Агляд прэсы: Вялікія чаканні
Расейская ядзерная зброя можа знаходзіцца ў Асіповіцкім раёне. Як перамагчы ХАМАС? Пуцін з візітам у Сі. Што змена ўрада ў Варшаве прынясе Еўропе? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Да высновы, што расейская ядзерная зброя можа знаходзіцца ў Асіповіцкім раёне, прыйшлі аўтары рэпартажу ў адным з найбуйных і ўплывовых амерыканскіх медыя The Wall Street Journal.
«Пад час аналізу спадарожнікавых здымкаў і матэрыялаў беларускіх дзяржСМІ, у прыватнасці «ВаенТВ» і АНТ, увагу журналістаў прыцягнула адна з пляцовак у Асіповіцкім раёне, якая год таму была пакрыта лесам, а ў маі 2023-га — расчышчана і абнесена двайной загародай. Такі ж бар’ер, як зазначаецца, узведзены вакол расейскага сховішча ядзернай зброі ў Калініградскай вобласці. Таксама ў Асіповіцкім раёне, на думку аўтараў рэпартажу, могуць знаходзіцца і патэнцыйныя носьбіты ядзернай зброі – аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы «Іскандэр», – адзначае амерыканскае выданне.
Пасля крывавага тэрарыстычнага нападу ісламістаў ХАМАС на Ізраіль еўрапейскія СМІ па большай частцы адзіныя ў тым меркаванні, што пакуль гэтая ўзброеная групоўка кантралюе сектар Газа, ніякага міру паміж ізраільцянамі і палестынцамі не будзе. Аднак гэтак жа зразумела і тое, што ў сілу надзвычай шчыльнай забудовы гэтай тэрыторыі яе немагчыма вызваліць ад хамасаўцаў без таго, што будзе закранута таксама і вялікая колькасць грамадзянскіх асоб. «Калі ставіцца мэта ліквідаваць ХАМАС, то ахвяр не пазбегнуць», – такі каментар заграбскай газеты Jutarnji list.
«Ці можна, улічваючы непазбежную гібель дзяцей, жанчын і старых, адмовіцца ад ліквідацыі тэрарыстычнай групоўкі, якая не перастане забіваць яўрэяў і замежнікаў у Ізраілі і не перастане мучыць сваё ўласнае насельніцтва, бо мяркуе, што мае на гэта нейкае рэлігійнае права? Напад на ХАМАС, пры ўсіх жахлівых наступствах, да якога яно можа прывесці ў сектары Газа, будзе апраўданым, калі пасля палестынцы і ізраільцяне змогуць выбудаваць устойлівую мадэль суіснавання, з якога будуць выключаныя тэрарысты – на балазе ўсіх, хто пражывае ў гэтым рэгіёне», – адзначае харвацкае выданне.
У аўторак і сераду ў Пекіне прайшлі святкаванні ў гонар дзесятай гадавіны ўстановы гандлёвага праекта Пояс і шлях (таксама вядомы як Новы шаўковы шлях). Сярод гасцей, якія прыбылі з каля 140 краін свету, былі прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін і прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан. «Праект Шаўковага шляху ўсё больш муціруе ў бок альтэрнатыўнай мадэлі светаўладкавання», – канстатуе нямецкая газета Stuttgarter Zeitung.
«Кітай, найбуйнейшая з усіх краін, якія развіваюцца, прапануе краінам на ценявым баку зямнога шара свае парады, падтрымку і дапамогу. Вядома, не абавязкова падзяляць гэты пункт гледжання – але ён шырока распаўсюджаны сярод адпаведных краін. Замест глабальнага, адзінага гандлю зараз існуе рызыка таго, што свет – па аналогіі з ваеннымі і палітычнымі альянсамі – падзеліцца на гандлёвыя блокі, кожны з якіх будзе абазначаць зону сваіх інтарэсаў і ўплыву. Праект Еўразвяза пад назвай Global Gateway, а таксама рашэнне аб рэалізацыі сумеснага праекта паміж Індыяй, Еўропай і ЗША, прынятае на нядаўнім саміце Вялікай дваццаткі, з’яўляюцца пальчаткай, кінутай у бок Кітая», – піша нямецкае выданне.
Хоць паводле афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў у Польшчы правакансерватыўная партыя Права і справядлівасць і атрымала больш галасоў, чым іншыя партыі, гэтага ўсё ж недастаткова для фармавання новага ўрада. Затое кіруючую кааліцыю могуць сфарміраваць апазіцыйныя сілы: ліберальная Грамадзянская кааліцыя Дональда Туска, альянс Трэці шлях – рух цэнтрысцкага і экалагічна-кансерватыўнага кшталту і партыя Левыя. «Калі ЕЗ не перастане ўмешвацца ў справы Польшчы, нацыянал-кансерватыўныя сілы толькі прадоўжаць свой уздым», – спяшаецца адзначыць лонданская газета The Daily Telegraph.
«Умяшанне Еўразвяза ва ўнутраную палітыку Польшчы было адной з прычын таго, чаму справы ПіС ішлі так добра на працягу васьмі гадоў. На працягу ўсяго гэтага часу Еўракамісія неаднаразова абвінавачвала Варшаву ў невыкананні «вяршэнства права» у тым выглядзе, у якім яго ўяўляе сабе Брусель. З пункту гледжання ПіС, гэтае пытанне было ўнутранай справай Польшчы. Ці зможа Дональд Туск утаймаваць свае еўракратычныя інстынкты, з тым каб спыніць умяшанне ў суверэнітэт яго краіны? Калі не, то тэрмін яго знаходжання на сваёй пасадзе можа апынуцца зусім нядоўгім», – наракае брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя