Агляд прэсы: выбар шляхоў



Прэм’ер-міністр Літвы пра мігрантаў з Беларусі: «Гэта еўрапейская праблема». Афганістан: што чакае краіну пасля вываду войскаў Захаду? Куды далей рухацца Еўразвязу? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Прэм’ер-міністр Літвы Інгрыд Шыманітэ распавяла ў інтэрв’ю нямецкай газеце Frankfurter Allgemeine Zeitung пра наплыў сотні мігрантаў з Беларусі і засцярогах з нагоды беларуска-расейскай атамнай электрастанцыі.

«За гэты год на літоўскай мяжы ўжо былі затрыманыя 1363 мігранты, якія незаконна пракраліся ў краіну праз Беларусь. Іх канчатковая мэта – не Літва. Яны ўжо адправілі пашпарты ў краіны прызначэння, хутчэй за ўсё, у Нямеччыну, Швецыю і некаторыя іншыя. Так што гэта еўрапейская праблема. Мы павінны размаўляць з краінамі паходжання мігрантаў, у тым ліку на еўрапейскім узроўні. З Іракам, афрыканскімі краінамі,  Турцыяй. Толькі вельмі невялікі адсотак такіх мігрантаў можа даказаць, што яны падвяргаліся палітычным пераследам. У адрозненне ад сотняў беларусаў, якія беглі да нас», цытуе прэм’ер-міністра нямецкае выданне.

Таксама Frankfurter Allgemeine Zeitung  змяшчае каментар прэм’ер-міністра Літвы аб БелАЭС: «Новая беларуская Астравецкая АЭС, размешчаная вельмі блізка да нашай мяжы, яна вырабляе электраэнергію і нядаўна атрымала неабходныя дазволы. Але без вяршэнства закона на такія працэдуры нельга спадзявацца. Нашы законы забараняюць нам купляць там электраэнергію».

На фоне вываду войскаў ЗША і НАТА з Афганістана сваю ўладу і ўплыў у краіне пашыраюць талібы. За апошні час яны падпарадкавалі сабе дзесяць раёнаў на поўдні краіны і ўзялі ў атачэнне практычна ўсе буйныя гарады. На днях пасля працяглых баявых дзеянняў 1037 ваеннаслужачых афганскай арміі перайшлі мяжу з Таджыкістанам. Прэса піша пра тое, што гісторыя ў чарговы раз паўтараецца, і малюе вельмі сумныя перспектывы.

Ірландская газета The Irish Times праводзіць гістарычныя паралелі:

«Кабул цяпер нагадвае Сайгон пасля сыходу ЗША з В’етнаму: горад у нярвовым напружанні чакае непазбежнага – хвалі, якая хутка яго захлыне. Пашпартныя сталы працуюць на мяжы магчымасцяў, гуманітарныя арганізацыі вывозяць сваіх замежных супрацоўнікаў, кампаніі і прадпрыемствы закрываюць свае філіялы, а людзі, якія супрацоўнічалі з ЗША, з нецярпеннем чакаюць адказу, ці змогуць яны пакінуць краіну разам з кантынгентам, які сыходзіць. Ілюзія бяспекі, якая ўзнікла на фоне прысутнасці ў краіне амерыканцаў, у сыход якіх мясцовыя лідары ніколі па-сапраўднаму не верылі, прывяла да таго, што ў краіне застаецца вельмі слабы ўрад і армія, якая наўрад ці ў стане даць дзейсны адпор куды больш рашучым і мабільным талібам».

Прэм’ер-міністр Славеніі Янэз Янша прадставіў у Еўрапарламенце праграму старшынства сваёй краіны ў ЕЗ. Упор у ёй робіцца на такія пытанні, як пераадоленне каронакрызісу і барацьба з кібератакамі, лічбавізацыя і абарона клімату. З прычыны сумнеўнага настрою Яншы ў дачыненні да прынцыпаў дэмакратыі і барацьбы са змяненнем клімату, а таксама блізкасці славенскага прэм’ера да Віктара Орбана, яго прамову чакалі з вялікім нецярпеннем.

«Гэта быў старанна прадуманы выступ, нацэлены на тое, каб звязаць рукі супернікам», піша італьянская газета Corriere della Sera.

«На гэты раз ніякай палемікі ці нападак на СМІ і правасуддзе, а цалкам інстытуцыянальны профіль і размова на чаканыя тэмы: Еўразвяз, аднаўленне пасля пандэміі, асноўныя правы грамадзян, прававая дзяржава, пашырэнне ЕЗ на Заходніх Балканах. І ўсё гэта, зразумела, з «павагай да наяўных адрозненняў». Янэз Янша, паплечнік Віктара Орбана і фанат Дональда Трампа, палічыў за лепшае пакінуць свой касцюм палітыка-правакатара ў Любляне, і для Еўрапарламенту ў Страсбурзе прымерыў маску нацыянал-кансерватыўнага лідара, члена Еўрапейскай народнай партыі, які верыць у Еўропу і наўмысна «ўзводзіць масты», – іранізуе італьянскае выданне.

Краіны Еўропы выйшлі на адно з першых месцаў у свеце па долі вакцынавання насельніцтва. У апошні час, аднак, тэмпы вакцынацыі некалькі знізіліся: шмат хто не з’яўляюцца на прыём. Лета і нізкая статыстыка новых заражэнняў не спрыяюць жаданню прышчапляцца. Аглядальнікі заклікаюць да пачуцця адказнасці грамадзян, але пры гэтым задаюцца пытаннем, дзе пачынаецца і дзе заканчаецца асабістая свабода.

Чэшская газета Deník раіць уладам дзейнічаць рашуча і жорстка.

«Існуе меркаванне, што, маўляў, абавязковая вакцынацыя – гэта таталітарны падыход. Мы жывём ва ўмовах свабоды і, здавалася б, кожны мае права сам прымаць рашэнне. Аднак свабода толькі тады з’яўляецца свабодай, калі грамадзяне таксама нясуць адказнасць. Адсутнасць цікаўнасці да вакцынацыі сведчыць аб тым, што значная частка нашага грамадства не гатовая весці сябе адказна. І тут перад дэмакратычнай дзяржавай стаіць задача заахвоціць сваіх адказных грамадзянаў і стварыць нявыгадныя ўмовы для безадказных. Прыкладам таму можа паслужыць Славакія: там адпраўляюць у каранцін усіх непрышчэпленых, якія ўязджаюць у краіну. І ўсе неабходныя тэсты яны павінны аплачваць з уласнай кішэні», дае параду чэшскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка