Агляд прэсы: выбар зроблены



 Як «сюжэт дзяржаўнага перавароту» ў дзіўнай Беларусі мае ўсе прыкметы класічнай крамлёўскай драмы. Дзень Зямлі як падстава задумацца аб глабальным лёсе планеты. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

„У дыктатара праблемы, але, як гэта часта бывае ў былым Савецкім Саюзе, пры больш пільным разглядзе за ўсякім вар’яцтвам стаіць метад», – піша амерыканскае выданне Atlantic Council пра прэтэнзію Лукашэнкі пра быццам бы змову, якая была ўхвалена «вышэйшым палітычным кіраўніцтвам» ЗША, і па слядах якой Федэральная служба бяспекі Расеі арыштавала двух беларусаў, у тым ліку аднаго з грамадзянствам ЗША, і абвінаваціла іх у падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту 9 траўня падчас параду да Дня Перамогі ў Менску.

«КДБ Беларусі заявіў, што меркаваная змова паходзіць з анлайн-дыскусіі праз Zoom. Навіна пра «змову аб дзяржаўным перавароце» з’явіліся ў той момант, калі Лукашэнка рыхтаваўся наведаць Маскву для перамоваў з Пуціным. Напярэдадні візіту Лукашэнкі і сам Пуцін выказаўся аб змове ў ваяўнічым ключы», – канстатуе Atlantic Council і прыводзіць здагадку аб тым, што нейкая форма больш глыбокай інтэграцыі Расеі і Беларусі можа быць непазбежнай.

«Мэта Масквы – павялічыць ізаляцыю Беларусі ад Захаду і павялічыць залежнасць ад Расеі. Крамлю важна выключыць любую спробу Лукашэнкі вярнуцца да сваёй гульні паміж Масквой і Захадам, якая вялася да жніўня 2020 года і давала максімальную ступень геапалітычнай гнуткасці», – рэзюмуе амерыканскае выданне. – Мэта Захаду – не купляцца на такую стратэгію Крамля».

Многія палітычныя «цяжкавагавікі» дачакаліся Дня Зямлі – 22 красавіка – для таго, каб зрабіць шматабяцаючыя заявы. Такім чынам, ЕЗ мае намер знізіць выкіды СО2 да 2030 года на цэлых 55 адсоткаў замест заяўленых у 1990 годзе 40%. Прэзідэнт ЗША Байдэн запрасіў 40 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў на саміт па пытаннях зменаў клімату для таго, каб паскорыць дасягненне глабальных мэтаў па зніжэнні выкідаў вуглякіслага газу. Але для еўрапейскай прэсы ўсяго гэтага відавочна недастаткова.

«Барацьба са зменай клімату павінна весціся на міжнародным узроўні – і такімі ж хуткімі тэмпамі, як і барацьба супраць COVID-19», – лічыць ірландская газета Irish Examiner.

«Калі разглядаць нашу рэакцыю на пандэмію як мадэль адказу на кліматычны калапс, то можна зрабіць нямала высноваў. Мы адрэагавалі хутка і рашуча, але маштабнасць кліматычных зменаў для нас пакуль не ясная, а таму мы дагэтуль знаходзімся ў фазе нашэння масак і ўвядзення лакдаўнаў. COVID-19» забраў жыцці больш за трох мільёнаў людзей, але пагроза кліматычнай катастрофы таксама паставіла на кон вельмі і вельмі многія чалавечыя жыцці. Нам неабходна адпаведным чынам адрэагаваць на гэтыя лічбы і сур’ёзную, нераўнамерна размеркаваную небяспеку. У рэшце рэшт, супраць зменаў клімату не існуе вакцыны», – піша ірландскае выданне.

 З прычыны сітуацыі ў Украіне, а таксама напружанасці ў стасунках паміж Расеяй, з аднаго боку, і ЕЗ і ЗША – з другога, пасланне Пуціна Федэральнаму Сходу сёлета ўсе чакалі з асаблівай цікавасцю. Аднак ніякіх заяў аб радыкальных рашэннях з боку прэзідэнта не прагучала. Яго прамова была сканцэнтравана на пытаннях сацыяльнай і эканамічнай палітыкі.

Як адзначае „Эхо Москвы”, гэта той рэдкі выпадак, калі пустата і бессэнсоўнасць сталі добрай навіной:

«Чакалі, што Расея праглыне Беларусь – нездарма ж Лукашэнка да нас прыедзе. Чакалі прызнання ДНР і ЛНР і вайны з Украінай – нездарма ж Савет Федэрацыі экстранна збіраюць. Чакалі, што мы вышлем усіх дыпламатаў усіх краін. Чакалі бяды, карацей кажучы. А прэзідэнт як быццам чыжыка з’еў. Адлягло. Нават рубель умацаваўся на фоне парожніх абзацаў», – іранізуе расейскае выданне.

З 15-га траўня Грэцыя будзе зноў адкрыта для турыстаў. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр краіны Кірыякас Міцатакіс. Адпаведна, абмежаванні, звязаныя з каронавірусам, на працягу наступных тыдняў будуць аслабленыя. Так, рэстарацыям і кавярням ужо дазволена адкрыцца з 3-га траўня. СМІ не ў захапленні ад падобнага павароту падзей.

Грэцкае выданне TVXS не верыць сваім вачам:

«Урад пад кіраўніцтвам партыі «Новая дэмакратыя» зусім не вучыцца на сваіх памылках. Ужо другі раз сёлета наступае на тыя ж граблі, а менавіта: адкрывае дзверы замежным турыстам. У першы раз гэта мела месца мінулым летам. У краіне без асаблівай эпідэміялагічнай нагрузкі ўрад вырашыў адкрыць межы, не забяспечыўшы мераў засцярогі і якіх-небудзь умоваў. Тым самым ён адкрыў дзверы вірусу, што вылілася ў тысячы выпадкаў заражэнняў. І вось зноў узяліся за старое. У краіне, якая за апошнія тры тыдні знаходзіцца на першым месцы ў Еўропе па колькасці смяротных выпадкаў на мільён жыхароў, улады вырашылі змякчыць абмежаванні і адмяніць забароны, каб не даць прасесці турызму».

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка