Агляд прэсы: „вялікі брат”
Беларусь выкарыстоўвае мігрантаў для контратакі на ЕЗ. Бясконцы ўрок Афганістана. Кітай адзначае 100-годдзе кампартыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
«Літва стала новым «усходнім фронтам» нелегальнай міграцыі пасля таго, як, паводле заявы літоўскага Міністэрства замежных спраў, Беларусь пачала выкарыстоўваць людзей у якасці зброі ў сваім сутыкненні з ЕЗ», – перадае бельгійскае выданне EU Observer.
«У першай палове гэтага года колькасць мігрантаў, якія перасякаюць мяжу Літвы, падскочыў ажно ў 8 разоў: на дадзены момант зарэгістравана каля 600 выпадкаў, пры гэтым – 412 выпадкаў толькі ў чэрвені. Для параўнання: у мінулым годзе іх было 74, а ў 2019 – усяго 37», – гаворыцца ў артыкуле.
Паводле выдання, большасць нелегальных мігрантаў родам з Іраку, але павялічваецца колькасць выхадцаў з Сірыі, Гамбіі, Гвінеі і Індыі. Іх прывозяць рэйсамі з Багдада і Стамбула, якія павялічыліся ў чэрвені, што паказвае на арганізаваную кампанію.
«Такое развіццё падзей адбываецца пасля таго, як ЕЗ увёў санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі, у тым ліку забарону на палёты ў траўні, калі ён скраў пасажырскі авіялайнер, каб схапіць апазіцыйнага актывіста, які жыве ў Літве. І сітуацыя, верагодна, працягне пагаршацца пасля таго, як у чэрвені Лукашэнка прыгразіў спыніць супрацоўніцтва па пытаннях іміграцыі і арганізаванай злачыннасці ў адказ на новыя эканамічныя санкцыі ЕЗ», – адзначае бельгійскае выданне і праводзіць паралелі паміж дзеяннямі дыктатара і аналагічнай тактыкай ціску на ЕЗ з боку Марока ў іспанскім анклаве Сеута і дзеяннямі Турцыі ў дачыненні да Грэцыі ў апошні час.
З вывадам міжнароднага кантынгенту з Афганістана, які распачаўся яшчэ ў траўні, абстаноўка ў краіне ў плане бяспекі значна пагоршылася. Ісламісты з шэрагаў Талібану ўжо паставілі пад свой кантроль каля 90 з 400 раёнаў краіны. Еўрапейскія СМІ разважаюць пра тое, ці ёсць наогул сэнс у падобных ваенных місіях і якія ёсць шанцы на поспех.
«Разам з іншымі саюзнікамі Румынія таксама прыняла рашэнне аб вывадзе сваіх вайскоўцаў з Афганістана. І вось цяпер настаў час задаваць нязручныя пытанні”, – піша румынскае выданне Adevărul.
«Хто і чаму прыняў у свой час рашэнне аб працягу місіі без якіх бы там ні было разумных перспектыў? Мы павінны задаць гэтае пытанне на нацыянальным узроўні палітычным лідарам, якія нясуць адказнасць за прыняцце гэтага рашэння, а таксама ваеннаму кіраўніцтву. Можа быць, імі рухаў страх, і ў іх былі для гэтага свае прычыны. У рэшце рэшт, хто такія румыны, каб нешта там казаць, калі амерыканцы ўжо прынялі рашэнне? Ці зможам мы хоць бы адным вокам зазірнуць у афіцыйны аналіз міністэрства абароны па афганскім эпізодзе? Ну хоць бы постфактум!», – заклікае румынскае выданне.
Кітай адзначае стагоддзе Камуністычнай партыі. Адзінаўладнае праўленне партыі афіцыйна замацавана ў канстытуцыі краіны. З 2012 года партыю ўзначальвае Сі Цзіньпін, які з 2013 года з’яўляецца таксама і кіраўніком дзяржавы, для якога было знята абмежаванне на колькасць тэрмінаў знаходжання ва ўладзе. Вонкава партыя дэманструе сваю непераможнасць, але еўрапейскія журналісты задаюцца слушным пытаннем, ці так яно насамрэч.
«КПК толькі здаецца моцнай і магутнай», – піша брытанская газета The Guardian.
«Многія рабілі стаўку на тое, што партыя асуджана на правал, і прайгралі. Ні нацыяналісты пад правадырствам Чана Кайшы, ні свабодны рынак, ні Інтэрнэт не змаглі знішчыць партыю. Праўдзівы ўрок, які можна атрымаць з гісторыі поспеху КПК, заключаецца ў тым, што ніхто не ў сілах прадказаць, што ж будзе далей. І Камуністычная партыя гэта выдатна ўсведамляе. Заснаваная стагоддзе таму з мэтай змяніць мысленне і лёс кітайскага народу, партыя па-ранейшаму не ў стане даць гэтаму народу праўду, свабоду слова і даць яму права самому абіраць сваіх палітычных лідараў», – рэзюмуе брытанскае выданне.
Новы закон, прыняты ў Францыі, забяспечыць усім жанчынам права на бясплатную дапамогу ў справе штучнага зачацця. Раней заканадаўства не давала падобнай магчымасці аднаполым парам або жанчынам без партнёра. Дэбаты з нагоды дадзенага закона аб біяэтыцы вяліся ў парламенце краіны на працягу двух гадоў. Тым не менш, знойдзенае парламентарыямі рашэнне не знайшло адназначнага адабрэння ў мясцовай і міжнароднай прэсе.
«Мужчыны таксама павінны атрымаць магчымасць бесперашкодна рэалізоўваць сваё жаданне мець нашчадкаў», – піша французская газета Liberation.
«Цяпер, калі Нацыянальны сход падараваў права на штучнае апладненне ўсім жанчынам, мы павінны ўспомніць аб тым, што гендарнае раўнапраўе ў плане бацькоўства стане магчымым толькі ў тым выпадку, калі будзе легітымізавана і сурагатнае мацярынства. Дзеля таго, каб усе мелі права задаволіць жаданне мець дзіця, як і права перадаваць іншым далей свае гены», – іранізуе французскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка