Агляд прэсы: Вяртанне да двуборства



Падрыў дарогі «Трох сясцёр» – Беларусі, Расеі і Украіны. Швецыя прыняла новы антытэрарыстычны закон. Гішпанія: правыя на ўздыме. Наколькі небяспечны штучны інтэлект? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

На 461-ы дзень вайны, якая павінна была скончыцца ўзяццем Кіева за тры дні з канчатковым вырашэннем украінскага пытання, расейцы падарвалі дарогу каля манумента „Тры сястры”. Манумент знаходзіцца на стыку межаў трох краін – Украіны, Беларусі і Расеі і некалі сімвалізаваў канцэпцыю «трыадзінства народаў». «Сімвалізм гэтай падзеі настолькі зашкальвае, што яе можна назваць эпахальнай. Тут жа знаходзіцца пагранпераход «Сянькоўка». Праз яго ў ноч на 24 лютага ва Украіну на Кіеў зайшла калона расейскай вайсковай тэхнікі. Наступленне бяздарна правалілася, але ўвайшло ў гісторыю Бучанскай разнёй жахароў Ірпеня і Гастомеля. Цяпер, баючыся наступлення ўкраінскіх танкаў у зваротным напрамку, расейцы падрываюць дарогі», – піша расейскае незалежнае выданне Graniru.

Пасля дэакупацыі Чарнігаўскай вобласці, палі былі абтыканы драбамі ракет, зямля была ўсеяная касетнымі боепрыпасамі, у дварах, дзе яшчэ памятаюць прыход «фашыстаў» Другой сусветнай, тырчаць неразарваныя ракеты сучаснай вайны. Абстрэлы былі настолькі інтэнсіўнымі, што сюды не маглі прыехаць сапёры і ратавальнікі. Па той жа прычыне не быў дэмантаваны манумент „Тры сястры”, хаця такое рашэнне прыняла адміністрацыя Чарнігаўскай вобласці. Тым больш сімвалічна, што яго дэмантаж фактычна распачалі расейцы. Украіна – не «брат» і не «сястра», а канкурэнт Расеі. У той жа час Беларусь працягвае знаходзіцца ў стане блажэннага ідыятызму, нібы бачачы адзін просты шчаслівы сон. Не паспеў Лукашэнка змяніць кіраўніка пагранслужбы, на беларуска-ўкраінскай мяжы папёр крэатыў. Беларускія пагранічнікі сталі круціць аўдыёпаведамленне аб «баршчах-суседзях» і «баршчах-сваяках». «Ваш боршч вельмі адрозніваецца ад нашага. Ешце самі, не падавіцеся», – адказала ўкраінская пагранслужба. Усё гэтае «трыадзінства» і без таго было вымарачнай імперскай канцэпцыяй. Зараз яе разарвала ў пыл. Імперыя хавае сваіх мерцвякоў», – канстатуе расейскае незалежнае выданне.

***

У Швецыі набыў сілу новы закон аб барацьбе з тэрарызмам. Любая падтрымка, арганізацыя і фінансаванне тэрарыстычных груп, у лік якіх на ўзроўні ЕЗ, куды ўваходзіць і Рабочая партыя Курдыстана, зараз з’яўляецца крымінальным злачынствам. Стакгольм спадзяецца на тое, што новая мера ліквідуе супрацьдзеянне з боку Анкары ўступленню Швецыі ў НАТА. Аглядальнікі настроены скептычна. Нямецкая газета Süddeutsche Zeitung не хавае сваіх асцярог.

«Курдская абшчына Швецыі зараз знаходзіцца ў страху, роўна як і турэцкія апазіцыянеры, якія ўцяклі ад Эрдагана. Да гэтага часу Швецыя паслядоўна дзейнічала ў адпаведнасці з прынцыпам вяршэнства права. Любы, у каго ёсць від на жыхарства, хто атрымаў прытулак ці нават ужо з’яўляецца грамадзянінам Швецыі, не падлягае экстрадыцыі. Застаецца толькі спадзявацца на тое, што вакол НАТА кансерватыўны ўрад на чале з Ульфам Крыстэрсанам не будзе выпускаць з-пад увагі прынцыпы вяршэнства права, як яно не выпускае з-пад увагі патрабаванні дэспата, які засеў на Басфоры», – падкрэслівае нямецкае выданне.

***

На рэгіянальных і муніцыпальных выбарах у Іспаніі перамогу атрымала кансерватыўная Народная партыя, якая атрымала 31,5 адсоткі галасоў. На другім месцы – сацыялісты пад кіраўніцтвам дзейнага прэм’ер-міністра Пэдра Санчэса, якія набралі 28,2 адсоткі. На трэцяе месца выйшла ўльтраправая партыя Vox. З прычыны пагаршэння вынікаў левых сіл прэм’ер-міністр прыняў рашэнне аб правядзенні датэрміновых выбараў і ўжо аб’явіў іх дату – зараз галасаванне адбудзецца не ў снежні, як раней планавалася, а ўжо 23 ліпеня. Прэса разважае аб пераменах у палітычным ландшафце краіны і аб уздыме правых сіл у Еўропе. «Сітуацыя, калі аўтарытарныя нацыяналістычныя рухі становяцца часткай палітычнага мэйнстрыму, назіраецца не толькі ў Гішпаніі», – адзначае брытанская газета The Guardian.

«Выбары, якія адбудуцца ўлетку ў Гішпаніі, будуць мець сур’ёзныя наступствы і для Еўропы ў цэлым. Пераважная большасць іспанцаў не гарыць жаданнем бачыць партыю Vox ва ўладзе ці нават побач з ёй. Аднак апошнія выбары ў Італіі, Швецыі і Фінляндыі паказалі, што схільныя да аўтарытарызму нацыяналісты, якія імкнуцца разгойдваць антыімігранцкія настроі, раздзімаць культурныя войны і ўразаць правы жанчын і меншасцяў – гэта не нейкі часовы збой сістэмы, але фактар, які будзе фармаваць будучыню палітыкі у Заходняй Еўропе», – папярэджвае брытанскае выданне.

***

Шэраг вядучых экспертаў у галіне штучнага інтэлекту апублікавалі зварот, у якім яны ўказваюць на небяспекі, якія нясе з сабой гэтая тэхналогія, і параўноўваюць патэнцыйныя рызыкі з пандэміяй і ядзернай вайной. Сярод падпісантаў звароту – Сэм Олтмэн, кіраўнік кампаніі OpenAI, якая распрацавала ChatGPT. Ён прапануе стварыць міжнароднае ведамства па кантролі над ШІ па аналогіі з МАГАТЭ. На думку нямецкага часопіса Der Spiegel, перасцярогі экспертаў накіраваны перш за ўсё на тое, каб загадзя зняць з сябе ўсякую адказнасць.

«Штучны інтэлект – рэч магутная, і верагоднасць таго, што можа адбыцца нешта нядобрае, вельмі высокая. А значыць, усім, хто звязаны з яго стварэннем і прымяненнем, куды больш практычна адразу сыграць ролю ўсёведуючай Касандры, паколькі ў вачах грамадскасці той, хто папярэджвае, рэдка аказваецца вінаватым. Падобныя перасцярогі з боку эліты са сферы распрацовак штучнага інтэлекту па меншай меры збольшага перакладаюць адказнасць на плечы палітыкаў. Калі нешта раптам здарыцца, то можна будзе сказаць: «Мы рэкамендавалі вам увесці належнае рэгуляванне, але вы пальцам аб палец не ўдарылі , што ж, зараз пажынайце плады», – гіранізуе нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.