Агляд прэсы: выбар заўсёды маецца
Украіна байкатуе чэмпіянат свету па дзюдо праз уключэнне Расеі і Беларусі. Якія шанцы Джо Байдэна ў прэзідэнцкай гонцы? Турцыя напярэдадні выбараў. Вынікі візіту Папы рымскага ў Будапешт. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Кіеў заяўляе, што «большасць» расейскіх дзюдаістаў з’яўляюцца «дзейнымі вайскоўцамі» арміі. А таму ўкраінскія спартсмены не будуць удзельнічаць у чэмпіянаце свету па дзюдо ў Катары на наступным тыдні, таму што камандам Расеі і Беларусі дазволена выступаць пад нейтральным сцягам, – піша еўрапейскае выданне politico.eu.
«Рашэнне Міжнароднай федэрацыі дзюдо (IJF) на мінулым тыдні дазволіць расейскім і беларускім спартсменам удзельнічаць у спаборніцтвах супярэчыць пазіцыі Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) у дачыненні да нейтральных спартсменаў, бо многія з іх былі актыўнымі ўдзельнікамі расейскага войска, якое ўварвалася ва Украіну. МАК рэкамендаваў, каб расейскія і беларускія спартсмены маглі ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе пад нейтральным сцягам. Аднак, спартсмены, якія знаходзяцца па кантракце ва ўзброеных сілах гэтых краін або якія актыўна падтрымліваюць уварванне ва Украіну, павінны быць выключаны», – падкрэслівае еўрапейскае выданне.
***
Рэйтынг Джозэфа Байдэна ўпаў да мінімуму з моманту інаўгурацыі, яго працу на пасадзе прэзідэнта ЗША ўхваляюць 37% грамадзян. 59% рэспандэнтаў аказаліся незадаволеныя дзейным кіраўніком дзяржавы, астатнія не далі адказу. Раней амерыканскі лідар аб’явіў, што вылучае сваю кандыдатуру на ўдзел у выбарах 2024 года. «Афіцыйнае ўступленне Джо Байдэна ў прэзідэнцкую кампанію ставіць пытанне, ці з’яўляюцца ЗША краінай для старых», – піша амерыканскае выданне Politico. «Прэзідэнт у свае 80 гадоў – самы сталы кіраўнік дзяржавы ў гісторыі Амерыкі. А яго рашэнне балатавацца яшчэ на адзін тэрмін стварае перадумовы для магчымага матча-рэваншу з Дональдам Трампам, якому праз два месяцы споўніцца 77. Але большасць дэмакратаў лічаць, што Байдэн усё яшчэ гатовы да працы, а перадвыбарная гонка 2020 года ясна паказала: выбаршчыкам больш камфортна бачыць сталых людзей на кіруючых пасадах, няхай гэта будзе ў палітыцы ці бізнэсе», – канстатуе амерыканскае выданне.
***
14 траўня Турцыя будзе абіраць новы парламент, а заадно і новага прэзідэнта. Паводле звестак апытанняў, у лідары выбіўся кандыдат ад апазіцыі – старшыня Рэспубліканскай народнай партыі Кемаль Кылычдараглу. Ці ўдасца альянсу апазіцыйных сіл, які ён узначальвае, адолець дзеючага прэзідэнта Рэджэпа Тайіпа Эрдагана і яго Партыю справядлівасці і развіцця? «На гэтых выбарах дзейны прэзідэнт наўрад ці можа разлічваць на падтрымку выбаршчыкаў-курдаў, з якіх перш за яго галасавала добрая траціна», – мяркуе харвацкая газета Jutarnji list.
«Згодна з ацэнкамі, група выбаршчыкаў, перш лаяльная ПСР і Эрдагану, цяпер ад іх адварочваецца: з-за цяжкай сітуацыі ў эканоміцы, няўхільнай дэвальвацыі ліры, высокай інфляцыі, якая прабіла адзнаку ў 50 працэнтаў, катастрафічна правальнай рэакцыі ўладаў на лютаўскі землятрус у курдскіх раёнах, а таксама ў цэлым з-за незадаволенасці праўленнем «султана» і яго ўрада пасля няўдалага перавароту ў ліпені 2016 года. Акрамя таго, на курдскую абшчыну аказваецца моцны ціск. Важную ролю адыгрывае і пратэст маладых выбаршчыкаў, якія не бачылі ля руля краіны нікога, акрамя Эрдагана, і таму жадаюць пераменаў», – адзначае харвацкае выданне.
***
Папа рымскі завяршыў апостальскі візіт у Венгрыю. На імшы ў Будапешце ён заклікаў маліцца за рускі і ўкраінскі народы. «Папа Францішак прытрымліваецца зусім іншых поглядаў, чым тыя, хто сёння спрабуе «запрэгчы яго ў свой воз», – адзначае венгерская газета Népszava.
«Праўладныя лідары меркаванняў хацелі б прадставіць візіт Папы падзеяй найперш палітычнай. Яны жадаюць прадэманстраваць Ватыкану і ўсяму свету, што, маўляў, глядзіце ўсе, якая мы хрысціянская нацыя, але ў той жа самы час яны адгароджваюцца ад усіх іншых! Як бы там ні было, Папа Францішак – сапраўдны і праўдзівы паслядоўнік Хрыста. Ён ужо не раз асуджаў разнастайныя ідэалогіі, якія вядуць да дыскрымінацыі чалавека. Ён крытыкаваў папулізм і «галасы сірэн», якія на ўсе лады апяваюць яго. Таксама ён крытыкаваў і суверэнітызм, які, па сутнасці, з’яўляецца любімай мантрай венгерскага ўрада», – падкрэслівае венгерскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.