Агляд прэсы: ВВС праанансавала дакументальны фільм пра Беларусь
Вальжына Морт прадставіць адну з частак дакументальнага праекту ВВС пра пратэсты ў Беларусі. У Малдове ацэньваюць становішча, у якім апынецца краіна пасля абрання на пасаду прэзідэнта Маі Санду. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:
-BBC на сваім сайце праанансаваў дакументальны фільм „Беларусь праз барыкады”. Калі пратэсты ў Беларусі не скончацца, а гэта малаімаверна, то ў дзень прэм’еры дакументальнай стужкі беларусы будуць пратэставаць супраць крывавага дыктатара ўжо 115 дзень. Брытанскі тэлевяшчальнік робіць такі анонс фільму: Менск, пачатак снежня. Сцяна людзей у масках, у чорных бронекамізэльках, якія б’юць дубінкамі па сталёвых шчытах. Перад імі стаяць жанчыны, ухутаныя ў зімовыя паліто, і падлеткі, загорнутыя ў бел-чырвона-белыя сцягі. Яны спяваюць песню пратэсту, якую калісьці чулі на рэвалюцыйных верфях Гданьска пакаленнем раней — гімн дэмакратыі і пераменам. Больш за сто дзён гэтыя людзі ў Беларусі прасоўваліся наперад і адступалі, і цяпер яны, здаецца, апынуліся ў тупіку. Нягледзячы на санкцыі, нягледзячы на такую нязгоду, што паказваюць нават замежныя дыпламаты, урад Аляксандра Лукашэнкі трымаецца. Нягледзячы на гвалт і запалохванні, арышты і забароны на незалежныя карэспандэнцыі, дэманстранты працягваюць прыходзіць на вуліцы дзень за днём, ноч за ноччу. Мы прадставім пару праграм з-пад паверхні крызісу. У першай частцы Люсі Эш даследуе свет сіл бяспекі, якія ўтрымліваюць Лукашэнку пры ўладзе, апранаючы паўсюдныя балаклавы, каб злавіць мужчын і жанчын. Беларуская паэтка Вальжына Морт прадставіць 2-ю частку з пункту гледжання дэманстрантаў, звычайных людзей, якія ніколі не чакалі, што сфармуюць авангард у гэты надзвычайны момант. Прадзюсар дзвюх частак — Моніка Уітлак.
У нядзелю, 15 лістапада, грамадзяне Малдовы прагаласавалі на прэзідэнцкіх выбарах, якія вызначалі, ці застанецца гэтая былая савецкая рэспубліка саюзніцай Расеі ці ж яна паспрабуе наладзіць больш цесныя сувязі з Еўразвязам, піша The Telegraph. Паводле папярэдніх звестак, правацэнтрысцкі кандыдат Мая Санду атрымала перамогу. У другім туры выбараў яна супернічала з дзейным прарасейскім прэзідэнтам Ігарам Дадонам. Масква адкрыта падтрымлівала Дадона, а ў кастрычніку прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін асабіста звярнуўся да грамадзян Малдовы з просьбай пераабраць дзейнага лідара на другі тэрмін. Між тым, расейская выведка абвінаваціла Злучаныя Штаты ў падрыхтоўцы ў Малдове „рэвалюцыі” і акцый пратэсту, якія нібыта маглі пачацца ў выпадку перамогі Дадона. Выбары праходзяць на фоне хваляванняў у рэгіёне, які Расея традыцыйна лічыла сваёй сферай уплыву, а менавіта на фоне масавых дэманстрацый у Беларусі супраць дыктатара Лукашэнкі, які падтрымлівае цесныя сувязі з Крамлём, а таксама народных пратэстаў супраць уладаў у Кіргізстане. Але, па словах аналітыкаў, у цяперашні час на рашэнні малдаўскіх выбаршчыкаў ўплываюць хутчэй эканамічная сітуацыя ў краіне і карупцыя, чым геапалітычныя меркаванні. Эканоміка Малдовы, якая з’яўляецца адной з самых бедных краін у Еўропе, сур’ёзна пацярпела ад пандэміі каронавіруснай інфекцыі, якой папярэднічала цэлая серыя палітычных крызісаў і карупцыйных скандалаў. Мая Санду, якая ў мінулым была эканамістам Сусветнага банка, хоча, каб яе краіна ўступіла ў Еўразвяз, і яна паабяцала абараняць інтарэсы Малдовы ў адносінах з Расеяй. Санду карыстаецца папулярнасцю сярод грамадзян Малдовы, якія з’ехалі на працу за мяжу і падтрымка якіх дазволіла ёй атрымаць перавагу над Дадонам яшчэ ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў. На працягу ўсёй перадвыбарчай кампаніі Дадон і яго суперніца абменьваліся абразамі: да прыкладу, аднойчы дзейны прэзідэнт назваў Санду «гістэрычкай», а яна ў адказ назвала яго «каласальным злодзеем». Дадон і Санду супернічалі адно з адным і на выбарах 2016 года, і тады ў другім туры перамогу атрымаў Дадон, дадае The Telegraph.
Беларускае Радыё Рацыя