Агляд прэсы: выбар зроблены
Лукашэнка абраў Маскву. Як падзеі 9-га верасня змянілі свет. Вынікі візіту Папы Рымскага Францыска ў Венгрыю. У Сальвадоры біткойн прызнаны другой валютай. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
У ходзе сваёй сустрэчы ў Маскве Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка ўзгаднілі 28 праграм Саюзнай дзяржавы, якія павінны садзейнічаць уніфікацыі палітыкі абедзвюх краін у фінансавай і эканамічнай сферах. Прыняцце саюзных праграм Масква і Менск абмяркоўвалі ўжо на працягу многіх гадоў. На думку аглядальнікаў, гэты ход Пуціна і Лукашэнкі можна разглядаць як першы крок на шляху да стварэння адзінай дзяржавы; Еўропа таксама ўнесла сваю лепту.
«Залежнасць не абавязкова павінна быць аформлена афіцыйна», – трапна адзначае нямецкая газета Der Tagesspiegel:
«Еўразвяз не такі ўжо наіўны. Там цудоўна разумелі, што ўзмацненне санкцый паставіць Лукашэнку перад выбарам: альбо змена курсу, новыя выбары і збліжэнне з Захадам, альбо дыктатарскі хаўрус з Пуціным. Лукашэнка абраў Маскву. Ён лічыць гэта найлепшым варыянтам у плане захавання сваёй улады. Сапраўдная ўлада ў Беларусі знаходзіцца ў руках Пуціна. Гэта не абавязкова азначае, што аб’яднанне з Расеяй рушыць услед бліжэйшым часам. Пуцін можа пакінуць Беларусь фармальна незалежнай, і пры гэтым раз-пораз дэманстраваць тое, што Лукашэнка ад яго цалкам залежыць», – падкрэслівае нямецкае выданне.
Мінула 20 гадоў з дня тэрактаў 11 верасня 2001 года. Падзеі тых дзён выклікалі вайну супраць тэрарызму і ваеннае ўварванне ЗША ў Афганістан. Дзень 11 верасня адзначыў сабой не толькі змену парадыгмы ў геапалітычным плане. СМІ свету канстатуюць значныя змены палітычнага, грамадскага і эканамічнага жыцця.
«Сачэнне за грамадзянамі з боку дзяржавы пачалася, вядома, не 11-га верасня», – піша партугальская газета ECO.
«Аднак менавіта гэтыя падзеі легітымізавалі і глабалізавалі гэты падыход, і пацягнулі за сабой непрадказальныя тады наступствы, а менавіта: дамінаванне ў сусветнай лічбавай эканоміцы амерыканскай мадэлі. Еўрапейцы доўга не маглі пераадолець наіўнай ідэі аб тым, што гэта будзе спрыяць міжнароднаму супрацоўніцтву. На справе ж гэта стала эфектыўным інструментам для ўсталявання эканамічнай гегемоніі ЗША. У лічбавай эканоміцы, якая тады фармавалася, амерыканскія IT-гіганты бесперашкодна заслупавалі за сабой вядучыя пазіцыі. Злоўжываючы сваім пануючым становішчам на рынку, гэтыя кампаніі праглынулі звыш 800 сваіх канкурэнтаў, а яшчэ столькі ж кампаній было проста знішчана», – адзначае партугальскае выданне.
З нагоды міжнароднага Эўхарыстычнага кангрэсу, які праходзіць у Будапешце, Папа Рымскі Францыск наведаў Венгрыю. Ён прыняў удзел у масавым набажэнстве пад адкрытым небам і правёў кароткія сустрэчы з прадстаўнікамі кіраўніцтва краіны, у тым ліку з прэм’ер-міністрам Віктарам Орбанам, пасля чаго адправіўся ў Славакію. Аглядальнікі адзінагалосны: ганарыцца гэтым візітам Орбану не варта.
Славацкая газета Dennik N таксама лічыць, што на візіце Папы Орбан палітычнага капіталу не заробіць:
«Францыск падкрэсліў значнасць такіх каштоўнасцяў, як адкрытасць і павага ў адносінах да людзей, сярод іншага ён казаў і пра небяспеку антысемітызму. Віктар Орбан, які выйграў на выбарах як раз за кошт адмаўлення дадзеных каштоўнасцяў, напэўна адчуваў сябе не ў сваёй талерцы, слухаючы гэтыя словы Папы Рымскага. Францыска няпроста выкарыстаць у сваіх мэтах. З арганізатарскага пункту гледжання візіт Папы Рымскага ў Венгрыю прайшоў нядрэнна. Але Орбану не ўдалося зарабіць на ім палітычных ачкоў, у адрозненне ад візіту радыкальнага аглядальніка Fox News, які з усёй моцы агітаваў за яго ў жніўні сёлета»,– іранізуе славацкае выданне.
Сальвадор першым сярод дзяржаў свету прызнаў біткойн у якасці афіцыйнай валюты. У сувязі з гэтым на мінулым тыдні ў краіне была запушчана новая электронная аплатная і абменная сістэма для крыптавалюты – электронны гаманец пад назвай Chivo. Сусветны банк, МВФ і рэйтынгавыя агенцтва скептычна ацанілі гэты крок сальвадорскіх уладаў. Сярод насельніцтва назіраліся пратэсты. Прэса падзялілася ў сваіх меркаваннях.
Брытанскі часопіс The Economist называе такое рашэнне вялікай памылкай:
«Закон, прасунуты прэзідэнтам Найібам Букель, які ператварае біткойн у афіцыйна прызнаную ў краіне валюту нароўні з далярам, мае дэспатычны характар. Ён прымусіць кампаніі прыняць біткойн у якасці сродку аплаты, хаця толькі нешматлікія з іх у гэтым зацікаўленыя. Паказальна, што ўвядзенне новага электроннага гаманца «Chivo» (што азначае «круты»), ужо спарадзіла блытаніну. Праграму прыйшлося прыпыніць на некалькі гадзін, паколькі серверы апынуліся перагружанымі. Ужо 7 верасня кошт біткойна ўпаў на дзесяць працэнтаў, толькі праз дзень пасля таго, як прэзідэнт Букель выдаткаваў мільёны даляраў з бюджэту краіны на набыццё чатырохсот токенаў», – заўважае брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка