супраць прышчапіцца, але адкладаў гэта па тых ці іншых прычынах. І такіх людзей ва Ўкраіне нямала. Па дадзеных апошняга апытання агенцтва «Рэйтынг», іх 18 адсоткаў сярод дарослага насельніцтва. І для іх свежая ініцыятыва прэзідэнта можа стаць добрым стымулам. Але 43 адсоткі дарослых украінцаў па-ранейшаму застаюцца ўстойлівымі праціўнікамі вакцынацыі, і да іх, відавочна, трэба шукаць іншыя падыходы», – адзначае ўкраінскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя